23 Февраля, 2018 Пятница

Адна дома

  • Инна Горбатенко 23 января, 2018 в 12:21 Беларуская
    0

    Апоўначы ўваходныя дзверы скалыхнуліся пад цяжкімі ўдарамі мужчынскіх кулакоў. Пытанне «Хто там?» засталося без адказу. На папярэджанне «Зараз міліцыю выклікаю» рэакцыі нуль. П’яны незнаёмец працягваў моўчкі лупіць кулакамі ў дзверы. Праз некалькі хвілін заваліўся на бок і заснуў на прыступках. Міліцыя ўжо была ў дарозе. Хвіліны здаваліся вечнасцю, бо жыву я адна. Дапамогі прасіць няма ў каго: у дом заехала нядаўна і з суседзямі па лесвічнай клетцы пазнаёміцца не паспела... Хутка два супрацоўнікі міліцыі ўжо саджалі няпрошанага госця ў службовы ўазік. Аказалася, той жыве ў іншым раёне горада. У нашым доме ні знаёмых, ні сваякоў у яго няма. Чаму стукаўся ў мае дзверы — не ведае. Гэта быў адзіны раз, калі я пашкадавала аб тым, што жыву адна.

     ...Зубная паста з адбельваннем ці без? Кватэра з выглядам на парк ці без? Жыццё з хлопцам ці без? Сёння дзяўчатам прасцей прымаць рашэнні самастойна. Але вакол увесь час раяцца дарадчыкі ўзросту 50+, якія ведаюць, як трэба жыць, бо «дзеўка павінна быць прыстроеная!». Але каму менавіта павінна?

    Мяне часта пытаюць, ці не самотна мне жыць адной? Ані. Я заўсёды жыла з кімсьці. У дзяцінстве ў мяне нават свайго пакоя не было. У студэнцтве даводзілася дзяліць адзін пакой з аднагрупніцай і сабакам. Якое шчасце, што надышлі лепшыя часы.

    Ёсць варыянт сумеснага жыцця з маладым чалавекам. Але... Нядаўна, завяршыўшы няўдалы раман, мая знаёмая Лена замест новага жаніха шукала новую кватэру, у якой марыла забыцца пра тое, што такое брудныя шкарпэткі па кутках. Скардзіцца мне: «На мужчыну ў доме сыходзіць шмат сіл. На сябе часу не застаецца. Хачу пажыць адна, для сябе». Лене хацелася масажу, манікюру, кіно і сустрэч з сяброўкамі, а не кіпячых рондаляў і распаленых патэльняў. Слухала яе гісторыю, і ў галаве міжволі круцілася прымаўка пра разумнага, які вучыцца на чужых памылках...

    Тым, хто прывык думаць стэрэатыпамі, складана зразумець, як можа добра жыцца адной. Можа, і яшчэ як! У цябе дома няма паламанага іксбокса, штангі з адным блінам і разладжанай бас-гітары, ад якіх нястрымна хочацца пазбавіцца, але... «гэта ж падарунак!». Неабавязкова прыгожа апранацца, бо цябе бачыць толькі кот. Марожаным не трэба ні з кім дзяліцца, і ніхто не асудзіць цябе за тое, што ты з’ела цэлае вядзерца. Кніжкі можна захоўваць побач на падушцы. Можна заняць усе палічкі ў ваннай пад касметыку. Да таго ж, калі твае думкі не занятыя другой паловай, яны занятыя першай. Можна вучыць мовы і падарожнічаць, а не марнаваць жыццё на штодзённае гатаванне вячэры з трох страў.

    Мінусы — посуд прыходзіцца мыць самой. І, само сабой, у тваёй кватэры хранічна цякуць краны. Таму што сярод тваіх сяброў у сацсетках поўна годных і інтэлігентных людзей: капірайтараў, фатографаў, дызайнераў, арт-менеджараў, журналістаў і перакладчыкаў. Але калі ў цябе цячэ кран, моцнае мужчынскае плячо падставіць толькі сантэхнік ЖЭСа.

    Калі падсумаваць меркаванні некаторых маіх знаёмых аб людзях, што жывуць адны, то карціна вымалёўваецца сумная. Маўляў, гэта няшчасныя і маркотныя стварэнні, якія прыходзяць у свае пустыя і халодныя кватэркі, дзе іх ніхто не чакае, і рыдаюць у пусты рондаль, марачы аб вялікім сямействе. Напэўна, нейкі працэнт людзей сапраўды ўспрымае самастойнае жыццё як асабістую трагедыю. Але не тыя, хто ўмее атрымліваць ад жыцця задавальненне.

    Я ж не супраць кампаніі сяброў, хлопца, ката і архідэі ў гаршку. Але асабістая прастора — гэта такі няўяўны кайф, што часам ад яго недахопу можна страціць розум і ўзлавацца на ўвесь свет і парушальнікаў «сваёй» тэрыторыі. Што ж тычыцца шчымлівага адчування адзіноты, якога многія так баяцца, прызнаюся — і я ў тым ліку, — то яно ніяк не суадносіцца з наяўнасцю людзей вакол. Ды і хто сказаў, што жыць адной — гэта сінонім да слова «адзінота»? Бо сумаваць можна і ў набітай бліжэйшымі сваякамі кватэры.

    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)