19 Марта, 2024 Вторник

Будучае галіны – за захаванасцю маладняку

  • 16 марта 2018 Экономика Беларуская 0

    Асвятляючы пытанне развіцця малочнай і мясной жывёлагадоўлі ў рэгіёне напрыканцы неаднаразова заключаеш: для атрымання высокіх надояў ці прываг жывёл неабходна “строгае захаванне тэхналогій вытворчасці”. Фармуліроўка носіць агульны характар, аднак, як паказвае практыка, індывідуальнасць падыходаў сельгаспрадпрыемстваў да вырашэння гэтага пытання абумоўлівае адсутнасць адзінага алгарытму дзеянняў. Што ж, паглядзім, якім чынам ажыццяўляецца павышэнне захаванасці і прадуктыўнасці маладняку буйной рагатай жывёлы ў камунальным сельскагаспадарчаым унітарным прадпрыемстве “Пархімаўцы” Бераставіцкага раёна. 

    — Узнятае пытанне зараз гучыць надзвычайна актуальна, бо разам з паляпшэннем якасці кармоў, укараненнем новых тэхналогій вытворчасці, удасканаленнем племянной работы, павышэннем пладавітасці жывёл немалаважнае значэнне набывае і павышэнне захаванасці маладняку, усебаковае вывучэнне фактараў, якія ўплываюць на яго жыццяздольнасць, — гаворыць галоўны ветэрынарны ўрач КСУП “Пархімаўцы” Мікалай Трухан. – Сёння агульная колькасць жывёлы ў сельгас­прадпрыемстве складае 2856 галоў, з якіх 1393 знаходзяцца на дагадоўванні, а 346 – на адкорме. З пачатку гэтага года нарадзілася 163 цяляці, што ў адносінах да мінулагодніх паказчыкаў за аналагічны перыяд больш ажно на 28 галоў. Пры гэтым падзеж буйной рагатай жывёлы застаўся на леташнім узроўні. 

    Па словах Мікалая Уладзі­міравіча, працэс вырошчвання маладняку падзяляецца на асобныя перыяды, якія ахопліваюць увесь комплекс заатэхнічных, ветэ­рынарна-санітарных, ар­га­­ні­зацыйна-гаспадарчых мера­­прыемстваў, што ў буду­чым спрыяюць атрыманню высокапрадуктыўнай жывёлы. Задачай нумар адзін у барацьбе за захаванасць і здароўе маладняку з’яўляецца сістэмны падыход да прафілактыкі, які пачынаецца ўжо падчас сухастойнага перыяду на этапе развіцця эмбрыёна. У гэты час асаблівая ўвага надаецца кармленню жывёл, а, у прыватнасці, якасці кармоў і паўнавартаснасці рацыёнаў. Праблема недахопу вітамінаў, макра- і мікраэлементаў у арганізме цельных кароў вырашаецца заўсёды своечасова. І для гэтых патрэб у сельгас­прадпрыемстве маюцца ўсе неабходныя ветпрэпараты. 

    — Куды больш напружаная праца пачынаецца адразу з першых гадзін нараджэння цяляці, — зазначае мой суразмоўца, — бо менавіта на першыя пятнаццаць дзён жыцця прыпадае найбольшы працэнт гібелі жывёл. Пры гэтым да асноўных прычын звычайна адносяць парушэнне ўмоў утрымання кароў і нованароджанных цялят, а таксама рэжыму, часу, колькасці і якасці малодзіва, што выпойваецца. У арганізме цяляці, якое толькі нарадзілася, адсутнічаюць антыцелы, а яны, дарэчы, ахоўваюць арганізм ад хваробатворных мікробаў. Атрымаць гэтыя антыцелы можна толькі з малодзівам маці, якое ў першыя часы і дні жыцця забяспечвае і асноўныя патрэбы жывёлы ў энергіі, мінеральных рэчывах ды вітамінах. У пэўныя перыяды жыцця жывёл не забываем і пра іх вакцынацыю. Да таго ж значна паменшыць працэнт захворванняў дазваляе і комплекс іншых мер, напрыклад, утрыманне цялушачак (да двух месяцаў) у індывідуальных доміках дазваляе знізіць рызыку перадачы інфекцыйных захворванняў. 

    Раскрываючы многія аспекты гэтага пытання, Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што сёння галоўнымі прычынамі адыходу маладняку з’яўляюцца страўнікава-кішэчныя і рэспіраторныя захворванні. Першыя, як правіла, наносяць удар па цялятам месячнага ўзросту, большасць хвароб наступнага перыяду — гэта захворванні дыхальнай сістэмы. У выпадку выяўлення падобных захворванняў ажыццяўляецца комплекснае лячэнне жывёл з прымяненнем антыбіётыкаў, вітамінаў, імунастымулюючых і іншых прэпаратаў. 

    Тут жа немалаважным фактарам пры захаванасці маладняку з’яўляецца і адказнае стаўленне работнікаў да выканання сваіх працоўных абавязкаў. Невялікі працэнт гібелі цялят у КСУП “Пархімаўцы” – гэта вынік клапатлівых адносін да сваіх гадаванцаў такіх жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства, як Вольга Найда, Вольга Пугачэўская, Віктар Купец і іншых не менш сумленных працаўнікоў. 

    Плануецца, што станоўча паўплывае на сітуацыю ўвя­дзеннне ў хуткім часе ў эксплуатацыю новага жывёлагадоўчага памяшкання. Гэтая акалічнасць дазволіць зменшыць шчыльнасць размяшчэння жывёл, а адпаведна і іх захворванняў.  Фота мае ілюстрацыйны характар

    Автор: Вольга ЗаенчкоўскаяБераставіцкая газета
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)