29 Марта, 2024 Пятница

Ніна Давыдзенка: Дасягнуць можна амаль усяго, калі паставіць мэту

  • 13 февраля 2018 Культура Беларуская 0

    85-гадовая народная артыстка Беларусі, знакамітая балерына Ніна Давыдзенка да гэтага часу працуе і кожную раніцу ўстае а палове шостай...

    Балет увайшоў у жыццё нашай гераіні ў далёкім 1943 годзе. Уявіце сабе: мінулі найцяжэйшы 41-ы і галодны 42-і гады, 10-гадовая Ніна з мамай толькі-толькі вярнулася ў Маскву пасля эвакуацыі ў Заволжа. У краіне на ўсю моц бушуе вайна, працягваецца блакада Ленінграда… А мама бярэ Ніну за руку і вядзе ў харэаграфічнае вучылішча пры Вялікім тэатры оперы і балета. І пасярод жудаснага ваеннага хаосу маленькая дзяўчынка пачынае вучыцца танцаваць...

    Яна на той момант ніякага ўяўлення не мела пра балет, ніколі яго не бачыла. І гэты даволі выпадковы выбар яе маці, незразумела чым прадыктаваны, але, пагадзіцеся, невытлумачальна цудоўны… Што гэта было? Легкадумнасць, невычэрпнае жыццялюбства, невынішчальная вера ў лепшае, у светлую будучыню, нягледзячы ні на што? Гэта ўжо не мае значэння — важна, што яе парыў душы ў рэшце рэшт стаў Нініным лёсам.

    А ў 1952 годзе, пасля заканчэння вучобы Ніна Давыдзенка прыязджае ў Мінск (дарэчы, яе бацькі з Беларусі, і сама яна нарадзілася ў Віцебску, але потым сям'я пераехала ў Расію: спачатку ў Ленінград, потым у Растоў-на-Доне, а ў 1939 годзе ў Маскву) працаваць у Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета БССР, і з гэтага часу практычна ўсё яе жыццё будзе звязана з гэтым тэатрам. Тут яна танцавала крыху больш за два дзесяцігоддзі, стала вядучай салісткай, станцавала ўсе класічныя балеты, якія ішлі ў тэатры, атрымала званне заслужанай, а потым народнай артысткі Беларусі. А пасля сыходу са сцэны засталася працаваць тут жа педагогам-рэпетытарам… І да гэтага часу, у свае 85 гадоў працуе — выкладае класічны танец у харэаграфічнай гімназіі-каледжы.

    Як жыць ярка?

    … У вестыбюлі навучальнай установы нас з фотакарэспандэнтам сустракае мініяцюрная жанчына з жывым, ясным позіркам, які робіцца прамяністым, калі яна ўсміхаецца. Час робіць адзнакі на ўсім жывым і нікога не абыходзіць сваёй увагай, і самыя бліскучыя балерыны рана ці позна сыходзяць са сцэны, але балетнае мінулае адчуваецца ў Ніне Сцяпанаўне дагэтуль — у ідэальна роўнай спіне і прыгожай пластыцы рук, і яшчэ ў чымсьці няўлоўным (можа, ва ўнутранай сабранасці?). Мы пачынаем размаўляць — пра яе жыццё і пра ўсё на свеце. Гаворым пра кафэ-марожаныя ў Маскве пачатку 50-х («Я па 900 грамаў марожанага там з'ядала, калі вучылася, якое яно тады было смачнае!» — успамінае, смеючыся, Ніна Сцяпанаўна), пра змяненне клімату і раставанне снягоў на полюсах, пра інтэрнэт і тэлебачанне, пра навуку і пра Настассю Валачкову, нават пра самагубцаў і вялікі цуд жыцця… Ну і, зразумела, пра балет.

    І мне хочацца прывесці зараз фрагменты размовы са сваёй знакамітай суразмоўніцай і нейкія моманты, якія я вырашыла абазначыць (можа, залішне смела?) як правілы, магчыма, высновы — як жыць плённа, доўга, ярка — і быць шчаслівым.

    Такім чынам...

    Знайсці сваю справу

    «Дасягнуць можна амаль усяго, усё можна развіць, нават калі і няма нейкіх асаблівых задаткаў, калі прырода і недадала штосьці — гэта я ведаю дакладна. Але трэба паставіць мэту і пастаянна працаваць над ёй. Я, напрыклад, калісьці паставіла перад сабой мэту стаць не проста балерынай, а вядучай салісткай, танцаваць галоўныя партыі — і дасягнула гэтага.

    ...І зараз пастаянна кажу сваім вучаніцам, што ў іх павінна быць мэта ў жыцці. Навошта вы прыйшлі ў балет? Да чаго імкняцеся? Чаго хочаце: проста танцаваць у кардэбалеце ці чагосьці большага?»

    «Калі я вучылася ў Маскве, шмат хадзіла на пастаноўкі драматычных тэатраў, і цяпер прывіваю гэта сваім вучням. Бо ў балеце трэба не толькі танцаваць — неабходна быць выразным, несці вобраз, быць артыстам. Гэта майстэрства трэба ўбіраць у сябе, наведваючы драматычныя спектаклі. І трэба абавязкова хадзіць у філармонію, каб навучыцца адчуваць усе нюансы музыкі...»

    Балет — гэта неверагодна прыгожа, але за кулісамі ёсць тое, чаго не бачаць гледачы — разбітыя ў кроў пазногці на нагах, сцёртыя пальцы, болі ў мышцах… Вельмі хутка зношваюцца суставы, таму балерыны рана сыходзяць на пенсію. «А яшчэ большыя нагрузкі — на нервовую сістэму, — дадае Ніна Сцяпанаўна. — З-за дзікага хвалявання перад выхадам на сцэну, поўнай эмацыянальнай аддачы падчас спектакля… Але з балета яшчэ ніхто не сыходзіў, ніхто не кідаў яго па сваёй волі. Таму што ён зацягвае. Нягледзячы на пот, боль, каласальныя нагрузкі… Ён дорыць нейкі асаблівы ўнутраны стан, гэта цяжка растлумачыць… Дзіўныя, незабыўныя эмоцыі… А пачуццё, калі ты пасля спектакля стаіш на паклоне, непараўнальна ні з чым!»

    … Напэўна, гэта датычыцца любой любімай справы, калі займацца ёю з поўнай самааддачай: яна многага патрабуе, але пры гэтым дае яшчэ больш.

    Быць заўсёды ў форме

    Нельга ўзяць і навучыцца танцаваць раз і назаўжды. Неабходна пастаянна падтрымліваць форму і ўдасканальваць майстэрства.

    Ніякае натхненне не дапаможа зрабіць 32 фуэтэ, а вось даведзены да аўтаматызму кожны рух — дапаможа.

    «Калі дазволіш сабе расслабіцца, на наступны дзень танцаваць ужо нашмат цяжэй, адчуванні ад мышцаў зусім іншыя, — кажа Ніна Сцяпанаўна. — Значыць — нельга прапусціць ні дня! Даганяць потым вельмі складана, мышцы хутка «распускаюцца», іх трэба ставіць на месца. Таму ў многіх балерын няма дзяцей. Я сама праз тры месяцы пасля нараджэння сына ўжо танцавала «Спячую прыгажуню». Мне было тады 28 гадоў, я хутка ўвайшла ў норму...»

    Ніне Давыдзенцы было не займаць працавітасці. На сайце гісторыка і тэатральнага крытыка Дзяніса Марціновіча прыводзіцца ўспамін вядомага даследчыка балета Юліі Чурко: «Нават самыя працаздольныя не маглі ўгнацца за ёй (Нінай Давыдзенкай. — заўв. аўт.) у той сапраўды астранамічнай колькасці паўтораў кожнага па, з дапамогай якіх яна дамагалася лёгкасці і чысціні іх выканання. Менавіта яна даўжэй за ўсіх заставалася ў балетнай зале, гэта яна карысталася любой магчымасцю, каб лішні раз зрабіць з партнёрам цяжкую падтрымку, выканаць піруэты, прайсці варыяцыю...»

    І цяпер яна працуе, хоць і прызнаецца: «Вельмі стамляюся. Часам бывае: надакучыла ўсё, не хачу! Але ўстаю ранкам, таму што трэба: у мяне ёсць урок, я павінна быць у форме. І ёсць яшчэ нешта… Вось мае дзяўчынкі робяць рух, а я кажу: «лапатку трымай! руку пацягні!» — і сама ва ўяўленні ўсё гэта раблю, працуе нешта такое ўнутры, не ведаю, як гэта растлумачыць… Калі рыхтую варыяцыі, якія сама калісьці танцавала, успамінаю нюансы — гэта ўсё ўнутры вельмі моцна пражываецца, на ўзроўні пачуццяў. І, напэўна, дапамагае. Адна мая сяброўка, якая таксама калісьці танцавала ў балеце, увесь час кажа: «Навошта ты працягваеш працаваць? Табе ўсё роўна ніхто помнік не паставіць!» Адказваю: «Я не з-за помніка прыходжу на работу. Проста я ў руху, я патрэбная, у мяне ёсць зносіны з людзьмі, я адчуваю амаль тыя ж хваляванне і пачуцці, як калісьці… І я так люблю гэтыя моманты, калі іграе канцэртмайстар! Падпарадкоўваюся мелодыі, апынаюся ва ўладзе музыкі… Я ўпэўнена: лепш быць танкаскурым чалавекам, і ярка, востра адчуваць прыгажосць мастацтва і жыцця...»

    Навучыцца атрымліваць асалоду ад працы

    «Наша прафесія цяжкая, у яе вельмі цяжка ўвайсці і заставацца. Збоку можна падумаць: і навошта людзі ў яе ідуць, навошта ім гэта трэба? Але для некаторых у гэтым і заключаецца сэнс. Быць у расслабленасці — хіба ж гэта паўнавартаснае жыццё? Вось калі ты працуеш над сабой, пераадольваеш сябе, тады ў момант, калі можаш адпачыць, ты па-сапраўднаму, у поўную моц адчуваеш гэтую асалоду ад расслабленасці, а ўвесь час жыць так — гэта не тое, і задавальненне ад гэтага таксама не тое...»

    Заняткі ў харэаграфічнай гімназіі-каледжы пачынаюцца ў 8.30. Ніна Сцяпанаўна паднімаецца а палове шостай. «Каб паспець прывесці сябе ў парадак», — тлумачыць.

    Ужо шмат гадоў кожны дзень адразу пасля абуджэння яна выконвае цэлы комплекс, распрацаваны самастойна, які складаецца з самамасажу, кропкавага масажу, фізічных практыкаванняў і расцяжкі. Нейкія парады ўзяла з кніг, штосьці пачула ў перадачах, прысвечаных здароўю, па тэлевізары. «Трэба прывесці сябе ў тонус, прымусіць мышцы папрацаваць. Вось гэтая мышца (паказвае на сцягно ззаду) — гэта фактычна наша другое сэрца, яе абавязкова трэба распрацоўваць. На ёй, між іншым, і ўвесь балет выбудаваны… Я прапрацоўваю і кожны пальчык на нагах. А сплю, між іншым, усё жыццё галышом, ніякіх начных кашуль! Гэта я ўзяла ад ёгаў. Потым, калі ўстаю і апранаю халат, абавязкова адчыняю дзверы на балкон і дыхаю па Парфірыю Іванову: «ем паветра» — і так 20 разоў.

    … Кармлю кошак і іду ў душ. У ванным пакоі стаіць літровая бутэлька з адмысловым растворам (на літр вады дзве сталовыя лыжкі солі і сталовая лыжка воцату). Пасля душу абліваю сябе ім, бяру жорсткую шчотку і шарую ўсё цела так, каб гарэла. І ніколі не выціраюся! Усё гэта дае бадзёрасць. Я гадоў 50 ужо так раблю. І хварэю на прастуду вельмі рэдка, у тым ліку дзякуючы гэтаму, я думаю».

    Сняданак у Ніны Сцяпанаўны мініяцюрны. «Звычайна гэта кава з вяршкамі, варанае яйка і кавалачкі тры белага хлеба, — кажа яна. — Апошнім часам купляю не белы хлеб, а французскі, ён цяпер прадаецца ў нашай булачнай каля дома — там няма цукру. Дазваляю сабе трохі масла. На наступны дзень мой сняданак можа складацца толькі з кубачка кавы і некалькіх лустачак сыру — і ўсё. Ніякіх каш я не ем і ніколі не ела. Часам раблю сама тваражок… У цэлым, стараюся есці менш мяснога і салодкага, хоць вельмі люблю пірожныя. Але я не фанатка ў гэтых пытаннях, часам па нядзелях дазваляю сабе пірожнае...»

    «Усё ем без хлеба, раней наогул не магла дазволіць сабе нічога мучнога. Калі танцавала, увечары, натуральна, нічога не ела, і пасля спектакля таксама. Некаторыя балерыны вячэралі пасля спектакля, а мне толькі вельмі хацелася піць. Усё было падпарадкавана балету...»

    «Прымаць любы ўзрост з удзячнасцю»

    Артысты балета рана сыходзяць на пенсію — у 39 гадоў, праз 20 гадоў працы на сцэне. Многія перажываюць гэта вельмі балюча… «Я пайшла зусім спакойна, таму што падрыхтавала сябе да гэтага, загадзя сябе настройвала, што трэба сысці своечасова, — успамінае Ніна Сцяпанаўна. — Але засталася працаваць у тэатры рэпетытарам: рыхтавала артыстаў для сцэны. Потым 10 гадоў выкладала танец оперным спевакам у кансерваторыі, таму што яны таксама павінны валодаць прыгожай пластыкай. Я жыву на вуліцы Чычэрына, побач з оперным тэатрам. Калі іду на метро, часам сустракаю сваіх былых вучняў. Усе яны ўжо атрымалі званні...»

    «Цяпер у мяне выпускны клас у харэаграфічнай гімназіі-каледжы. Рыхтуемся да канцэрта, які пакажам перад японцамі. У нас вучацца не толькі беларусы, але і дзяўчынкі з Расіі — Калінінграда, Масквы, Пецярбурга, а таксама Украіны, Японіі… Японкі, як прыязджаюць, адразу ж пачынаюць вучыць рускую мову, і за пару гадоў добра ёю авалодваюць, таму ніякіх моўных цяжкасцяў няма. Да таго ж, выкладанне харэаграфіі адбываецца напалову на французскай мове, таму што ўсе назвы рухаў — на французскай.

    … Цяпер дзяўчынкі больш вольныя і разняволеныя. Мы калісьці па струнцы перад педагогамі хадзілі… І былі больш сканцэнтраваныя на сваёй прафесіі, а ў сучасных дзяцей шмат спакусаў — інтэрнэт, мабільныя тэлефоны… І яшчэ я зараз нярэдка назіраю ў іх завышаную самаацэнку. Яны трапілі сюды і думаюць, што ўжо балерыны, але адна справа паступіць… Каб стаць балерынай, трэба вельмі шмат працаваць...»

    ***

    І гэта, мабыць, галоўныя словы, якім падпарадкоўваецца наша гераіня ўсё сваё доўгае, цяжкае, але такое насычанае і прыгожае жыццё. А без працы не было б ні гэтай прыгажосці, ні здароўя, ні, можа, і даўгалецця...

    Автор: Святлана БуськоЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)