На прэс-канферэнцыі 18 каст-рычніка заснавальнік і нязменны мастацкі кіраўнік музычнага форуму Лілія Батырава запэўніла журналістаў, што кошт білетаў не павінен перавышаць мінулагодні.
У астатнім жа “Студзеньскія вечары-2017” не будуць паўтарацца: арганізатары абяцаюць новыя імёны і музычныя творы, якія яшчэ не выконваліся на брэсцкай сцэне.
Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – начальнік упраўлення культуры абл-выканкама Сяргей Панасюк, на працягу фестывальных вечароў, якія традыцыйна пройдуць з 9 па 12 студзеня ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, выступяць больш за 200 музыкантаў з 11 краін. У праграме “Студзеньскіх вечароў” таксама плануюцца два дзённыя канцэрты ў Брэсцкім музкаледжы імя Р.Шырмы і адзін – у горадзе-спадарожніку Жабінцы.
Адкрые фестываль 9 студзеня Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Яшчэ адной перлінай першага вечара стане выступленне народнай артысткі Расіі опернай дзівы Вольгі Барадзіной. 10 студзеня заўялены як “Вечар раманса”, на якім плануецца выступленне “сярэбранага голаса Расіі”, лаўрэата прэміі “Трыумф” Алега Пагудзіна. Трэці фестывальны вечар – “Музычная Еўропа” – прадставіць парад піяністаў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі. Аматары музыкі ацэняць таксама магчымасць пачуць шэдэўры сусветнай класікі ў выкананні прафесара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, лаўрэата міжнародных конкурсаў Веры Носінай.
А на Калядным балі, які завершыць праграму ХХІХ музычнага форуму 12 студзеня, на сцэне будуць валадарыць яркі ансамбль саксафаністаў з Нідэрландаў “SAX-A-LOT” і дзяржаўны камерны аркестр Беларусі. Пад заслону фестывалю парадуе меламанаў Канстанцін Віленскі – кампазітар, піяніст-віртуоз, які валодае талентам аб’яднання класічнага і джазавага выканальніцтва, ды сваім каларатурным сапрана ўпрыгожыць дзейства лаўрэат міжнародных фестывалей і конкурсаў Гульнара Нургаліева з Казахстана.
Такім чынам, па словах Ліліі Батыравай, фестываль хоць і перад’юбілейны, але абсалютна не прамежкавы: слухачоў чакаюць хвалюючыя сустрэчы з запатрабаванымі артыстамі і калектывамі, а таксама ўзрушальныя знаёмствы з узыходзячымі зоркамі класічнай музыкі, якія ўжо заявілі аб сабе на разнастайных міжнародных конкурсах.
Комментарии (0)