Районный конкурс дожиночных караваев впервые прошел на Городокщине

  • Святлана ЯКАЎЛЕВА, Гарадоцкі веснік 89/2017 от 25 ноября 2017 Скачать номер 28 ноября 2017 14:35 Культура Беларуская

      Дваццаць адмысловых караваяў, прадстаўленых на раённы конкурс дажыначных караваеў, упрыгожылі раённае свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу «Хвала і пашана вам, хлебаробы!», якое адбылося ў Гарадоцкім ГДК 17 лістапада. Галоўны, святочны, хлеб беларусаў так і вабіў прыгледзецца да яго больш уважліва, ноздры казытаў яго надзвычайны пах. Сваёй прыгажосцю, круглымі апетытнымі бакамі караваі радавалі і супакойвалі: будзем сытыя!  — Такі конкурс праводзіўся на Гарадоччыне ўпершыню, але на заклік паўдзельнічаць у ім лепшыя пекары раёна адазваліся з энтузіязмам, — расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Каўрыга. — Намі, арганізатарамі, удзельнікам было прапанавана спаборнічаць у двух намінацыях — «Прафесіяналы» (сярод работнікаў прадпрыемстваў грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, хлебазавода, школьных сталовых) і «Аматары» (сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў горада і раёна, удзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў клубных устаноў). Каравай павінен быў важыць не менш за 1,5 кг, усе яго элементы прапанавалася вырабляць з ядомых матэрыялаў. Гэтыя патрабаванні канкурсанты выканалі. Многім аказалі падтрымку прафсаюзныя арганізацыі.  Пекары і іх групы падтрымкі праявілі фантазію і густ, прытрымліваючыся элементаў і атрыбутаў народнай культуры, адпавядаючых Дажынкам, прэзентуючы свае вырабы на выставе. Невыпадкова госці імкнуліся сфатаграфавацца побач з караваямі на памяць, як, напрыклад, юныя ўдзельнікі ансамбля песні і танца «Задоринки» ДШМ г. Гарадка ля экспазіцыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (на здымку ўнізе).  На рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама 21 лістапада В.У. Каўрыга ўручыла граматы і падзякі тым, хто прыняў удзел і перамог у конкурсе. 1-е месца сярод прафесіяналаў занялі майстры вытворчага навучання па спецыяльнасці «Повар» Алена Субач, Наталля Папова, Галіна Рысева і лабарант па выпечцы хлеба Юлія Петухова, якія абаранялі гонар Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.  — Над сваім трох’ярусным караваем у лабараторыі па выпечцы хлеба мы чаравалі два дні, — прызналася А. Субач. — У першы дзень асобна выпякалі ярусы каравая, касу, упрыгожанні з прэснага цеста — каласкі, ружачкі, кветачкі. Назаўтра дэкарыравалі каравай, прымацоўваючы прыгожыя дэталі з дапамогай салодкага сіропу. Гэта было складанае, доўгае і надзвычай цікавае дзейства.  На другой пазіцыі замацавалася загадчыца сталовай СШ № 2 г. Гарадка Ірына Філонава, якая прадстаўляла аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама; 3-е — повары цэнтральнай раённай бальніцы Алег Дасюлін і Рыма Вожык. Сярод аматараў вылучыліся Маргарыта Склімянок (1-е месца, Халамерскі СДК), Ада Абрамава (2-е месца, КАЦ «Гарадок» і сетка публічных бібліятэк), Ларыса Краўцова (3-е месца, Марчанскі СДК). Было адзначана захаванне традыцый тэхнолагам кандытарскага цэха хлебазавода Галінай Грыгор’евай і кандытарам кандытарскага цэха райспажыўтаварыства Святланай Раманавай (абедзве каравайніцы прадстаўлялі райспажыўтаварыства), а таксама крэатыўнасць філіяла «Дзецкасельскі-Гарадок» і Ганны Стальмаковай (Пальмінскі СДК). Як не ўзгадаць каравайніц  з АААТ «Птушкафабрыка Гарадок» Веру Лехман з Кабішча, Ларысу Данілаву з Вархоў, Таццяну Хадарэнка з Бычыхі, Таццяну Паўлёнак з Верамееўкі, Алену Сідарэнка з Віраўлі, Зінаіду Круцікаву з Мяжы, Любоў Саяпаву з Даўгаполля, Гулю Карлікаву са Сцяпанавічаў, Валянціну Данілаву з Мехавога, Наталлю Грыгор’еву з Езярышча!   Усе яны ўнеслі часцінку свайго майстэрства і душэўнага цяпла, каб усмешлівым, прыгожым, духмяным стала прафесійнае свята хлебаробаў Гарадоччыны. На здымку: супрацоўніцы ГДАТК А. Субач і В. Куксінская з караваем-пераможцам.