20 Апреля, 2024 Суббота

Старажыл і сёння ў страі

  • 24 ноября 2017 Экономика Беларуская 0

    І не проста ў страі. У свае 125 гадоў ветэран прамысловасці раёна перажывае нават ужо не другую маладосць. Цяжка ўявіць, колькі змен адбылося больш чым за стагоддзе, а спіртзавод, цяпер ААТ “Мінск Крышталь” упраўляючая кампанія холдынга “Мінск Крышталь” цэх №6 г. Беразіно, не збаўляе тэмпаў вытворчасці, укараняе новыя тэхналогіі. Ды і ў цэлым, заўсёды крочыць у нагу з сучаснасцю, нягледзячы на тое, што размясціўся ў векавым будынку з багатай гісторыяй.

    Сёння, як дарэчы, і пяць, дзесяць гадоў таму назад, на прадпрыемстве штодзень выпускаюць 2 тысячы дэкалітраў спірту­сырцу. А быў час, калі адзінкай вымярэння прадукцыі тут былі вёдры, якія падлічваў заснавальнік вытворчасці граф Патоцкі. 

    Прынята лічыць, што прадпрыемства вядзе адлік з 1892 года, калі былі ўзведзены мураваны будынак, спіртасховішча, устаноўлена паравая машына і абсталяванне. Аднак першыя звесткі пра спіртавую вытворчасць у Беразіно, знойдзеныя ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, адносяцца да 1853 года. Пасведчанне на вінакурэнне таго часу сведчыць: “Ігуменскі павет №18 Бярэзінскі завод Графа Аўгуста Патоцкага на 3000 вёдраў віна”. З цягам часу вытворчасць пашыралася і ў 1892 годзе дасягнула 6000 вёдраў, да таго ж, як сведчаць дакументы, палепшылася якасць спірту, які сталі пастаўляць у вінныя склепы графа, частка прадукцыі вывозілася ў Барысаў, Бабруйск, Мінск і іншыя гарады.

    Рэвалюцыя 1917 года ўнесла свае змяненні, завод быў нацыяналізаваны, спірт сталі прымяняць для патрэб народнай гаспадаркі. У 30­-ыя гады пачалася рэканструкцыя, якая аказала ўплыў і на развіццё Беразіно – была пабудавана электрастанцыя, што забяспечвала электраэнергіяй не толькі завод, але і раённы цэнтр.

    У час Вялікай Айчыннай вайны завод практычна спыніўся, а адразу пасля вызвалення быў хутка адноўлены і ўжо ў канцы 1944 года наладжана вытворчасць. У 1948 годзе пачалася рэканструкцыя соладавага і брадзільнага аддзяленняў, на наступны год адрамантавана кацельня, яшчэ праз год – выкананы капітальны рамонт большасці падраздзяленняў, уведзены ферментны цэх. У 1958 годзе пачалі выпускаць сокі і крухмал, прадпрыемства стала працаваць кругласутачна, удвая павялічылася і вытворчасць спірту – да 700 дал. У 1977 годзе яна ўжо складала 1000 дэкалітраў, дзякуючы ўкараненню бесперапыннай схемы разварвання сыравіны.

    Паступова працягвалася ўдасканаленне і ўсе наступныя гады – пабудавана соладавае аддзяленне, цэх па вытворчасці вуглекіслаты, праведзена мадэрнізацыя кацельні, пабудаваны новы склад для захоўвання зерня, гаражы і фірменны магазін… У 1996 годзе ўведзена ў строй падпрацовачнае аддзяленне і вытворчасць узрасла да 1800 дэкалітраў спірту ў суткі, пабудаваны адміністрацыйна­бытавы корпус, што значна палепшыла ўмовы працы, бо акрамя адміністрацыі прадпрыемства, тут размясціліся гасцініца, пральня, лазня, раздзявалкі для рабочых і актавая зала.

    Літаральна праз два гады пачалася рэканструкцыя будынка завода, на наступны год пабудавана спіртаадпускное аддзяленне. І ўжо з 2002 года, калі завяршылася рэканструкцыя спіртапрыёмнага і брадзільнага аддзяленняў, у чарговы раз павялічылася прадукцыйнасць, і вытворчасць дасягнула 2000 дал спірту ў суткі.

    Сёння традыцыі прадпрыемства працягваюцца, яно па­ранейшаму развіваецца, каб, як усе гады існавання, адпавядаць свайму часу. Прайшоўшы шлях ад самастойнасці (да 1971 года) да чарговага сёлетняга структурнага змянення, яно не губляе сваіх пазіцый, адначасова ўкараняючы новыя тэхналогіі. Сёлета заключылі дагавор з прадстаўнікамі з Германіі на будаўніцтва цэха па сушцы шраціны, што дазволіць рэалізоўваць яе непасрэдна на камбікормавыя заводы для далейшай дапрацоўкі. Хаця і зараз адходы вытворчасці запатрабаваныя ў жывёлагадоўчай галіне сельгасарганізацый Бярэзінскага і бліжэйшых раёнаў. Як другасная сыравіна, рэалізуецца і вуглекіслата, якая выкарыстоўваецца і ў харчовай прамысловасці, і на тэхнічныя мэты. Тут даводзіцца канкурыраваць з магутным “Гродна­Азот”, аднак бярэзінскія вытворцы не падводзяць.

    Не губляецца з часам культура асноўнай вытворчасці, якая наладжана ў дзве змены, выконваюцца ўсе прагнозныя паказчыкі, нарыхтавалі дастаткова сыравіны. Тут, дарэчы, добрым падспор’ем стаў зернесушыльны комплекс са складскімі памяшканнямі на 12 тысяч тон зерня, які пазбавіў вымушанай неабходнасці захоўваць сыравіну ў іншых раёнах і плаціць за гэта немалыя грошы.

    Кожны ўчастак на заводзе – незаменнае звяно ў вытворчым ланцужку, якое выконвае сваю ролю: асноўная вытворчасць на чале з Наталляй Фларыянаўнай Чахольскай; аўтапарк, якім кіруе інжынер­механік Ігар Уладзіміравіч Дударэнка; лабараторыя на чале з інжынерам­лабарантам Аксанай Браніславаўнай Танавай; будаўнічы ўчастак пад кіраўніцтвам майстра Юрыя Пятровіча Хранкова; сыравінны – Людмілы Іванаўны Яцкевіч; вуглекіслотны – Ірыны Вадзімаўны Піўчанкавай; электрамеханічны ­ пад кіраўніцтвам Уладзіміра Канстанцінавіча Дабравольскага.

    Шмат можа расказваць пра вытворчасць начальнік І.І. Гоман, яшчэ больш – пра людзей. На пасаду кіраўніка прадпрыемства Іван Іванавіч прыйшоў амаль 11 гадоў таму назад на змену В.М. Лявоненку, які быў дырэктарам два дзесяцігоддзі (у розны час завод узначальвалі І.А. Баранаў, Н.А. Бачкароў, С.А. Пятроўскі, А.М. Буднікаў, Г.Ф. Картэль, В.А. Харсееў).

    ­ Я ганаруся, што трапіў сюды, ­ гаворыць сёння Іван Іванавіч, ­ у калектыў, які – адна сям’я, які да гэтага часу славіцца сямейнымі дынастыямі. Хіба прывядуць людзі сваіх родных туды, дзе дрэнна?

    Ды і як можа быць дрэнна, калі тут па­ранейшаму на першым месцы працаўнікі, ніколі не забывае начальнік прадпрыемства ветэранаў. Іх, як родных, запрашаюць і чакаюць у калектыве, асаблівая пашана ветэранам, якія адпрацавалі ў галіне 25 і больш гадоў.

    Два разы ў год стараюцца наведаць пенсіянераў, асабліва адзінокіх і маламаёмных. Віншуюць з асабістымі юбілеямі, ды і шмат іншага. Іван Іванавіч не лічыць гэта дасягненнем і называе ветэранаў сапраўднымі старэйшынамі, якія і падказаць могуць. Гады два таму назад Любоў Іванаўну Ермаловіч, якая 40 гадоў адпрацавала на заводзе лабарантам, запрашалі нават у канцэрн, каб яна выступіла з парадамі.

    Для паляпшэння ўмоў працы, якія тут заўсёды былі на вышыні, адрамантавалі бытавыя памяшканні, у кожнага працуючага ёсць свая шафа, у кожным падраздзяленні – асобны душ і пакой прыёму ежы з неабходнымі бытавымі прыборамі.

     Усяго на заводзе сёння 104 працуючых, іх сярэдні ўзрост – 42­45 гадоў. За лічбамі статыстыкі – вопыт і старанне, майстэрства і сумленнасць… Званне заслужанага работніка прадпрыемства і грамату за 30 гадоў плённай працы літаральна на днях атрымала вагаўшчыца Валянціна Іванаўна Ермаловіч, якая безадмоўна ставіцца да выканання даручэнняў. Крыху раней такога ганаровага звання была ўдастоена начальнік участка Людміла Іванаўна Яцкевіч. Больш за 30 гадоў працуе на заводзе вадзіцель Анатоль Іванавіч Мароз і 26 гадоў на адным і тым жа аўтамабілі МАЗ, заўсёды ў перадавіках. Ды кожны з работнікаў заслугоўвае пашаны і павагі.

    ­ Я шчыра віншую ўвесь наш калектыў з юбілеем, ­ гаворыць І.І. Гоман. – Наша праца ніколі не была лёгкай, але яна нязменна адзначана вашымі руплівасцю і нераўнадушшам, прафесіяналізмам. Мы маем поўнае права ганарыцца сённяшнімі поспехамі, мы шануем нашых ветэранаў і дзякуем ім. Разам са словамі ўдзячнасці жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай у вашых сем’ях пануюць лад і добры настрой, няхай вашы старанні заўсёды прыносяць плён!

     Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

     

    Автор: Ала АЛЬФЕР.Бярэзінская панарама
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)