У Бешанковічах прымалі дэлегацыю Чувашскай Рэспублікі

  • Марыя САНЬКО, Зара 12 от 02 февраля 2015 24 ноября 2017 16:15 Союз. Беларусь - Россия Беларуская

    Людзі. Яны заўсёды былі і з'яўляюцца галоўнай каштоўнасцю. Іх паводзіны, учынкі, подзвігі кажуць больш, чым самыя шчырыя словы. Людзі нараджаюцца, жывуць і знікаюць, пакінуўшы пасля сябе след у памяці нашчадкаў. Так бясконца, пакуль жывы хоць адзін чалавек, жыве і памяць. Таму, па сутнасці, ніхто і не знікае зусім. Да памяці ж пра тых, хто загінуў на вайне, у нaс адносіны асобыя: гонар і павага, бязмежная ўдзячнасць. І не дзіва, што людзі так старанна даглядаюць, напрыклад, могілкі, прычым не толькі тыя, дзе пахаваны родныя і блізкія, а і зусім незнаёмыя, безыменныя байцы вялікай краіны, што аддалі жыццё дзеля нашага «сёння». Даглядаюць, каб хоць неяк выказаць сваю ўдзячнасць…

    Бешанковічы – месца, звязанае з гісторыяй лёсу розных воінаў Савецкай Арміі, бо менавіта тут, вызваляючы ад захопнікаў нашу зямлю, многія з іх засталіся назаўсёды.

    Калі чалавек моцна жадае нечага, яго не здолее спыніць нішто на свеце. Ні мяжа, ні адлегласць. Паўтары тысячы кіламетраў пераадолелі дэлегаты Ойкас-Кібекскага сельскага пасялення Вурнарскага раёна і Кіраўскага сельскага пасялення Ібрэсінскага раёна Чувашскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі гэтай восенню, у лістападзе, каб ушанаваць памяць свайго земляка Сцяпана Іларыёнавіча Іларыёнава, што мужна ваяваў і гераічна загінуў. Жыццё вельмі непрадказальнае, і ў ім заўсёды ёсць месца подзвігу. Хоць у Сцяпана Іларыёнавіча было дзве малыя радзімы, але апошнім прытулкам стала наша беларуская зямля.

    Нарадзіўся будучы герой 4 снежня 1904 года ў в. Кіўсерт-Янішава Вурнарскага раёна. Адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родную вёску, дзе актыўна ўдзельнічаў у стварэнні калгаса. З 1936 года пераехаў у в. Бурсак Ібрэсінскага раёна. У 1941 годзе зноў прызваны ў армію, з сакавіка 1942 года – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Двойчы быў паранены. У чэрвені 1944 года гвардыі яфрэйтар Сцяпан Іларыёнаў быў стралком 158-га гвардзейскага стралковага палка 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. 25 чэрвеня 1944 года пад варожым агнём Сцяпан Іларыёнавіч адным з першых пераправіўся цераз Заходнюю Дзвіну ў раёне в. Балбечча Бешанковіцкага раёна і прыняў актыўны ўдзел у баях за плацдарм.

    Узначаліўшы групу байцоў, ён павёў іх у атаку. Праціўнік быў выбіты з траншэі, а кулямётная кропка – знішчана. Дзякуючы дзеянням групы рота Іларыёнава здолела вызваліць в. Залужжа і забяспечыць спрыяльныя ўмовы для пераправы ўсяго палка. У баі Іларыёнаў атрымаў раненні, але працягваў змагацца. Ён памёр у шпіталі 27 чэрвеня 1944-га ад атрыманых раненняў, пахаваны ў в. Галыні. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1944 года за "ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм" гвардыі яфрэйтар Сцяпан Іларыёнаў пасмяротна быў удастоены высокага звання – Герой Савецкага Саюза. Таксама быў узнагароджаны ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка»,  ордэнам Чырвонай Зоркі. У гонар адважнага байца названа вуліца і помнік у Вурнарах, а сёлета, 22 ліпеня, жыхары вёскі Кіўсерт-Янішава ўсталявалі памятны камень.

    Дзе б чалавек ні быў, яго душа імкнецца на радзіму. Сэрцы родных і блізкіх напоўнены болем і горыччу страты, бо ніколі ўжо не вернецца дадому знакаміты зямляк. Аднак напоўнены яны і вялікім шчасцем і гонарам. Схіліць галаву з пачуццём вялікай пашаны, аддаць даніну памяці на магілу героя прыехалі яго ўнук Мікалай Пятровіч Сцяпанаў (ветэран-афганец) з жонкай Веранікай Васільеўнай, унучка Людміла Пятроўна Цярэнцьева, праўнук і праўнучка Ягор і Алена.

    У складзе дэлегацыі былі глава Ойкас-Кібекскага сельскага пасялення Аляксандр Васільевіч Пятроў, глава Кіраўскага сельскага пасялення Генадзь Пятровіч Ягораў, педагог і кіраўнік музея Анфіса Мікалаеўна Іванова, журналіст Генадзь Пятровіч Кузняцоў, а таксама аднавяскоўцы героя – Віталь Канстанцінавіч Аляксееў, Вячаслаў Мікалаевіч Аляксееў, Мікалай Васільевіч Грыгор'еў (ветэран-афганец), Валерый Паўлавіч Грыгор'еў і Аляксей Валер'евіч Грыгор'еў.

    – Мы так даўно марылі сюды прыехаць, і, нарэшце, мара ажыццявілася, – падзяліліся думкамі госці з Чувашыі. – Здзіўлены і ўзрадаваны адначасова. Ваша пачуццё любові да Радзімы ўражвае. Вакол такая прыгажосць і чысціня, поле ўзаранае… Ніколі не маглі ўявіць, што гэтыя месцы настолькі прыгожыя і што тут нас будуць прымаць з такой шчырасцю і душэўнай цеплынёй. Дзякуй, што захоўваеце памяць…

    Перш чым адправіцца ў в. Галыні, замежныя госці завіталі да старшыні райвыканкама Андрэя Анатольевіча Булаўкіна. Сустрэча атрымалася цёплай і прыязнай. Віталі гасцей таксама старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Міхайлавіч Шведаў, намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Анатольевіч Заблоцкі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Мікалаеўна Апанасёнак. Зацікаўленасць чувашскай дэлегацыі выклікалі розныя пытанні, у тым ліку і сельскагаспадарчыя. Размова ішла пра раён і яго жыхароў, што за прадпрыемствы ў нас ёсць, як развіваюцца. Расказалі, адпаведна, і чым самі жывуць. У Чувашыі, дарэчы, больш за 30 нацыянальнасцяў, але ўсе жывуць дружна.

    Члены дэлегацыі пабывалі ў Свята-Ільінскай царкве, дзе ішло богаслужэнне, запалілі свечку, затым іх шлях ляжаў у Галыні, на месца пахавання. Да помніка ўсклалі кветкі. Гаварылі і маўчалі, аддаючы даніну павагі і памяці. Кожны выступіў, падзяліўся набалелым, таму сказана было нямала. Генадзь Пятровіч Кузняцоў, член Саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі, заслужаны работнік культуры Чувашскай Рэспублікі дэкламаваў прысвечаны земляку верш. Усе разам госці выканалі песню на чувашскай мове. З сабой яны прывезлі жменю зямлі – частачку радзімы, каб была побач з мужным воінам. Частачку беларускай зямлі ўручыла гасцям Н. М. Апанасёнак. Пасля наведвання магілы земляка заехалі на мемарыяльны комплекс «Узрэчча».

    У рамках візіту пазнаёміліся з Бешанковічамі, завіталі ў парк палюбавацца ваеннай тэхнікай, наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей і Дом рамёстваў, дзе ў кнізе ганаровых гасцей пакінулі запіс, пабывалі і ў мясцовага каваля Андрэя Трубецкага. Уважліва слухалі члены замежнай дэлегацыі экскурсавода С. П. Леаненку, што расказваў пра мінулае, мужнасць і гераізм нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны і іншыя падзеі з гісторыі райцэнтра.

    …Развіталіся толькі пад вечар, па-сяброўску, спадзеючыся ў будучым на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, на новыя прыязныя сустрэчы і добразычлівыя адносіны. Чамусьці хочацца думаць, што дзень, праведзены на бешанковіцкай зямлі, надоўга захаваецца ў памяці новых сяброў, і яны яшчэ не раз завітаюць да нас. Абмяняліся сувенірамі, поціскамі рук, нават абняліся, быццам родныя. А потым для іх зноў пачалася вандроўка даўжынёй ў паўтары тысячы кіламетраў. Аднак гэта ўжо была вандроўка з лёгкім сэрцам, з пачуццём выкананага абавязку. Вандроўка – вяртанне на радзіму…