25 Апреля, 2024 Четверг

Сустрэча віляйчан са сталічнай багемай

  • 18 января 2017 Культура Беларуская 0

    У снежні ў Мінску адбылося цудоўнае мерапрыемства, якое можна назваць «сустрэча віляйчан са сталічнай багемай». І гэта не жартоўная метафара, бо мерапрыемства, што адбылося ў мінскай мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», было ўнікальным спалучэннем, ці нават «трыадзінствам» з’яднання такіх несумяшчальных, на першы погляд, рэчаў, як выстава тэкстыльнай скульптуры і скульптуры ў метале з вершамі і музыкай.

    Усё гэта – праграма «Трыумвірат мастацтваў», калі паэты, кампазітары і мастакі на адной пляцоўцы прэзентавалі работы прафесійных творцаў Беларускага саюза мастакоў, выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Мерапрыемства стала сумесным праектам мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскай вобласці. Дзякуйчы кіраўніку клуба Ірыне Карнаўхавай, а таксама вілейскім паэтам Віктару Кажуру, Бажэне Мацюк і  Уладзіміру Цануніну, які акрамя вершаў прадэманстраваў сваё выдатнае майстэрства  спевака і музыкі. Менавіта таму, дадзенае мерапрыемства і адзначылася як «сустрэча віляйчан са сталічнай багемай», хаця разам з нашымі землякамі выступалі і іншыя паэты Міншчыны – Алена Брыцкая, Галіна Мароз, Юрась Нераток, Алена Радкевіч, Анастасія Шведка, Марына Шапавалава. Але, можна зразумець, што галоўны лейтматыў вечарыне задавалі, канешне ж, віляйчане.

    Што прадстаўляла сабой выстава, якая спалучыла такія розныя віды мастацтва? У сталічнай мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» была прадстаўлена выстава па выніках V Міжнароднага італьянска-беларускага пленэру «Дыялог скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзерсіс», дзе прадэманстравалі неверагодныя асаблівасці і магчымасці скульптуры з тканіны. Хаця, калі прадстаўляеш скульптуру, то на розум спачатку прыходзяць аб’екты з цвёрдых альбо пластычных матэрыялаў. Але не менш актуальнай з’яўляецца і тэкстыльная скульптура.

    Італьянска-беларускі пленэр быў праведзены сёлета ў Італіі аўтарскай канцэптуальнай галерэяй «Брама», пад кіраўніцтвам Ларысы Фінкельштейн, і, як у мінулыя разы, атрымаўся насычаным і плённым. Беларускія і італьянскія творцы ўзаемадзейнічалі, абапіраючыся на досвед у мастацтве абедзвюх краін. Такое сумяшчэнне кантрасных матэрыялаў стала дыялогам фактур, спробай аб’яднаць розную энергетыку, падкрэсліць адметнасць, глыбіню мастацкай кампазіцыі. Чырвоны і чорны – вось два колеры, якія аўтары выкарыстоўвалі ў сваіх творах.

    Пасля пленэру паўтары месяцы выстаўка спачатку экспанавалася ў Балоньі, а потым вярнулася ў Мінск. На жаль, цяжкасці транспарціроўкі і афармлення мытных дакументаў не дазволілі паказаць у Мінску творы італьянскіх мастакоў. Але айчынныя, беларускія мастакі зацікавілі італьянскую публіку своеасаблівым адчуваннем свету, шчырасцю, здольнасцю пераносіць гармонію ў мастацтва.

    Яркім і насычаным атрымалася прэзентацыя работ пленэру і ў сталіцы. Да тэкстыльнай скульптуры былі далучаны работы ў тэхніцы беларускай маляванкі і металічнай скульптуры. Кожны твор, кожная праца ў паэтычнай афарбоўцы зайгралі іншымі колерамі, іншымі ўражаннямі, дзякуючы ўспрыняццю праз вершы і музыку, у тым ліку і вілейскіх паэтаў і музыкантаў.

    Сяргей ГАНЧАР.

    Фота  buk.by

    Автор: Сергей ГОНЧАРШлях перамогі
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)