Такім аптымістам, як хацімчанка Валянціна Баурына, няма часу сумаваць

  • Вольга Зайцава, Шлях кастрычніка 101/2017 от 20 декабря 2017 20 декабря 2017 14:17 Калейдоскоп Беларуская

    Наўрад на Хоцімшчыне знойдзецца яшчэ чалавек, што  гэтак жа дасканала ведае гісторыю свайго прыбеседскага  краю, як яго ведае Валянціна Іванаўна Баурына. Але  ведае не з прачытаных кніг, ці ўбачаных па тэлебачанні  фільмах, не з выпадкова пачутых гутарак ці няпэўных крыніц, а таму што сама даследавала кожную пядзю хоцімскай зямлі. Сама шукала і знаходзіла адказы на хвалюючыя яе  пытанні. Бывала, часам расчароўвалася, але потым зноў пачынала ўсё з самага пачатку…

    Валянціна Іванаўна – чалавек незвычайны, яе імя стаіць у шэрагу  з іншымі  імёнамі знакамітых людзей Хоцімшчыны, што зрабілі значны ўклад у гісторыю роднага краю. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі РБ, дэлегат Рэспубліканскага з’езду настаўнікаў, стваральнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, актыўны сааўтар гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Хоцімскі раён”, урэшце,  дзівосная жанчына і шчыры чалавек. Аб рабоце і актыўным пошуку  Валянціны Іванаўны неаднойчы расказвалася на старонках нашай газеты, яна і сама працяглы час была няштатным карэспандэнтам “ШК”.

    Рана давялося зведаць цану кавалка хлеба…

    Аб сваіх дзіцячых і юнацкіх гадах Валянціне Іванаўне ўспамінаць не так проста. Яна не прывыкла на гэтую тэму афішаваць, расказваць ці скардзіцца на свой лёс. У розных жыццёвых абставінах яна заўсёды імкнулася быць моцнай.

    А было ў жыцці ўсякае, але добра запомнілася вось што: нягледзячы на сціплы сямейны бюджэт, сям’я заўсёды жыла дружна. А,  дзякуючы працавітасці бацькоў, на жыццё заўсёды   хапала.

    Бацька Валянціны  быў родам з Рагачоўшчыны, маці – хоцімская. У сям’і, акрамя Валі, яшчэ было двое дзетак. Некаторы час сям’я жыла ў горадзе Клайпеда. У той час, як Прыбалтыка далучылася да Савецкага Саюзу, ішла актыўная вярбоўка людзей. Але ў хуткім часе сям’я ўсё ж такі апынулася тут. Пасля Хоцімскай школы-інтэрната, дзяўчына скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, а пасля паступіла  на гістарычны факультэт БДУ.

    Аб сваіх бацьках Валянціна Іванаўна ўспамінае з асаблівай  пяшчотай і любоўю. Бацька прайшоў праз усю вайну, але пажыў няшмат… Гэта тэма для жанчыны асабліва балючая. Калі ўспамінае, як дзецьмі гулялі з бацькавымі медалямі, раптам не стрымлівае, і слёзы з’яўляюцца ў закутках яе вачэй…

    У маладой дзяўчыны калісьці былі мары аб кар’еры медыка. А можа б яна стала мастаком, ці скажам артысткай?  Але стала гісторыкам.  Валянціна Іванаўна ўспамінае, як падчас работы ў раённай бібліятэцы, дзе кіравала краязнаўчым аддзелам, не на жарт захапілася менавіта гісторыяй свайго краю і  пачала збіраць матэрыялы пра Хоцімшчыну.

    — У мяне заўжды было жаданне – вывучыць свой край ад “а”да “я”, і мая мара спраўдзілася. На гэта пайшла вялікая частка майго жыцця, але ні кроплі аб гэтым не шкадую, — на хвіліну задумаўшыся, раптам вымавіла жанчына.

    З асаблівай цеплынёй Валянціна Баурына расказвае аб сваіх дзетках – Алене і Дзмітрыю. Нягледзячы на пастаянную занятасць на працы, яна заўжды надавала выхаванню  сына і дачкі першачарговую ролю,  часта хадзілі ў лес па грыбы і ягады, любілі катацца на веласіпедах. Нарэшце, кожны чарговы адпачынак на рабоце мамы імкнуліся адправіцца ў падарожжа – Разань, Канстанцінава, Грузія, Крым, Клайпеда, Балтыйскае мора. Даўшы дзецям добрую адукацыю, маці  з гонарам любіць расказваць аб іх, гартаючы старонка за старонкай  альбом з чорна-белымі фотаздымкамі.

    Не заўважыла, як праляцеў час, і радасць мацярынства змянілася іншай радасцю. Сёння  Валянціна Іванаўна тройчы бабуля. А паколькі паміж ёй і ўнукамі тысячы кіламетраў – яна часта размаўляе з імі па скайпу. Яны  клапоцяцца аб сваёй любімай  бабулі, яе здароўі, расказваюць пра свае поспехі ў вучобе. А самы малодшы Саша любіць пачытаць ёй  вершы.

    І нават рарытэтны зуб маманта

    Бадай, самым запамінальным са школьных часоў экспанатам школьнага музея, нязменным кіраўніком якога працяглы час была Валянціна Баурына, быў знакаміты зуб маманта, які быў знойдзены на Хоцімшчыне падчас меліярацыйных работ і некаторы час знаходзіўся ў Хоцімскім райкоме партыі. І толькі калі райком ліквідавалі – рарытэт трапіў у школьны музей. Так там і застаўся.

    Раптам успомніліся тыя школьныя часы, калі ўпершыню давялося  наведваць адно з самых любімых месцаў Валянціны Іванаўны.  Трапляючы  ў  атмасферу музея, здавалася, што на машыне часу раптам апынаўся на некалькі стагоддзяў назад. Усе палічкі тут былі запоўнены  цікавымі рэчамі, пачынаючы ад старажытных прылад працы нашых прашчураў, керамікі VI стагоддзя, вышытых  рушнікоў, экспанатаў ваеннай тэматыкі, лістовак, пісем, фотаздымкаў  тых далёкіх гадоў. Усё здавалася такім цікавым, хацелася ўсё разгледзець, адчуць у сваіх руках.

    Дарэчы, стварыць гісторыка-краязнаўчы музей было даўняй і вельмі  запаветнай марай маладога педагога. Гэта сёння Валянціна Іванаўна, паказваючы екаторы яса сваіх прац і пералістваючы старонку за старонкай, гатова гадзінамі расказваць аб вядомых людзях хоцімскага краю.  А знакамітых ураджэнцаў на нашай хоцімскай зямлі нямала. Гэта і Ерафей Касценіч, вядомы прафесар-медык, які рабіў аперацыю вучонаму-хіміку Дзмітрыю Мендзялееву і захаваў яму зрок, і квартэт братоў Брайцавых, і Сяргей Блажко, астраном, імем якога названы адзін з кратараў Месяца, і Леанід Яўменаў,  вучоны, пісьменнік і дыпламат, і браты Леўшанкі,  дактары фізіка-матэматычных навук. І гэта толькі маленькая жменя прозвішч, якія трапіліся мне на вочы, гартаючы гісторыка-дакументальныя хронікі. А калісьці Валянціна, у прамым сэнсе, па крупінках збірала каштоўную інфармацыю, перапісвалася з неабходнымі людзьмі, тэлефанавала. І кожныя, нават самыя невялікія звесткі, былі для яе на вагу золата.

    Гэта сёння пад школьны музей адведзена асобнае памяшканне. А калісьці ўсе экспанаты знаходзіліся ў рэкрэацыі на другім паверсе,  і педагог была па-сапраўднаму рада, калі нехта прыносіў туды штосьці цікавае. Валянціне Іванаўне многае прыходзілася рабіць самой:  і майстраваць, і пілаваць, і рэзаць, і клеіць.  Паступова экспанатаў у музеі станавілася ўсё больш і больш. Узнікла патрэба ў пашырэнні  межаў музея, які ў 1982 годзе адкрываецца ў асобным пакоі на трэцім паверсе школы, дзе знаходзіцца і па сённяшні дзень.

    За час працы Валянціны Іванаўны, музей  пастаянна папаўняўся новымі цікавымі экспанатамі. Краязнаўцамі школы сабраны багаты матэрыял пра гісторыю вёсак Хоцімшчыны, аформлены ілюстраваны фотаальбом “Помнікі Хоцімшчыны”, назапашаны багаты матэрыял – летапіс Хоцімскай СШ. Вельмі багаты і змястоўны раздзел музея пра Вялікую Айчынную вайну.  Аб тым, колькі працы і намаганняў было затрачана, наўрад атрымаецца апісаць словамі, таму што аб гэтым вядома толькі ёй адной -  педагогу, гісторыку, Чалавеку з вялікай  літары.

    Трэба яшчэ адзначыць: кожны ўрок па гісторыі, які праводзіла Валянціна Баурына, быў настолькі цікавы, што нават заўзятыя гультаі ішлі на яго з вялікім задавальненнем. Акрамя аповяду і гутаркі, педагог імкнулася падмацоўваць яго і наглядным матэрыялам, якога ў дастатковай колькасці было ў музеі. І гэта асабліва спадабалася школьнікам, а яна заўсёды моцна любіла сваю працу і тых маленькіх непасед, якія штодзённа глядзелі на яе шырока расчыненымі вачыма і чакалі новых, цікавых падарожжаў, у якія кожны раз вучні адпраўляліся са сваёй добрай настаўніцай.

    Умелыя рукі не ведаюць смутку

    Валянціна Іванаўна — чалавек вельмі жыццярадасны, а як вядома, у аптымістаў ніколі не бывае часу для суму. Жанчына не разумее тых, хто не ведае, чым жа можна займацца, калі час дазваляе і не трэба спяшацца на працу.

    Калісьці для яе любімай справай была штодзённая праца ў школе, сёння — гэта вышыванне.  Жанчына лічыць, што галоўнае — знайсці занятак па душы. І тут раптам успомніліся словы старажытнага мысліцеля Канфуцыя: выберыце работу па душы, і вам не прыйдзецца працаваць ніводнага дня.

    Кажуць, жанчыну непрыстойна пытаць пра ўзрост, ды і размова зараз зусім не аб тым. Валянціна Іванаўна ўжо на заслужаным адпачынку. Але вось што цікава:  сёння любімая справа паспела стаць не толькі хобі, але і заняткам для душы.

    Зайшоўшы  ў яе хатні пакой, нібы трапляеш яшчэ ў адзін музей. Але тут замест экспанатаў — карціны, якія вышыла Валянціна Баурына. Прызнаюся, калі ўбачыла ўсе гэтыя шэдэўры — нават разгубілася. Тут іх столькі — адразу і не падлічыш. Нібы жывыя, глядзяць лікі святых, а на суседняй сцяне розныя пейзажы, анёлы і прыгожыя  храмы, чароўная  дзяўчына ў розных абліччах, рэчка, кожная хваля якой пераліваецца рознымі нітачкамі мулінэ. Але акрамя нітак, Валянціна Іванаўна працуе і з бісерам. А праца з бісерам яшчэ больш складаная. Мелкія бісеркі трэба адна за адной нанізваць на іголку, а гэта вельмі няпроста і марудна.

    Валянціна Баурына нават збілася з рахунку, яна не лічыць свае карціны — проста займаецца той справай, якая ёй вельмі спадабаецца. Усе яны розныя па памерах, але ў  сярэднім на адну жанчына затрачвае ад чатырох да шасці месяцаў. Уявіце, якой уседлівасцю трэба валодаць, каб зрабіць такую прыгажосць. Адным словам, каб апісаць кожную працу, спатрэбіцца нямала месца, але прыйшоўшы сюды, нібы ў казку трапляеш і хочацца потым вярнуцца сюды зноў.  Вось так з іголкай і пяльцамі ў руках, яна  шывок за шыўком кладзе на палатно свае пачуцці, настрой, успаміны…

    — Кожны чалавек нараджаецца, потым сталее, а потым знікае… Але важна заставіць пасля сябе нейкі след, гледзячы на што аб табе не забудуць, — быццам філосаф разважае Валянціна Іванаўна.

    Акрамя вышывання ў жанчыны ёсць яшчэ занятак, за якім, дарэчы, прыйшлося неяк яе ўбачыць. У руках дзве палкі, падобныя на лыжныя, але на самай справе гэта не так. Такі від спорту называецца скандынаўская хадзьба, і апошнім часам яна ўсё больш пашыраецца сярод дарослага насельніцтва. Валянціна Іванаўна за здаровы лад жыцця, штодзённыя прагулкі на свежым паветры таксама абавязковыя ў яе раскладзе дня. Але гэта яшчэ не ўсе захапленні.  Яшчэ яна вельмі любіць хатнія кветкі, сярод якіх вялізарны кактус, які хутка дастане да столі.

    Ведаю, што гэта скарочаны варыянт усяго, што хацелася распавесці пра гэтага незвычайнага чалавека, а падыходзячы да завяршэння, хачу сказаць наступнае. Сваімі ўзнагародамі Валянціна Баурына ніколі не выхвалялася, яна не ведае іх дакладнай колькасці, проста акуратна сабірала іх у асобны альбом. Але трэба сказаць — тут іх назбіралася нямала.  Дыпломы і Ганаровыя граматы Хоцімскага раённага аддзела і Магілёўскага абласнога ўпраўленняў адукацыі і культуры, Міністэрстваў адукацыі і абароны РБ, прыгожыя  нагрудныя  значкі, сярод якіх і значок Расійскай Федэрацыі “За актыўны пошук” і значок ЮНЭСКА.  А колькі цёплых і душэўных слоў напісана ў кнізе водгукаў, што знаходзіцца ў школьным музеі.  І можна з упэўненасцю сцвярджаць — педагог іх заслугоўвае.

    Калісьці ў адным з сваіх артыкулаў выпускнік Хоцімскай школы, выдатнік адукацыі РБ, Леанід Раманенка напісаў: ”Валянціна Баурына — абаяльная, дзівосная жанчына, Чалавек і Настаўнік, няўрымслівая руплівіца і берагіня духоўнай культуры, спадчыны Прыбеседдзя. Пакуль ёсць такія людзі, не памрэ — будзе жыць Беларусь”! І трэба сказаць, што гэта не проста прыгожыя словы, менавіта такіх  гэты чалавек і заслугоўвае.

    Вольга Зайцава.

    Фота аўтара і з сямейнага архіва