19 Апреля, 2024 Пятница

Край людзей працавітых

  • 19 июня 2017 Культура Беларуская 0

    На любое свята заўсёды прапануецца ўсё лепшае, чым можна пахваліцца перад гасцямі. Менавіта так  паступілі дзераўнянцы, пачынаючы фэст свайго аграгарадка, які раскінуў гаманлівыя вуліцы ўдоўж і ўшыр.

    Свята стартавала на новай вуліцы, уздоўж якой стаяць сучасныя прыгожыя катэджнага тыпу дамы-харомы. Тут пачастункамі і сустракалі гасцей, сярод якіх старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая, дырэктар ААТ «Дзераўное» Юрый Тарасевіч, дырэктар Аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі» Іван Лобач, шматлікія прадстаўнікі мясцовых і раённых арганізацый і ўстаноў. Яны завіталі на вясковую талаку – хто павіншаваць са святам, працоўнымі і жыццёвымі адметнасцямі сваіх калег,  хто не зайздросным позіркам агледзець сучасны быт, прыемныя перамены на вясковых даляглядах, узяць штосьці на жыццёвую прыкмету як прыклад, як узор.

    Усю вулічную шыр перакрываў вялізны хлебасольны волат-стол, які ўвачавідкі дэманстраваў дабрабыт жыхароў, што праз працу, старанне трывала абжыліся тут, шчыра, па-суседску пасябравалі.

    Стол жа прыбіралі, гатавалі прысмакі, кулінарную выпечку па ўласных рэцэптах агулам, дружнай, вясёлай талакой, гасцям на дэгустацыю і здзіўленне. Назіраючы, як частаваліся госці, шчыра хвалілі, спрабавалі выведаць сакрэты прыгатавання страў, я зразумеў, што ўсё ў гаспадроў удалося. Дзераўнянская гасціннасць, якую ў народзе называюць шырокай душой, паўнатой выстаўленых сталоў падмацоўвалася і каля вясковых двухпавярховак.

    Не забыліся прадэманстраваць і самабытнае майстэрства мясцовых народных майстроў. Тут і жывапіс, і інкрустацыя, і выцінанка. Не магло не заваражыць позірк і рэдкае для гэтых месцаў майстэрства чаканкі па метале, якой валодае Анатоль Сураўцаў.

    А колькі  мастацкіх вырабаў з дрэва! І не дзіўна: лес жа побач, ды не проста лес – ускраек знакамітай Налібацкай пушчы. Тут лідзіруе разьбяр Уладзімір Сенька.

    Фарбы лясных засеняў, мясцовых лугавін даюць тэмы для творчасці тамтэйшым вышывальшчыцам, чые вырабы-палотны былі вывешаны для агляду на шырокім вулічным прасторы амаль ля кожнага жытла.

    Шум святочнай грамады ўдала, па-майстэрску аздаблялі мясцовыя музыкі – цяперашнія і былыя навучэнцы  Дзераўнянскай школы мастацтваў, самадзейныя артысты мясцовага Цэнтра культуры, якія даўжэзную шумную святочную калону прывялі на мясцовы стадыён «Меліяратар».

    Тут выкладчык-краязнавец Софія Варатынцава цікавым, захапляльным аповедам зрабіла экскурс у мінулае вёскі з назвай Дзераўная, якая бярэ свой пачатак з другой паловы XV стагоддзя як маёнтак віленскага кашталяна Сямёна Гедыголдавіча. Сядзіба неаднаразова пераходзіла ад аднаго ўласніка да другога. Не кожны жыхар ведае прозвішчы магнатаў, але вось у прыхаджан Дзераўнянскага касцёла  жывая памяць пра мясцовых майстроў, што тады па загадзе князя Мікалая Радзівіла ўзвялі касцёл, які збірае вернікаў і сёння. Гэта Іван Грынцэвіч з Зарэчча, Раман з Дзяражнай і Андрэй з Ніўнага.

    Сёння аграгарадок – вялікае паселішча, дзе амаль паўтары тысячы жыхароў. Тут ёсць Цэнтр культуры, участковая бальніца, сярэдняя школа, дзіцячы сад, ДЮСШ, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, прадпрыемства і пасёлак меліяратараў, сельскагаспадарчае таварыства«Дзераўное».

    Са сцэны гучалі добрыя словы ў адрас мясцовых рупліўцаў, якія сваёй працай услаўляюць дзераўнянскі край. Як прыклад усім – жыццё старажылаў Кацярыны Сцяпанаўны Дубінец і Анастасіі Іосіфаўны Босай. З надзеяй на добрую будучыню называліся шматдзетныя сем'і Пракаповічаў, Грыгарцэвічаў, Касцюкевічаў, Якоўчыкаў, Савіцкіх, Чарняцоў і  іншых. Ім уручылі падарункі не толькі ад арганізацый і ўстаноў, дзе працуюць бацькі, але і ад раённай арганізацыі «Белая Русь».

    Шмат цёплых слоў удзячнасці прагучала і ў адрас былога кіраўніка Аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі» Мечыслава Вацлававіча Сахара, які больш за 30 гадоў узначальваў прадпрыемства.

    Не абышлі добрым словам старанных гаспадароў прыкладных сядзіб, такіх, як сям'я Сінкевічаў.

    Вясковую ўрачыстасць завяршыў спеўны канцэрт сталічных артыстаў.

    Фота аўтара

    Автор: Васіль ЗЯНЬКОПрамень
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)