18 Апреля, 2024 Четверг

Час вялікага цукру

  • 07 сентября 2017 Экономика Беларуская 0

    У памяці яшчэ свежыя ўспаміны, калі пры ўборцы збожжавых культур нашы бабулі выкарыстоўвалі серп. А я сама, будучы школьніцай, падчас ўборкі цукровых буракоў збівала бацвінне звычайным кухонным нажом. Сёння ў сельгас­прадпрыемствах усё інакш. “Ручныя прылады” адышлі на другі план, саступіўшы месца сучаснай высокапрадукцыйнай тэхніцы. Так “Лексіёны” і “Джон Дзіры” замянілі сярпы, а “Вервайты” – нажы. 

    На буракаўборачным камбайне галандскай вытворчасці “Вервайт” у КСУП “Пархімаўцы” Бераставіцкага раёна заўзята працуе механізатар Сяргей Сушко. Застаю яго на палетках паблізу вёскі Леснявічы, тут якраз ідзе адгрузка новай партыі ўраджаю. Праца спорыцца, уборка ідзе па строгаму графіку. Як прызнаецца Сяргей Мікалаевіч, ён ужо сёмы год запар заняты не толькі на ўборцы салодкага кораня, але і на яго сяўбе. Таму на дадзены момант яго галоўная задача – своечасова і якасна ўбрать караняплоды. А нараканняў у гэтай справе і быць не можа, бо ў выніку чаго, прад’яўляць іх прыйдзецца самому сабе. Па словах намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце КСУП “Пархімаўцы” Віктара Кашлявіка, уборка караняплодаў у сельгас­прадпрыемстве пачалася 28 жніўня. З 149 гектараў зямель, адведзеных пад цукровыя буракі, па стане на 4 верасня салодкія карані ўбраны на 10 гектарах. Пра неблагі вопыт у справе вырошчвання гэтай культуры сведчыць ураджайнасць, якая складае 530 цэнтнераў з гектара. 

    — Цукровыя буракі – найважнейшая тэхнічная культура, якая дае сыравіну для цукровай прамысловасці, – гаворыць мой суразмоўца. – Сабраны ўраджай у сельгаспрадпрыемстве адпраўляецца на перапрацоўку ў ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”, які з першага верасня ўжо пачаў прыём буракоў новага ўраджаю. Адходы ж перапрацоўкі ідуць на патрэбы жывёлагадоўлі. Дарэчы, свой унёсак ва ўборку салодкага кораня робіць і беларуская чыгунка, бо менавіта чыгуначным транспартам ажыццяўляецца перавозка караняплодаў да пункту прызначэння.    

    Увогуле, напружаная праца на бураковых плантацыях будзе кіпець, як мінімум, яшчэ цэлы верасень. Фота аўтара

    Автор: Вольга ЗаенчкоўскаяБераставіцкая газета
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)