19 Апреля, 2024 Пятница

Каптаруны яшчэ "зазвіняць". На Лынтупшчыне ствараецца першая ў Беларусі арт-вёска

  • 03 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    Сёння культурнае жыццё Беларусі сканцэнтравана ў асноўным у Мінску. Большасць самых яркіх і прывабных  падзей — няхай гэта выставы, спектаклі або канцэрты — ладзяцца менавіта там. У тым, што гэта абсалютна няправільна, перакананы мастак і пісьменнік Артур Клінаў. І на працягу пяці гадоў увасабляе ў жыццё сваю смелую мару — стварае на Лынтупшчыне першую ў Беларусі арт-вёску. Сюды ўжо цяпер прыязджаюць вядомыя творцы з усёй краіны і з-за мяжы. І гэта толькі пачатак…

    Артур Клінаў, мастак, пісьменнік, заснавальнік і рэдактар часопіса “pARTisan”, які больш за 15 гадоў з’яўляецца трыбунай сучаснай беларускай культуры. Выступіў галоўным мастаком у фільме Андрэя Кудзіненкі “Масакра” (“Беларусьфільм”, 2010). Яго работы выстаўляліся ў Беларусі, Польшчы, Літве, Германіі, Францыі, Грэцыі. У 2011 годзе сваёй інсталяцыяй з саломы «Вячэра» прадстаўляў Беларусь на 54-й міжнароднай Венецыянскай біенале (Італія).Творы Артура Клінава знаходзяцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі.

    Культура на ўра

    Вёску Каптаруны, якую аблюбаваў Артур Клінаў, часта называюць не інакш, як “край зямлі”. Яна знаходзіцца на самай граніцы Беларусі і Літвы (да суседняй дзяржавы — лічаныя крокі), істотна аддалена ад райцэнтра (а тым больш ад Мінска) і славіцца надзвычай маляўнічай некранутай прыродай. Вялікае прыгожае возера, дзікія жывёлы, якія зусім не баяцца прыходзіць пад вокны жылых дамоў, багатыя дарамі навакольныя лясы, авеяныя легендамі старажытныя камяні  — гэта ўсё Каптаруны.

    У мінулым стагоддзі жыццё ў вёсцы віравала — пасля вайны тут жыло амаль паўтары сотні чалавек. На жаль, з часам хат стала намнога больш, чым людзей. Сёння ў Каптарунах усяго чацвёра карэнных жыхароў. Здаецца, лёс вёскі быў прадвызначаны. Аднак усё змяніў выпадак.

    Аднойчы ў гэтыя мясціны завітаў здымаць кіно “Беларусьфільм”. Артур Клінаў, які быў галоўным мастаком стужкі, зразумеў адразу: сюды яшчэ вернецца. Вярнуўся. Выкупіў дом (і гэта за 200 км ад Мінска!), актыўна пачаў яго рэканструкцыю. З часам набыў яшчэ адзін — зрабіў яго гасцявым. Побач пасяліліся і іншыя творцы, напрыклад вядомы выдавец Ігар Логвінаў, філосаф Таццяна Шчыцова, архітэктар Андрэй Каравянскі. Нямала крэатыўных і грамадска актыўных людзей набылі дамы ў суседніх вёсках. Амбіцыйныя ідэі гара­джан падтрымалі мясцовыя жыхары і ўлада.

    Сёння ўжо смела можна гаварыць: арт-вёска існуе не на словах, а на справе — так многа зроблена на шляху яе “будоўлі”. Толькі мінулым летам у Каптарунах адбыўся шэраг значных культурных падзей. Так, у ліпені быў арганізаваны Міжнародны форум пагранічнага кіно “Хранатоп. Art: REBOOT”, у праграму якога арганізатары ўключылі лекцыі, кінапрагляды, дыскусіі, перфоманс, канцэрт і іншыя цікавыя дзеі. У жніўні ладзіўся Міжнародны open-air-форум “Міжмор’е літаратур” з удзелам творцаў з Германіі, Літвы, Поль­шчы, Украіны і Беларусі. Адбыліся дыскусіі, прэзентацыі кніг. Удзель­нікі засталіся ў захапленні.

    Знайсці падрабязную інфармацыю пра падзеі, якія адбыліся і яшчэ плануюцца ў арт-вёсцы, можна на сайце kaptaruny.com 

    Месца адно — фатаграфіі розныя

    Напрыканцы чэрвеня Каптаруны прымалі вядомых беларускіх мастакоў і фатографаў. Арганізатарамі чарговага арт-пленэру, які меў назву “Саламяны вырай-2”, выступілі Артур Клінаў і раённае аб’яднанне “Экаагратур”. Вынікам чатырохдзённых здымак стала фотавыстава “Месца”. Яе адкрыццё адбылося 14 кастрычніка ў Лынтупскім Доме культуры.

    Пасёлак у тыя дні быў як ніколі прыгожым: у разгар кастрычніка вуліцы, мясцовы парк патаналі ў яркіх фарбах. Вада ў ставах, нібы люстэрка, адлюстроўвала чырвань навакольных дрэў і не горш за мастака стварала акварэльны партрэт восені. Глядзела на гэта шырока расплюшчанымі вачыма — і разумела, чаму гэтыя мясціны так вабяць творцаў з усёй краіны.

    Па дарозе на выставу праяз­джалі каля будынка Лынтупскага культурнага цэнтра “Культыватар”, пра які ўжо неаднойчы расказвалася ў газеце. Так прыемна ўсведамляць, што на тваёй малой радзіме нарэшце адраджаецца культурнае жыццё, раскрываецца яе турыстычны патэнцыял. Рэгіён, які стаіць на памежжы Беларускай і Літоўскай Рэспублік, на скрыжаванні Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей,  дзе спрадвеку пераплятаюцца беларуская, польская, літоўская і яўрэйская культура, становіцца своеасаблівым мостам, які ўсё і ўсіх аб’ядноўвае. Падчас адкрыцця выставы гэта думка была адной з ключавых.

    У мерапрыемстве ўдзельнічалі амаль усе аўтары работ. Усе яны працуюць у абсалютна розных тэхніках. Ігар Саўчанка здымае на ўнікальную драўляную вялізную камеру, якая працуе па тых жа прынцыпах, што і ў пазамінулым стагоддзі. Сяргей Ждановіч фатаграфуе на лічбавы апарат, Андрэй Лянкевіч працуе ў галіне дакументальнай і прэс-фатаграфіі, Сяргей Кажамякін — у жанры прамога рэпартажу.

    Кожны з гэтых фотамастакоў вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Кожны — аўтар дзясяткаў выстаў як на радзіме, так і ў многіх еўрапейскіх краінах, у ЗША. Напрыклад, работы Ігара Саўчанкі знаходзяцца ў шматлікіх прыватных і публічных калекцыях — у Дзяржаўным рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, у Стакгольме, Хельсінкі, Х’юстане… Усіх і не пералічыць!

    Што ж майстры наздымалі ў Каптарунах?

    —   Мы і самі з нецярпеннем ча­калі выніку, — адзначыла, выступаючы на адкрыцці выставы, яе куратар Таццяна Арцімовіч. — Месца адно, а здымкі настолькі розныя. Гэта экспазіцыя адлюстроўвае, як па-рознаму мы глядзім на наваколле і як па-рознаму можна паказаць адно і тое ж. Вялікае дзякуй усім, хто дапамог арганізаваць гэту выставу, асабліва старшыні Лынтупскага сельскага Савета Аляксандру Макаранку і дырэктару Дома культуры Анжэле Кухальскай.

    Было адзначана, што выстава адбылася ў рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску і стала часткай маштабнага праекта, які ўжо не першы год арганізуе адзін з аўтараў выставы “Месца” Андрэй Лянкевіч. У экспазіцыю ўвайшло больш за сотню здымкаў, што адлюстроўваюць прыроду і жыццё Каптарун (убачыць многія можна на сайце райгазеты).

    Перад аўдыторыяй выступіў і Артур Клінаў.

    — Наша галоўная задача — спрыяць дэцэнтралізацыі культуры,  — падкрэсліў ён. — Безумоўна, сельскі клуб — не  музей. Але ўсё роўна кожны населены пункт варты быць цэнтрам творчасці. 365 дзён — 365 культурных сталіц — вось у чым ідэя. За мяжой часта менавіта вёска становіцца месцам правядзення самабытных, сусветнавядомых фестываляў, якія збіраюць тысячы, дзясяткі тысяч чалавек. І гэта прыносіць не толькі задавальненне людзям, але і немалы прыбытак дзяржаве. Арт-вёска Каптаруны мае вялікі патэнцыял. У нашых планах, напрыклад, арганізаваць фестываль сучаснай яўрэйскай музыкі, ёсць іншыя задумы. Бу­дзем рабіць усё ад нас залежнае, каб Каптаруны “зазвінелі” яшчэ больш гучна.

    Пленэр стаў плённым не толькі для фатографаў. Мастачка і выкладчыца Беларускай акадэміі мастацтваў Вольга Сазыкіна правяла для лынтупчан майстар-клас па навучанні тэхніцы акварэлі з нуля, а мастачка і драматург Вольга Прусак на аснове запісаных аповедаў мясцовых жыхароў напісала п’есу.

    …Я папрасіла фотамастакоў расказаць пра свае самыя яркія ўражанні ад Каптарун. “Як дзіўна раніцай тут спяваюць птушкі, як гучна!”, “Так прыгожа пачынаецца новы дзень!”, “Колькі вакол сонца…” — гэта была сказана настолькі эмацыянальна, што не паверыць проста немагчыма.

    З кожным годам такіх стомленых цывілізацыяй гараджан становіцца ўсё больш і больш. Усё больш людзей мараць адасобіцца ад камп’ютараў і праспектаў і сустракаць світанне на ўлонні маляўнічых краявідаў. Ад сябе хочацца дадаць: прыязджайце на Лынтупшчыну! Сонца хопіць на ўсіх…

    На здымку: удзельнікі пленэру.

     

    Автор: Іна МІКУСПастаўскі край
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)