20 Апреля, 2024 Суббота

Належным чынам

  • 23 марта 2017 Экономика Беларуская 0

    Сярэдняя штодзённая норма выпрацоўкі механізатара эксперыментальнай базы «Любанская» Віталія Рудзько (на здымку злева) складае каля 40 гектараў. Менавіта столькі засявае ён раннімі яравымі. Дапамагае вопытнаму і рупліваму хлебаробу ў гэтай справе сеяльшчык Уладзімір Кучынскі (на здымку справа).

     Увогуле ж на палявых работах у гаспадарцы, як зазначыў дырэктар Яўген Лапіцкі (у цэнтры здымка), заняты штодзень дзевяць-дванаццаць механізатараў. Яны ажыццяўляюць ворыва, культывацыю, вывазку і ўнясенне арганікі і г. д. Днямі ў эксперыментальнай базе завершана падкормка азімых зерневых, свірэпіцы і рапсу азотнымі тукамі.

    Яравы клін у гаспадарцы будзе займаць 2 500 гектараў. На 1 600 з іх мінулай восенню ўзнята зябліва. Астатнія ўчасткі ўзараць неабходна цяпер. У першую чаргу рыхтуюцца тыя, што вызначаны менавіта пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. А гэта 1 600 га. З іх 300 адведзена пад авёс, насенне якога і загортваюць зараз у глебу.

    Да слова, каб закласці трывалую аснову пад будучы ўраджай, у эксперыментальнай базе паклапаціліся пра набыццё элітнага насеннага матэрыялу – 38 тон ячменю, аўса і трыцікале. Часткова запасліся і мінеральнымі тукамі, неўзабаве плануецца завезці яшчэ, так сказаць, пад поўную патрэбу.

    Належная ўвага надаецца, па словах кіраўніка, ідэалагічнаму забеспячэнню сельгаскампаніі. Распрацаваны і зацверджаны расцэнкі на аплату ўсіх відаў работ, умовы працоўнага спаборніцтва, арганізаваны перад- і паслярэйсавы кантроль, гарачае харчаванне. Зразумела, усе механізатары папярэдне прайшлі медагляд і інструктаж па тэхніцы бяспекі.

    Такім чынам, усё прадугледзелі ў гаспадарцы, што называецца, падрыхтаваліся належным чынам. І цяпер галоўнае – не прамаруджваць. Але, на жаль, на поўную сілу пакуль шчыраваць не атрымліваецца. Стрымліваючы фактар – пераўвільготненасць палеткаў. На многіх участках агрэгаты нават на спараных колах не могуць праехаць. Таму работы вядуцца выбарачна. Тым не менш, нягледзячы на ўсе складанасці, Яўген Мікалаевіч выказаў упэўненасць, што раннія яравыя будуць загорнуты не пазней як за два тыдні. Пры гэтым, вядома, з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў.

    Трэба сказаць, хаця прыярытэт зараз аддаецца палявым работам, але і ўсе астатнія ў «Любанскай» арганізаваны як трэба. Не спыняецца добраўпарадкаванне жывёлагадоўчых аб’ектаў, вядзецца грэйдзіраванне гаспадарчых дарог і інш.

    Автор: Наталля Вілента.Голас Любаншчыны
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)