29 Марта, 2024 Пятница

Як на практыцы ахоўваюцца гісторыка-культурныя аб'екты

  • 28 декабря 2017 Культура Беларуская 0

    Нядаўна «Мясцовае самакіраванне» пісала («Да спадчыны — творчы падыход»«На Гродзеншчыне вядзецца татальная рэканструкцыя гістарычных помнікаў»«Што неабходна рабіць для захавання гісторыка-культурнай спадчыны?») аб тым, якія складанасці існуюць у справе аховы аб'ектаў мясцовай архітэктуры. Для таго каб лепш разабрацца ва ўсіх нюансах, наш карэспандэнт звярнулася да намесніка начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталлі Хвір і задала ёй некалькі пытанняў.

    — Наталля Дзмітрыеўна, наколькі змяніліся паўнамоцтвы мясцовай улады ў дачыненні да аховы спадчыны пасля падпісання Кодэкса аб культуры?

    — 10-м артыкулам Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» было прадугледжана, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ажыццяўляюць кантроль за ўтрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сёння Кодэксам Беларусі аб культуры прадугледжана, што мясцовыя і распарадчыя органы ў сферы культуры арганізуюць і садзейнічаюць правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. У першым варыянце яны «ажыццяўлялі кантроль» — а цяпер садзейнічаюць правядзенню мерапрыемстваў. Гэта досыць істотная розніца. Работа па ахове спадчыны павінна праводзіцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады… У Кодэксе не прапісана, хто цяпер ажыццяўляе за гэтым кантроль. Аднак ёсць Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», і, напрыклад, Указам Прэзідэнта №510 прадугледжана правядзенне праверак, планавых і пазапланавых. Аднак гэта праверкі суб'ектаў гаспадарання.

    — Нядаўна даводзілася чуць такое меркаванне: калі ў раёне парушаецца заканадаўства аб ахове спадчыны і хтосьці паведамляе аб гэтым у Міністэрства культуры, запыт перанакіроўваюць у той жа раён, каб ён сам прыняў нейкія меры. Атрымліваецца замкнёнае кола...

    — Калі мы бачым, што ў пэўным раёне парушаюцца правілы аховы спадчыны, можам накіраваць просьбу аб рэагаванні абласным уладам… У аддзеле аховы гісторыка-культурнай спадчыны, акрамя мяне, працуе яшчэ два спецыялісты. Калі мы атрымліваем інфармацыю пра парушэнне заканадаўства, напрыклад, у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці, без дакладных звестак не можам скласці пратакол. Нам гэта неабходна праверыць, трэба выехаць на месца. А такіх сігналаў у нас бывае вельмі шмат. Траім чалавекам, якія да таго ж выконваюць адміністрацыйныя функцыі, разабрацца ў кароткі тэрмін з кожнай такой сітуацыяй проста нерэальна. А на месцах працуюць спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны — як абласнога ўзроўню, так і раённага. Згодна з Кодэксам аб культуры, калі мясцовыя ўлады выявілі парушэнні заканадаўства, яны могуць скласці адпаведны пратакол. Гэта нармальна.

    — Каб скласці такі пратакол, відаць, неабходны пэўныя веды?

    — Ёсць патрабаванні, прапісаныя ў Кодэксе аб культуры. Насамрэч гэта не вельмі складана. Адпаведныя паўнамоцтвы дакументальна ўскладзены на канкрэтнага чалавека. Аднак справа ў тым, што ў нас функцыю па ахове выконваюць то бібліятэкары, то балетмайстры, то яшчэ хтосьці. Тут ёсць праблема адукацыі. Аднак калі чалавек не першы дзень займаецца аховай спадчыны, у гэтым няма нічога складанага. Асабіста я, хоць і не з'яўляюся юрыстам па адукацыі, складала такія пратаколы.

    — Што неабходна рабіць пры складанні пратакола?

    — Трэба агледзець месца парушэння. Зафіксаваць, што адбылося, у які час, пры якіх абставінах. Такія пратаколы накіроўваюцца ці ў суд, ці ў адміністрацыйную камісію адпаведнага раёна. Часта вінаватых караюць штрафам. Напрыклад, апошні выпадак адбыўся ў Магілёве, дзе без дазволу Міністэрства культуры на гістарычны будынак усталявалі паветраводы. Давялося складаць пратакол, па выніках разгляду адміністрацыйнай справы было пастаноўлена, каб вінаватыя выплацілі штраф у памеры 30 базавых велічынь.

    — Ці шмат залежыць ад так званага чалавечага фактару?

    — Як я ўжо казала, на месцах працуюць розныя спецыялісты — хтосьці мае юрыдычную адукацыю, а хтосьці не. У нейкай вобласці пратаколы складаюцца больш актыўна, а дзесьці яны зусім не складаюцца. Аднак гэта не паказчык, што там няма парушэнняў. Наадварот, гэта сведчыць, што сітуацыя не кантралюецца.

    — Праблема падрыхтоўкі спецыялістаў на месцах для аховы гісторыка-культурнай спадчыны існуе даўно. Агучвалася яна і на выязной калегіі Міністэрства культуры, якая пару гадоў таму праходзіла ў Маладзечне. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтай справе?

    — У доктара, напрыклад, калі ён прыходзіць на работу, патрабуюць адпаведны дыплом… А на гэту пасаду можа ўладкавацца кожны. Адсюль і ўзнікаюць некаторыя праблемы.

    — Якія яшчэ, акрамя акрэсленых вышэй, змены з'явіліся ў ахове спадчыны пасля ўвядзення Кодэкса аб культуры?

    — У яго ўвайшлі ўсе тыя нарматыўна-прававыя акты, якія раней былі асобнымі. У тым ліку інструкцыі і палажэнні. Напрыклад, цяпер стала дакладна прапісана, якой павінна быць рэкламная канструкцыя, што змяшчаецца на аб'екце спадчыны, — усё павінна пісацца асобнымі літарамі. Калі раней Міністэрства культуры магло выдаваць прадпісанні аб спыненні работ, то цяпер яно такой кампетэнцыі не мае. Мы можам звярнуцца да мясцовай улады з інфармацыяй пра парушэнне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І яны, і мы можам скласці пратакол — да гэтага прыслухоўваюцца.

    Автор: Ніна ШчарбачэвічЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)