20 Апреля, 2024 Суббота

"Нк" наведаў гурток ганчарства Цэнтра рамёстваў

  • 19 июля 2017 Культура Беларуская 0

    І праўду кажуць: стары — што малы. Успомнілася гэта выслоўе пасля наведвання гуртка ганчарства Цэнтра рамёстваў, які месціцца ў аграгарадку Русіно. На развітанне дзятва падарыла мне невялікую гліняную свістульку ў выглядзе птушачкі. Не паспеў я падуць, каб пачуць голас таго салавейкі ці галубка, як цяпер ужо другакласніца Русіноўскай сярэдняй школы Маша Сінюта, удзельніца гуртка, сур’ёзна папярэдзіла: «Не свішчыце – грошай не будзе!»

    У дзяцінстве такой цацкі ў мяне не было – сам рабіў свісцёлкі, але з вярбы. І ўжо за сценамі Цэнтра рамёстваў (каб не бачылі дзеці, ды і дарослыя каб не падумалі, што здзяцінеў) насвістаўся ўдосталь.

    Уладзімір Даль у сваім слоўніку даў цікавае вызначэнне, што такое цацка: «…штучка, зробленая для забаўкі, для гульні ці пацехі, асабліва дзецям». Слова «асабліва» крыху супакоіла – значыць, цацкі аднолькава належаць і дзецям, і дарослым.

    З дня заснавання гуртка ганчарства – восем гадоў – ім кіруе выкладчык выяўленчага мастацтва Іван Якушэнкаў. Ён лічыць, што вырабы з гліны – глыбока жыццёвыя і дэмакратычныя і бяруць свой пачатак ад народных промыслаў. З пакалення ў пакаленне ганчарства перадае народнае ўяўленне аб жыцці, працы і прыгажосці.

    – Лепка і роспіс гліняных вырабаў – прадуктыўныя віды дзейнасці, якія даюць дзецям бачныя вынікі, – гаворыць Іван Віктаравіч. – Свае вырабы ім цікава паказаць і іншым людзям, дзякуючы чаму яны адчуваюць сябе стваральнікамі, атрымліваюць душэўнае задавальненне і гордасць, бо гэта творчасць. Нездарма ў народзе гавораць: «Я чую – я забываю, я бачу – я запамінаю, я раблю – я разумею». Дзеці спасцігаюць душу народа, яго культуру. І мараць, што некалі ў іх з’явіцца і сапраўднае ганчарнае кола, і муфельная печ, бо цяпер абпальваць дзіцячыя гліняныя вырабы я важу ў Баранавічы.

    Летась васьмікласніцы Русіноўскай сярэдняй школыНасця Яраховіч і Ангеліна Дабрыян ездзілі на фестываль ганчарства «Гліняны звон» у горад Івянец Мінскай вобласці. У намінацыі «За лепшы музычны інструмент з гліны» за свае свісцёлкі атрымалі дыплом ІІ ступені.

    – Сёлета на 8 Сакавіка я падарыла сваёй бабулі анёла, – успамінае Насця. – Бабуля спачатку не паверыла, што яго зрабіла я сама, падумала, што ён куплены ў магазіне. А потым, убачыўшы, што анёл зроблены з гліны, паверыла.

    Два разы на тыдзень на заняткі прыходзіць да дзесяці вучняў мясцовай школы, а Данік Мельнікаў прыязджае з Баранавіч, дзе вучыцца ў СШ № 15 і перайшоў ужо ў чацвёрты клас.

    – Некаторыя мае сябры не могуць ляпіць падзелкі з гліны, у некаторых няма часу на гэта, – гаворыць хлопчык. – А я сам хачу навучыцца, таму і прыязджаю сюды. А ў школе яшчэ і факультатыўна займаюся лепкай з гліны і маляваннем.

    У невялікім пакойчыку, дзе размясціўся гурток ганчарства, на паліцах стаяць дзясяткі дзіцячых вырабаў: розныя жывёлы і птушкі, хатнія прылады, казачныя замкі… У звычайных рэчах з гліны выяўляюцца майстэрства, фантазія і мастацкі густ, узятыя дзецьмі ў спадчыну ад прадзедаў, дзядоў і бацькоў.

    Па суседству з «ганчарамі» працуюць іншыя прадаўжальнікі народных традыцый, якія спасцігаюць майстэрства ткацтва, пчалярства, разьбярства, роспісу па шкле. Але пра іх раскажам іншым разам.

    Автор: Мiхась ШУБIЧНаш край
    Теги: 

Комментарии (0)