28 Марта, 2024 Четверг

Літр на барэль не прыпадае

  • 13 марта 2018 Экономика Русский 0

    У суботу падаражэла паліва: бензін на капейку, дызель — на дзве. У той жа час у канцэрне «Белнафтахім» папярэдзілі: вызначаны новы механізм змянення цэн на ўнутраным рынку. У залежнасці ад змены сітуацыі на нафтавым рынку з'явілася магчымасць карэкціраваць кошт нафтапрадуктаў як у бок яго павелічэння, так і зніжэння.

    Пры гэтым мы будзем паступова выходзіць на ўзровень цэн, супастаўны з дзеючым на расійскім рынку. У далейшым лічбы на табло заправак будуць карэкціравацца ў адпаведнасці са зменамі сусветных коштаў на нафту, курсу нацыянальнай валюты і падатковай нагрузкі на нафтаперапрацоўчыя заводы. Так, па даных «Белнафтахіма», сярэдняя цана на нафту маркі Urals у студзені-лютым гэтага года вырасла на 23,8 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да 65,99 долараў за барэль. Да таго ж цяпер рознічныя цэны на маторнае паліва ў сумежных рэгіёнах Расіі вышэйшыя за нашы па бензінах на 7—10 працэнтаў, па дызпаліве — на 6—8 працэнтаў. Цэны на ўкраінскім рынку ў 1,5 раза вышэй, чым у нас, у краінах Балтыі і Польшчы — удвая вышэй.

    У прынцыпе, гэтая сітуацыя не новая. Яшчэ на выніковай калегіі канцэрна ў лютым намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка прыводзіў разлікі: «Што тычыцца ўнутранага рынку, у нас сітуацыя кепская. У студзені «Нафтан» спрацаваў са стратай мінус 25 млн долараў. Удвая менш мінус, прыкладна 12—13 млн долараў, у Мазырскага НПЗ. Нават павышэнне коштаў 8 лютага на аўтамабільнае паліва на 2 капейкі кардынальна сітуацыю на прадпрыемствах не мяняе. Трэба больш. У пацверджанне таму ёсць некалькі аргументаў. Так, мы не маем уласнай нафты ў такіх аб'ёмах, як у Расіі. Але цана на паліва тут істотна ніжэй, чым у суседзяў. Не можа такога цуду быць. Мы павінны ўсё выраўнаваць як мае быць. Можа, гэта камусьці непрыемна, але гэтыя пытанні трэба неадкладна вырашаць».

    Тым больш што два нашыя НПЗ перажываюць сур'ёзную мадэрнізацыю. Без яе, на жаль, нельга казаць аб канкурэнтаздольнасці вытворчасцяў. Правілы гульні даволі жорсткія: хочаш заставацца на плаву — пастаянна павялічвай глыбіню перапрацоўкі нафты. Кошт праекта ў Мазыры — 1,735 млрд долараў. Амаль такая ж сума — 1,7 млрд долараў — на «Нафтане».

    Да таго ж перад канцэрнам стаіць яшчэ адна задача: шукаць варыянты для павелічэння загрузкі магутнасцей. У мінулым годзе заводы атрымалі 18 млн тон расійскай нафты. У гэтым годзе будзе столькі ж. «Трэба знаходзіць дзесьці яшчэ паўмільёна тон нафты на баку, — агучыў задачу Сямашка. — Калі не ў Расiі, дык у іншым месцы іх узяць». Аб'ёмы не такія ўжо і вялікія. Як варыянт — «Беларуснафта» валодае пляцоўкай у Расіі. Нам выгадней было б паставіць сюды па больш нізкіх цэнах, чым маем цяпер на мяжы, здабытыя там нафту і газ, чым прадаць сыравіну па расійскіх. Што да далейшых паставак нафты, усе пытанні адрэгуляваны. З 2020 года будзем атрымліваць 24 млн тон нафты без усялякіх выключэнняў, як гэта было ў 2016—2017 гадах.

    Автор: ДРУК Мария Рэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)