29 Марта, 2024 Пятница

Народны мастак Беларусі Іван Міско — пра самае запаветнае

  • 22 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Яго заўсёды можна знайсці ў сваёй майстэрні (цяпер майстэрні-музеі). Тут скульптар і ў выхадныя дні. Як прызнаецца майстар, выхадныя — гэта свята, а іх лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і прэміі Саюзнай дзяржавы прызвычаіўся праводзіць з глінай у руках.

    З гэтым высакародным матэрыялам, як называе гліну сам майстар, Іван Міско не расстаецца ўжо на працягу шасці дзесяцігоддзяў. Мастак кажа, што няма больш паслухмянага матэрыялу, і параўноўвае яго з золатам, якое дае яму сілы тварыць.

    Мы сядзім у майстэрні ў акружэнні бронзава-гіпсавых касманаўтаў, а таксама іншых вядомых асоб і гутарым пра любоў да мастацтва і яе вытокі.

    Дзедава праўда і выхаванне па-бацькоўску

    — Я не помню сваю бабку, затое добра памятаю дзеда — Сцяпана Сцяпанавіча Міско, — пачынае Іван Якімавіч. — Дзед мяне вельмі любіў, заўсёды нешта для мяне гатаваў. А аднойчы ён расказаў праўду. Калі дзед паехаў сватацца да сваёй будучай нявесты (гэта было зімой), някепска выпілі. Пакуль даехалі, яго ў санях не аказалася: страцілі па дарозе. Другі раз сватаўся ўжо да іншай. Сёння я думаю, а можа, і добра, што дзед да першай нявесты не даехаў: хто б тады замест мяне нарадзіўся?

    Дзяцінства будучага народнага мастака прайшло на Слонімшчыне. Вакол — лес. Непадалёку ад хаты працякала рэчка Валобрынка. На хутары ён нарадзіўся, адсюль пайшоў у школу, а потым і ў армію. Тут застаў і 1939 год, і Вялікую Айчынную...

    Бацька Івана Міско ў вайну быў партызанскім сувязным, на фронт забралі пасля вызвалення Беларусі, дайшоў да Берліна. «Калі вярнуўся, я папрасіў надзець яго кашулю, — расказвае скульптар. — Каўнер вялікі-вялікі, прыйшлося зрабіць два «гармонікі» і зашыць, але так, каб узнагароды былі відаць. Гэтак і хадзіў па вёсцы. Мне хацелася пахваліцца, які ў мяне бацька!»

    Пасля вайны Якім Міско працаваў лесніком. Любоў да прыроды прывіваў і адзінаму сыну.

    — Ну а выхаванне якое было? — згадвае мастак. — У адным куце вісела папруга, у другім — абраз. Бацька ніколі не сварыўся, проста паказваў на кут з папругай. І толькі ад гэтага адно месца ўжо пачынала свярбець. Але здаралася, што прымянялася яна па прызначэнні. І гэта нядрэнна.

    Мастак з трэцяга разу

    Як прызнаецца скульптар, ніхто для яго прафесію не выбіраў. Маляваць пачаў яшчэ ў школе. І не толькі на паперы.

    — У хаце стаяла вялікая руская печ, — успамінае Іван Міско. — Калі бацькі ішлі ў горад або на работу, я залазіў у яе, даставаў вуглі і на добра пабеленай печы маляваў пейзажы. А тым часам думаў, што калі прыйдзе маці або бацька, то як адлупяць! Але за печ ніхто ні разу не сварыўся. Аднойчы ў хату зайшоў сусед і, убачыўшы маё маляванне, пытае ў маці: «А хто гэта тут у вас малюе?» — «Дык гэта мой сынок», — адказвае маці. — «Ванька? Дык ён, можа, будзе мастаком?» — выказаў здагадку сусед.

    Так і атрымалася. Непісьменныя бацькі, якія ўсё жыццё займаліся сельскай гаспадаркай, выхавалі мастака, імя якога праз шмат гадоў стала вядомае не толькі беларусам, а і за межамі нашай краіны. А між іншым, шлях да мастацтва ў Івана Міско быў зусім не простым.

    — Калі я ўпершыню паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, то першую ноч спаў пад сталом у адным з яго пакояў, — расказвае Іван Якімавіч. — Рэчмяшок, у якім былі сухары, клаў пад галаву. Прачнуўся раніцай, а няма ні сухароў, ні грошай...

    Тады пачынаючы мастак сабраў усе свае малюнкі і паехаў у вёску. На наступны год прыехаў ізноў. Але як толькі паступіў, яго забралі ў армію. І толькі з трэцяй спробы, ужо пасля службы, ён стаў навучэнцам Мінскага мастацкага вучылішча.

    Праз шмат гадоў аднакурснікі расказалі Івану, з-за каго ён першы раз вымушаны быў пакінуць установу. Аказваецца, яго абакраў натуршчык, якога скульптар ляпіў. «Даведаўшыся ўсю праўду, я разбіў яго партрэт, — прызнаецца мастак. — Прайшоў час, і я зразумеў, якое глупства зрабіў. Гэта была мая студэнцкая работа, за якую атрымаў добрую адзнаку. Толькі не мог прабачыць таго, што гэты чалавек мяне абакраў. Ён жа мне пазіраваў, у вочы глядзеў...»

    «Пахавалі, але не прадалі!»

    Нягледзячы на той выпадак, Іван Міско лічыць, што ў жыцці яму шанцавала. Напрыклад, тады, калі забіралі ў армію...

    — Помню, запрасілі ў ваенкамат і кажуць, што не вясной, а восенню забяруць, — гаворыць мастак. — Кажу, як гэта восенню? Пастрыглі, як я вярнуся такім у вёску? Дзяўчаты ж падумаюць, што хворы, хілы, бракаваны, раз у армію не ўзялі. Хто за мяне замуж выйдзе? Тады кажу ваенкаму, што не пайду дахаты! Я быў упарты.

    Служыў Іван Міско ў Забайкаллі. Там была магчымасць і маляваць, і ляпіць. А калі вярнуўся з арміі, ужо не паступаў на жывапіснае аддзяленне, а вырашыў усур'ёз заняцца скульптурай.

    У 1968 годзе мастак стаў удзельнікам чэхаславацкіх падзей. «У той вечар у парку Горкага адкрылася мая невялікая выстаўка, — успамінае Іван Якімавіч, які тады ўжо працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі. — Скончылася ўсё позна, а паколькі я жыў тады ў Чыжоўцы, сябры прапанавалі мне застацца ў іх на начлег. Але я паехаў дадому. У тры гадзіны ночы — стук у дзверы. Адчыніў — стаяць вайскоўцы. Праз некалькі дзён я апынуўся ў Чэхаславакіі, дзе правёў тры месяцы».

    Аднойчы там, на чужыне, афіцэры папрасілі Івана Міско (а ён ужо быў членам Саюза мастакоў БССР) намаляваць жанчын. Працаваць майстру давялося ў палявых умовах. Паперу знайшлі ў штабе, фарбу замяніла зялёнка, замест пэндзляў — бярозавыя галінкі.

    — Я пачаў прыгадваць натуршчыц, сваіх знаёмых, у выніку атрымалася серыя аголеных жаночых фігур, — расказвае мастак. — Выстаўка размясцілася ў палатцы. Побач стаяла вайсковая часць з палякамі, якія таксама прыходзілі на выстаўку...

    Але не ўсім прыйшліся тыя карціны даспадобы. За маральнае разлажэнне старшага сяржанта Міско нават хацеў судзіць ваенны трыбунал! «Шчыра кажучы, я спалохаўся: у тых умовах усё магло быць, — прызнаецца Іван Якімавіч. — Але генерал аказаўся настолькі прыстойным чалавекам, што да суда справа не дайшла. Выстаўка працягвалася… Прыйшоў час, калі мы збіраліся з'язджаць у Беларусь. Аб гэтым даведаліся палякі. Прыйшлі да мяне і кажуць, каб я ім прадаў сваіх «кабет». Мы з афіцэрамі параіліся, а яны і кажуць: «Гэтыя жанчыны нам сталі ўжо як жонкі, ні за што не прададзім!» Мы пайшлі ў лес, насеклі галінак, расклалі іх у той жа палатцы, паклалі зверху малюнкі, прысыпалі зямлёй і паставілі драўляны крыж — пахавалі, але не прадалі!»

    Зачараваны Сусветам

    Іван Міско ніколі не сумняваўся ў тым, што выбраў правільную прафесію. Яго аўтарству належаць скульптуры вядомых людзей, помнікі за мяжой і ў роднай Беларусі: Максіму Горкаму ў цэнтральным мінскім парку, Клімуку ў Брэсце… Але найбольш важным, безумоўна, стаў помнік маці-патрыётцы ў Жодзіне, які Іван Міско ствараў разам з Міхаілам Заспіцкім і Мікалаем Рыжанковым.

    З Настассяй Купрыянавай, прататыпам галоўнай гераіні, яны былі знаёмыя асабіста, пастаянна ездзілі да жанчыны і вельмі перажывалі, каб яна дажыла да адкрыцця помніка. «Помню, паехалі да яе, як атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР, — успамінае Іван Якімавіч. — Купілі падарункі, павязалі ёй дарагую хустку. Яна шмат нам расказвала пра сваіх дзяцей. Казала, што часта ходзіць да помніка, перажывае, што малодшы, Пеця, стаіць там без шапкі...»

    Але па-сапраўднаму зачаравала Івана Міско касмічная тэматыка. На першую скульптуру ў гэтым рэчышчы яго натхніў палёт на арбіту Юрыя Гагарына. Рукі мастака неаднойчы ляпілі сусветна вядомых касманаўтаў, большасць з якіх пазіравала для яго асабіста. Пра блізкае сяброўства скульптара з беларускімі касманаўтамі, а таксама пра тое, што Алег Навіцкі неаднойчы тэлефанаваў яму з арбіты, не ведае толькі нецікаўны. Іван Міско свой у Зорным гарадку, які стаў для яго другім домам.

    Майстэрня як музей і куточак дзяцінства

    На адной з паліц у майстэрні мастака бачу партрэт дзяўчынкі. Ён належыць адной з вучаніц 90-й мінскай школы. Былі часы, калі мастак даваў майстар-класы перад школьнікамі. Потым прыносіў скульптуру ў клас, і дзеці пісалі сачыненне аб нараджэнні партрэта іх аднакласніка. Адну з тых работ, партрэт Воўкі, нават купіла Міністэрства культуры.

    — Я вельмі хацеў бы ведаць лёс гэтых дзяцей, — кажа Іван Якімавіч. — Калі нехта пазнае сябе, няхай адгукнецца. Магчыма, паляпіў бы іх зноўку.

    У майстэрні — сапраўдны музей. Тут не толькі скульптуры, фотаздымкі (Іван Міско нядрэнны фатограф), ёсць і шыкоўная калекцыя аўтографаў. Толькі не на паперы, а на пластыліне або нават адлітыя ў бронзе — у такім выглядзе іх не падробіш, не сатрэш.

    У майстэрні — і рэчы з бацькоўскай хаты, якая і дагэтуль стаіць, але там жывуць ужо іншыя людзі. Мы глядзім на кудзелю і абажур, і мастак зноў вяртаецца ў дзяцінства:

    — Помню, вечар. За сталом — маці, дзед, бацька, сястра Люба і я. Раптам маці кажа, што трэба прадаць карову: маўляў, малако нятлустае. Бацька пажартаваў, што, можа, гэта Ванька кепска пасе. Наступным разам размова паўтараецца. Я настойваў, што карову прадаваць не трэба. Бацька паглядзеў на мяне і пытаецца, што я нарабіў. Давялося расказаць, што з'ядаю ўсе вяршкі з малака… Іх вельмі любіў, зліваў у шклянку і выпіваў. Пасля гэтага перастаў: мяне мучыла сумленне, што карову могуць прадаць, а потым зарэзаць.

    У Івана Міско яшчэ нямала творчых задум. Ён марыць паставіць помнік Льву Сапегу ў родным Слоніме, ганаровым грамадзянінам якога з'яўляецца, аднаму з найбуйнейшых нашых вучоных Казіміру Семяновічу, французскай мастачцы родам з Барысава Надзеі Хадасевіч-Лежэ, якую добра ведаў. І па-ранейшаму будзе адданым сваёй касмічнай тэматыцы. Мастак не любіць адпачынку і прызнаецца, што яго ніколі не будзе...

    Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Федэрацыя касманаўтыкі Расіі ўдастоіла Івана Міско найвышэйшай узнагароды — ордэна Гагарына. У сваю чаргу, калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» жадае Івану Якімавічу, які, дарэчы, у свой час з'яўляўся пазаштатным карэспандэнтам нашай газеты, моцнага здароўя, дабрабыту і творчага імпэту!

    Автор: Вераніка КанютаЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)