Завяршылі бегавы сезон трэцімі

  • Мілана ТРАПЯНОК., Бярэзінская панарама 89 от 25 ноября 2017 24 ноября 2017 12:14 Спорт Беларуская

     

    У мінулыя выхадныя дні наш раён стаў шыкоўным месцам правядзення адкрытага Кубка Мінскай вобласці па спартыўным арыентаванні «Berezino Cup­-2017». Спаборніцтвы сталі апошнім этапам бегавога арыентавання адыходзячага 2017 года. За ўзнагароды ў гэтым відзе спорту змагаліся 30 каманд з розных куточкаў Беларусі, а таксама госці з Калінінграда, Бранска і Смаленска. У агульным ліку на старт выйшлі 280 чалавек.

    Зборную каманду Бярэзінскага раёна прадстаўлялі самыя вопытныя і юныя аматары спартыўнага арыентавання з ДУА «Турыстычны цэнтр «Юнацтва» ў складзе Дар’і Ванькевіч, Юрыя Вінцарэвіча, Віталія Вальковіча, Дзяніса Бурага, Ксеніі Гоза, Ільі Крушнага, Уладзіслава Комара, Вікторыі Карчашка, Паліны Ермаловіч, Марыны Курач, Міхаіла Сынкова і іншых.

    На вышэйшую ступень п’едэстала ў асабістым першынстве па спартыўным арыентаванні ўзняліся Эльвіра Абрамовіч і Арсеній Дзерачыц з СШ №2, Дзяніс Буры з Гарэніцкай СШ, другое месца занялі Кірыл Буры з Гарэніцкай СШ і Настасся Слабко з Капланецкай СШ, а трэцімі сталі Аляксандр Акуліч з Гарэніцкай СШ, Вольга Дзербан з СШ №2, Дар’я Ванькевіч з СШ №3, Юрый Вінцарэвіч з Пагосцкай школы.

    Ва ўзроставай групе М-­21 удзельнічалі 22 спартсмены, сярод якіх самым хуткім і спрытным аказаўся педагог дадатковай адукацыі ТЦ “Юнацтва” Міхаіл Сынкоў.

    У камандным заліку зборная Бярэзінскага раёна заняла пачэснае 3 месца, саступіўшы першыя два камандам Слуцкага і Мінскага раёнаў. Аднак такі расклад пераможцаў нікога не пакрыўдзіў, бо апошні старт сезона бегавога арыентавання прайшоў для ўдзельнікаў спаборніцтва на высокай ноце і даў надзею на будучыя перамогі. Паклапаціліся аб гэтым арганізатары і гаспадары мерапрыемства ­ аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і турыстычны цэнтр «Юнацтва». Асобна трэба адзначыць спонсараў – ТАА “Біямалпрам», арганізатараў першага ў Беларусі экстрэмальнага бегу з перашкодамі “Bison Race”і кампанію “Dream Makers”.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}