19 Апреля, 2024 Пятница

У што верылі нашы продкі

  • 08 февраля 2018 Культура Беларуская 0

    Калі нашы продкі заўважалі, што ў дзяжы з’явіўся пясок, малако ў збане разбавілі вадой, з кубла нехта вывернуў сала, то адразу разумелі: пагаспадарылі Злыдні (адзін з іх на здымку 1).

     Гэта згорбленыя, у вялікіх ботах істоты, якія жывуць за печчу, выбіраюцца адтуль, калі хата пусцее, і пачынаюць дробна злыднічаць. Дарэчы, лічылася, што Злыдні селяцца там, дзе сходзіць Дамавік. Гэта толькі адзінкавыя прыклады міфалагічных істот, у якіх верылі нашы продкі. А іх, як аказалася, безліч. І ў кожнага ёсць свая гісторыя. Хто зацікавіцца гэтай тэмай, таму шлях у Любанскі музей народнай славы, што па вуліцы Леніна, 19 у райцэнтры. У мінулую пятніцу там адбылося адкрыццё выставы «Старыя героі. Новы свет».

    Экспазіцыя – толькі частка вялікага рознапланавага і доўгатэрміновага праекта «LIPA.CLUB», асноўная мэта якога – папулярызацыя беларускай міфалогіі.

    Ініцыятарамі, распрацоўшчыкамі, аўтарамі і актыўнымі здзяйсняльнікамі гэтага праекта з’яўляюцца тры чалавекі: Валерый Слаук – мастак, Антон Шыпіца – скульптар, Павел Арлоў – спецыяліст у галіне IT-тэхналогій. У планах каманды аднадумцаў – стварэнне ўнікальнага каталога беларускіх міфалагічных персанажаў.

    Ліпа (слова ўключана ў назву праекта) – гэта невялікі пасёлак непадалёку ад Нясвіжа. Там часткова захаваўся маёнтак роду Абуховічаў. Стваральнікі праекта плануюць «насяліць» тэрыторыю сядзібы персанажамі беларускай міфалогіі і запрасіць паглядзець на гэта турыстаў. Дарэчы, як тое будзе выглядаць, можна ўжо пабачыць, праўда, толькі віртуальна. У гэтым дапаможа 3D-гульня, падчас якой гульца чакае сустрэча з міфалагічнымі істотамі. Падказкі, якія дапамогуць пры выкананні заданняў, можна пачуць у расказе экскурсавода.

    – Міфалагічныя персанажы Беларусі, якіх мы, на жаль, не ведаем, – прыземленыя істоты, – адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Квіткевіч. – Яны не маюць свайго Алімпа, ходзяць па зямлі разам з людзьмі. Іх можна сустрэць у полі, на балоце, рацэ, ускрайку вёскі, яны жывуць у хатах і ў гаспадачых пабудовах. Адна з асаблівасцей персанажаў – яны ідуць на кантакт з чалавекам: іх лёгка задобрыць і заручыцца падтрымкай. Аднак яшчэ трэба ведаць, як гэта зрабіць.

    У музеі можна пабачыць роставыя фігуры Зюзі, Лазавіка, Жэўжыка, Ёўніка (на здымку 2), Жыценя, Шатана, Дамавіка і Дамавухі, Злыдняў, Дзедкі… Мы не будзем раскрываць усіх сакрэтаў. Лепш пазнаёміцца з героямі беларускіх казак, міфаў і легенд самастойна. Несумненна, выстава будзе цікавай наведвальнікам самых розных узростаў. Музей працуе з аўторка па суботу з 9.00 да 18.00. Тэлефон для даведак 55-0-32.

    Автор: Дар’я РАБЦАВА.Голас Любаншчыны
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)