29 Марта, 2024 Пятница

Павел Сапоцька: Тут працуюць апантаныя

  • 12 апреля 2018 Культура Беларуская 0

    Новы дырэктар Нацыянальнага гiстарычнага музея — пра сакрэты паспяховасцi культурнага работнiка i планы па піяры нашай мiнуўшчыны.

    Паўлу Сапоцьку ўсяго 26 гадоў. Не дзiўна, што яго прызначэнне дырэктарам Нацыянальнага гiстарычнага музея для многiх было нечаканым. Але той, хто сутыкаўся з Паўлам раней, ведае, што гэта чалавек, якiя паспеў не толькi скончыць магiстратуру Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў i пачаць выкладаць, але i папрацаваць з рознымi ўстановамi, часцей культурнай скiраванасцi, — Беларускiм фондам культуры, дабрачынным фондам «Спадчына Мiхала Клеафаса Агiнскага», Беларускiм таварыствам дружбы i культурнай сувязi з замежнымi краiнамi, Рэспублiканскай канфедэрацыяй прадпрымальнiцтва. Прычым супрацоўнiцтва часцей за ўсё адбывалася на валанцёрскiх пачатках — проста таму, што цiкава! Вiдавочна, што гэта сапраўдны энтузiяст, якi, аднак, мае i адпаведную адукацыю, i карысны вопыт.

    Мы завiталi ў кабiнет Паўла Сапоцькi, калi ён толькi распакоўваў рэчы. Адметна, што акрамя пары папак з паперамi i двух пiнжакоў на плечыках разам з iм пераехалi i некаторыя мастацкiя творы — з уласнай невялiчкай калекцыi. Гэта «Пачатак» Настассi Люцько, выкананы ў тэхнiцы роспiсу па шкле, жывапiсныя палотны Галiны Рэйлян «Старыя» i Уладзiмiра Акулава «Сабака на чырвоным фоне», а таксама надзвычай адметны керамiчны збан Тамары Васюк. Гэтыя i некаторыя iншыя прыгожыя рэчы, зробленыя беларускiмi творцамi, у хуткiм часе аздобяць працоўную прастору дырэктара. Паўлу не трэба задаваць шмат пытанняў: ён, як чалавек вельмi зацiкаўлены сваёй справай, сам iмкнецца падзялiцца важным.

    Пра выбар метадаў i новыя iдэi

    — Нашы каштоўнасцi i дасягненнi ў гiсторыi i культуры трэба даносiць да людзей рознымi спосабамi i формамi. У тым лiку з дапамогай квэстаў, опэн-эйраў, нават флэшмобаў. Галоўнае, каб яны былi напоўнены паўнавартасным зместам i, вядома ж, адпавядалi паняццю «музейная дзейнасць». Безумоўна, формаў работы павiнна быць шмат — пачынаючы ад навукова-практычных канферэнцый, круглых сталоў, выставачных праектаў, да, верагодна, забаўляльных iмпрэз.

    У мяне ёсць iдэя стварыць на базе Нацыянальнага гiстарычнага музея фiлiялы некаторых кафедраў — напрыклад, Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў. Калi да нас прыйдуць будучыя музейшчыкi, менеджары ў сферы мiжкультурных камунiкацый, у сферы маркетынгу — гэта будзе добры вопыт для студэнтаў. Бо добрым спецыялiстам можна стаць толькi пры ўмове рэальнага супрацоўнiцтва са сваёй галiной яшчэ падчас навучання. Мы заўсёды запрашалi i будзем запрашаць студэнтаў для арганiзацыi Фэсту экскурсаводаў i Ночы музеяў.

    Пра прызначэнне i сiмвалiзм

    — Калi мне паведамiлi пра прызначэнне дырэктарам Нацыянальнага гiстарычнага музея, я найперш запытаўся, цi змагу працягваць выкладаць ва ўнiверсiтэце культуры i мастацтваў. Майму пытанню вельмi здзiвiлiся i сказалi, што звычайна ў такiх выпадках адразу цiкавяцца памерам заробку i наяўнасцю службовага аўто… Вырашылi, што на палову стаўкi выкладаць змагу, тады я супакоiўся. Бо ў адваротным выпадку, верагодна, не здолеў бы сысцi з унiверсiтэта, бо гэта сапраўды мая альма-матар i вельмi родная прастора, якую я люблю. Спадзяюся, што памiж гэтымi дзвюма ўстановамi наладзяцца цёплыя партнёрскiя стасункi. А фотаздымак нашага апошняга рэктарата зусiм хутка ўпрыгожыць гэты кабiнет.

    Адметна, што ў мой першы працоўны дзень у Нацыянальны гiстарычны музей па лiнii фонду «Спадчына Мiхала Клеафаса Агiнскага» завiтала дэлегацыя з 12 чалавек з Лiтвы, у тым лiку мае сябры, — дырэктары тамтэйшых музеяў. I гэта таксама для мяне сiмвалiчна: людзi, якiя былi маiмi настаўнiкамi з вялiкай лiтары, сталi першымi, хто наведаў гэты кабiнет у якасцi афiцыйнай дэлегацыi.

    Пра багатыя фонды, якiя трэба паказаць свету

    — У нас ёсць глобус, на якiм пазначана, з музеямi якiх гарадоў i краiн мы супрацоўнiчаем. Не хапае толькi пазнакi Амана, бо лiтаральна пару дзён таму выстава з фондаў гiстарычнага музея прайшла ў гэтай краiне. Там быў прадстаўлены ў тым лiку i пояс Вiтаўта.

    Я ўпэўнены, што мы павiнны ганарыцца нашымi здабыткамi, нацыянальнай гiсторыяй, яна надзвычай багатая i ўнiкальная. Яе трэба прадстаўляць не толькi ў Беларусi, але i за межамi. Перакананы, што замежнiкам мы цiкавыя найперш сваёй культурай, традыцыямi, мовай, таленавiтымi, творчымi людзьмi. Калi мы прыязджаем у iншую краiну, цiкава завiтаць у музей, у фiлармонiю, пагутарыць з мясцовымi жыхарамi. А толькi потым мы звяртаем увагу, якiя там ёсць прамысловыя прадпрыемствы, як развiтая эканомiка. Таму адна з мэт музея — вельмi актыўна трансляваць культурныя здабыткi Беларусi. Замежнiкам варта даказаць, што мы цiкавыя. Дзякуючы замежным стасункам мы можам паказаць сваю культуру i рабiць цiкавыя мiжнародныя праекты.

    Пра мары i беларусаў замежжа

    — Разам з калегамi мы плануем аднавiць выпуск «Музейнага веснiка», а дакладней, зрабiць яго рэгулярным. Хацелася б, каб гэта быў паўнавартасны часопiс па музейнай справе, якi ўваходзiў бы ў пералiк выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камiсii. Як уваходзiць туды, напрыклад, «Беларускi гiстарычны часопiс» — выданне, у якiм за гонар апублiкавацца любому даследчыку. Падняць «Музейны веснiк» на новы ўзровень, з улiкам iснуючых магчымасцяў, надзвычай цяжка, таму пакуль пра гэта даводзiцца толькi марыць. А калi б тое спраўдзiлася, я быў бы шчаслiвы. Увогуле, мар у мяне шмат — марыць трэба.

    Хацелася б больш шырокую работу праводзiць з беларусамi замежжа. У нашых землякоў, якiя цяпер жывуць i працуюць у розных краiнах, вельмi моцны патэнцыял. Гэта навукоўцы, асветнiкi, мастакi, выкладчыкi — мы вельмi мала пра iх ведаем. Таму ў галерэi «Унiверсiтэт культуры» мы iнiцыявалi праграму, якая называецца «Беларускiя таленты ў свеце». Лiчу, што Нацыянальны гiстарычны музей павiнен да гэтай работы далучыцца. А ў галерэi мы працавалi сiстэмна: разам з газетай «Голас Радзiмы», Беларускiм дзяржаўным архiвам лiтаратуры i мастацтва рабiлi такую сур'ёзную працу па палярызацыi тых дасягненняў, якiх нашы суайчыннiкi дамаглiся за мяжой.

    Пра важнасць юбiлейных дат

    — Хацелася б не прамiнаць i важныя юбiлейныя даты. Летась паўсюль гучалi Колас, Купала, Скарына. Але былi i знакавыя даты iншых дзеячаў, пра якiя было сказана надзвычай сцiпла. Гэта наша недапрацоўка, дзеячаў i работнiкаў устаноў культуры. Усё-такi ў нас ёсць i палкаводцы, i навукоўцы, i пiсьменнiкi, i мастакi, спадчыну якiх варта вывучаць не толькi ў межах Нацыянальнай акадэмii навук i дзвюх-трох гуманiтарных кафедраў ВНУ, але i ў музеях, у бiблiятэках, у кiназалах. Нават тыя ж навукова-практычныя канферэнцыi можна арганiзаваць ярка, прыгожа, з асвятленнем у сродках масавай iнфармацыi. Возьмем, напрыклад, 100-годдзе Машэрава: не так шмат праходзiла iмпрэзаў, прысвечаных гэтаму знакаваму чалавеку, якi будаваў краiну ў цяжкiя часы.

    У нас павiнна быць не толькi фондавая i навуковая дзейнасць, але i тое, што мы называем public relation, цi пiяр. Бо пiярыць можна не толькi мэблю, абутак цi цукеркi — мы павiнны пiярыць цiкавыя факты з нашай гiсторыi. Натуральна, зазвычай мы кажам «папулярызаваць», «трансляваць». Асабiста мне вельмi блiзкае паняцце рэвiталiзацыi — яно датычыцца пэўных дат, гiсторыка-культурных каштоўнасцяў, iмёнаў, якiя паступова паўстаюць з небыцця. Трэба працягваць працу, распачатую Мальдзiсам, Шчасным, Скарабагатым — для мяне гэта знакавыя людзi, якiя адраджаюць нашу культуру.

    Пра цiкавасць i вернасць прафесii

    — Каб якасна займацца сваёй справай i шмат паспяваць, патрэбна цiкавасць. А што датычыцца работнiкаў культуры, то каб быць паспяховымi, патрэбны некалькi ўмоў. Па-першае, сапраўдная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, яе культуры i гiсторыi. Па-другое, моцнае жаданне зрабiць сваю справу па адраджэннi, вывучэннi, прэзентацыi культурных каштоўнасцяў. Неабходна схiльнасць i вернасць сваёй прафесii — той прафесii, дзе грошай будзе зароблена мала, дзе, безумоўна, вялiкая праца праводзiцца «за кулiсамi» i не заўсёды можна атрымаць сапраўднае прызнанне, узнагароды. Гэта не эстрада, а зусiм iншае вымярэнне. У iм працуюць толькi апантаныя людзi, якiя разумеюць усю глыбiню i важнасць гэтай працы, звязанай з гiсторыяй, культурай i мовай.

    У нашай краiне вельмi шмат было зроблена дзякуючы грамадскiм iнiцыятывам i пазабюджэтнаму фiнансаванню. Без гэтага мы не пабачылi б шматлiкiя добраўпарадкаваныя тэрыторыi помнiкаў, не змаглi б правесцi многiя работы па рэстаўрацыi, кансервацыi, музеефiкацыi пэўных аб'ектаў, не зладзiлi б некаторыя навуковыя i музычныя iмпрэзы. Я заўсёды быў упэўнены, што грамадскi сектар з'яўляецца памочнiкам дзяржавы ў рэалiзацыi культурнай палiтыкi i ў пэўным сэнсе з'яўляецца ратавальнiкам.

    Пра сцiпласць i тое, што за ёй хаваецца

    — Ёсць такое паняцце, як сцiпласць. I я яго вельмi не люблю i ўвогуле баюся. Напрыклад, ва ўнiверсiтэце культуры i мастацтваў ёсць вельмi цiкавыя, таленавiтыя студэнты. Але яны сцiплыя, i мала хто можа даведацца пра iх талент. I не кожны выкладчык заўважыць яго. Тое датычыцца i розных спецыялiстаў… Таму ў розных праектах, у якiх браў удзел, я iмкнуўся адкiдваць гэтую сцiпласць i, вядома, працаваў з рознымi людзьмi, арганiзацыямi — i гэта мне дапамагло. Хтосьцi кажа, што распыляцца нельга, але насамрэч я нiколi не распыляўся. Праца з Канфедэрацыяй прадпрымальнiцтва, Беларускiм фондам культуры, фондам Мiхала Клеафаса Агiнскага, унiверсiтэтам культуры i мастацтваў, галерэяй, цяпер музеем — насамрэч гэта такое кантактнае, камунiкатыўнае поле, дзякуючы якому можна больш комплексна i цiкава праводзiць розныя праекты. Амаль усе мерапрыемствы, якiя я ладзiў, могуць быць прылiчаны да актыўнасцяў любой з пералiчаных мной арганiзацый. Бо шмат было зроблена менавiта на стыку. Я заўсёды ведаў, што галоўнае — гэта сiстэмная праца. Трэба падтрымлiваць кантакты, праводзiць праекты з самымi рознымi ўстановамi.

    Пра тое, з чаго пачалася любоў

    — Верагодна, мая цiкавасць да гiсторыi i культуры пачалася яшчэ ў школе № 7 горада Маладзечна. Нiчога не адбываецца на пустым месцы. Чаго вартая толькi настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Таццяна Буйко (цяпер намеснiк дырэктара. — Аўт.), якая далучала нас да розных праектаў. Мне сапраўды было цiкава тое, што можна паўдзельнiчаць, зрабiць добрую справу, пазнаёмiцца з людзьмi, нешта стварыць (гэта можа быць насценгазета, цi вучнёўская iмправiзаваная канцэпцыя чаго-небудзь, цi невялiчкая фотавыстава — мы ўсё гэта рабiлi). Я з пяшчотай i цеплынёй успамiнаю родную 7-ю школу, пазней яна стала лiцэем, а цяпер — гiмназiяй. Гэтаксама станоўчыя адчуваннi выклiкае i мастацкая школа, унiверсiтэт. Я кнiг прозы цi вершаў не пiшу, танчыць не ўмею, жывапiсам не займаюся, не спяваю, але займаюся менеджарскай справай у галiне культуры, што таксама з'яўляецца творчасцю.

    Мае бацькi — людзi, якiя нiколi не мелi дачынення да галiны культуры. I калi я паступiў ва ўнiверсiтэт культуры і мастацтваў, яны схапiлiся за галаву, бо не ведалi, як можна працаваць у культуры. Гэта залатыя людзi, якiя ўсё-такi заўсёды падтрымлiваюць мяне ва ўсiх пачынаннях. Тата ў мяне будаўнiк, мама — метролаг, бабуля — настаўнiк, дзядуля быў кiраўнiком аддзела на радыёзаводзе «Спадарожнiк», а потым заняўся выкладаннем фiзiкi ў вячэрняй школе. Але яны апантаныя, неабыякавыя людзi, заўсёды вазiлi мяне ў пэўныя экспедыцыi i вандроўкi. З жонкай мы любiм падарожнiчаць i цяпер. Прычым у нас культурныя вандроўкi — з наведваннем музеяў, тэатраў, я шмат у якiх музеях бываў, i далёка не ўсё падабалася там. Але найбольш уражваюць зазвычай мемарыяльныя кватэры — Гнесiнай у Маскве, Пушкiна i Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу, Чурлёнiса ў Вiльнюсе. Я заўсёды назiраю, якiм чынам адбываецца дыялог памiж музеем i наведвальнiкам, памiж экскурсантам i экскурсаводам, якiм спосабам робiцца прэзентацыя калекцый — усё гэта надзвычай важна.

    Автор: Ніна ШчарбачэвічЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)