25 Апреля, 2024 Четверг

Хто распрацоўвае новыя крэмы і шампуні?

  • 20 апреля 2018 Экономика Беларуская 0

    Якая дзяўчына не марыць пабываць на фабрыцы касметыкі? Наталлі КАЛБОВІЧ у гэтым плане пашанцавала: яна не толькі кожны дзень бачыць, як ствараюцца ласьёны і маскі, але і сама іх прыдумвае. Дзяўчына працуе хімікам-тэхнолагам у навукова-каардынацыйным цэнтры прадпрыемства «Беліта-Вітэкс» і апрабаваць новы сродак на сабе можа яшчэ за паўгода да таго, як ён з'явіцца на прылаўках крамаў.

    Тысяча і адзін слоічак

    Наталля родам з Брэстчыны, з Мікашэвіч. У гімназіі вучылася на хіміка-біялагічным профілі. Успамінае, што спачатку хацела стаць урачом, але ў дзясятым класе з'явілася новая мара — распрацоўваць касметыку. А паколькі па гараскопе дзяўчына Казярог, то ад мэты адступаць не прывыкла. Паступіла на бюджэтнае аддзяленне ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, на факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў, а пасля вучобы трапіла на прадпрыемства. Што аказалася зусім не проста.

    — Трэба было прайсці гутарку і выканаць заданне: прыдумаць сродак для дэпіляцыі і ўкараніць у яго састаў нешта інавацыйнае. Прасілі распрацаваць не толькі формулу, але і маркетынгавую канцэпцыю і знешні выгляд упакоўкі. На ўсё даваўся тыдзень, а я выканала заданне за ноч. На наступны дзень тэлефаную на прадпрыемства і пытаюся: «Можна я да вас заўтра прыйду?» Там так здзівіліся! Прыйшла, расказала пра сваю прыдумку, плюс усё пераклала на англійскую мову, — дзеліцца Наталля.

    Не ўсе яе аднагрупніцы пайшлі працаваць на касметычныя фабрыкі. Многія размеркаваліся на «Белмедпрэпараты», Бярозаўскі сыраробны і Тураўскі малочны камбінаты.

    … Наталля запрашае ў лабараторыю. Першае, што заўважаем, — сотні слоічкаў і бутэлечак на паліцах. Малады хімік-тэхнолаг удакладняе: пры распрацоўцы касметыкі яны выкарыстоўваюць больш за тысячу найменняў сыравіны.

    — Першым маім заданнем было рассартаваць сыравіну і такім чынам азнаёміцца з гандлёвымі назвамі. Бо адзін кампанент можа быць пад рознымі «імёнамі». Свабодна арыентавацца ў лабараторыі пачала месяцы праз два. Потым мне сталі прапаноўваць уласныя праекты. Першае заданне — распрацоўка настою для ваннаў. Тады мне здавалася, што гэта вельмі складана. На жаль, гэты мой праект так і не рэалізавалі. А вось наступны — густое мыла для лазні — выйшаў у свет.

    Творчасць і эканамічны разлік

    — Давайце пакажу, як робіцца крэм, — прапануе Наталля.

    Для гэтага хімік-тэхнолаг рыхтуе дзве фазы — водную і тлушчавую. Для апошняй выкарыстоўваюцца розныя маслы, напрыклад вінаграднай костачкі, арэха макадамія, арганы. Маслы дэзадараваныя, гэта значыць, нічым не пахнуць, — водар у касметычнага сродку з'яўляецца толькі пасля дабаўлення парфумернай кампазіцыі. Калі трэба, каб крэм увільгатняў скуру, у яго можна дадаць гіалуронавую кіслату, экстракты водарасцяў, каб амалоджваў — пептыды, фосфаліпіды.

    Пасля таго як усе кампаненты наліты, спецыяліст спалучае дзве фазы. З дапамогай лабараторнай тэхнікі гэты састаў перамешваецца і гамагенізуецца (робіцца аднародным). Усё, крэм гатовы.

    За пяць гадоў, што Наталля на прадпрыемстве, яна паспела распрацаваць больш за паўтары сотні новых прадуктаў. Гэта і крэмы супраць старэння, і маскі для валасоў і твару, і солі для ваннаў, і гелі для душу. У «партфоліа» дзяўчыны ёсць нават зубная паста і рэпелентны сродак.

    Як увогуле прыдумляецца новая касметыка?

    — Гэта творчы працэс, — заўважае дзяўчына. — Над стварэннем новай лініі шчыруе каманда з розных спецыялістаў. Я арыентуюся на сучасныя тэндэнцыі і пажаданні патэнцыйных пакупнікоў. Перад тым як прыступіць да практыкі, прапрацоўваю пытанне ў тэорыі. Аналізую, якія кампаненты лепш падыдуць.

    На распрацоўку прадукта ў спецыяліста ідзе паўтара-два месяцы. Каб атрымаць належную формулу, часам трэба перабраць да 15—20 варыянтаў! Увесь працэс — ад зацвярджэння новых прадуктаў да іх выпуску займае каля шасці-васьмі месяцаў.

    Цікавімся, на кім тэстуюць прыдуманыя маскі і гелі. Аказваецца, першы, хто іх выпрабоўвае, гэта сам распрацоўшчык. Касметыку правяраюць у лабараторыі пры дапамозе інструментальных метадаў, а таксама на валанцёрах, з улікам водгукаў якіх можна адкарэктаваць рэцэптуру.

    Хімічны — не значыць шкодны

    Адзін з плюсоў работы — замежныя камандзіроўкі з мэтай павышэння кваліфікацыі. Летась Наталля ездзіла ў Францыю ў кампанію, якая вырабляе экстракты і актыўныя кампаненты з водарасцяў, і ў Германію на прадпрыемства па выпуску сіліконаў. Рэгулярна бывае на навучальных семінарах і выставах у Маскве.

    Тры гады таму дзяўчына ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе, які праводзіў еўрапейскі хімічны канцэрн BАSF — у спецыяльнай намінацыі для тэхнолагаў. Трэба было распрацаваць дзённы крэм з абаронай ад ультрафіялету. Беларуска справілася з заданнем на выдатна і заняла першае месца сярод больш чым 20 удзельнікаў з краін СНД.

    А ці шмат касметыкі ў той, хто яе прыдумвае? Наталля адказвае, што ўласныя запасы займаюць усяго дзве палічкі ў ванным пакоі. 70—80 працэнтаў — сродкі, якія яна сама распрацавала: дзяўчына любіць тэставаць тое, што ў выніку атрымалася. Набывае і замежную касметыку, але хутчэй з прафесійнага інтарэсу.

    Пытаемся, а якія сродкі яна не купіла б?

    — Я не ўзяла б касметыку, у якой не ўтрымліваецца кансервантаў. Бо не ведаю, ці былі вытрыманы ўмовы яе захоўвання. А тэрмін прыгоднасці ў такіх сродкаў не большы за тры месяцы, — дзеліцца дзяўчына. — Не купляю таксама касметыку, калі бачу, што састаў не адпавядае канчатковаму кошту прадукту.

    Апошнім часам расце папулярнасць арганічнай касметыкі. Кожны год яе продажы павялічваюцца на 10—15 працэнтаў. Цікавімся: гэтыя сродкі насамрэч больш эфектыўныя ці справа ў модзе?

    — Арганічная касметыка — гэта не проста кірунак індустрыі прыгажосці, а цэлая філасофія. Натуральным у ёй павінна быць усё — ад самога прадукту да ўпакоўкі. Трэнд стаў папулярны дзякуючы прапагандзе здаровага ладу жыцця, захаванню экалогіі, што ў цэлым цудоўна, — лічыць хімік-тэхнолаг. — А вось наконт большай эфектыўнасці я не сказала б. Напрыклад, многія актыўныя малекулы, якія добра спраўляюцца з узроставымі змяненнямі скуры, праявамі цэлюліту, з'яўляюцца вынікам хімічнага сінтэзу. А кампаненты натуральнага паходжання, з якіх на 90 працэнтаў складаецца арганічная касметыка, могуць выклікаць алергічную рэакцыю.

    Аб сваім выбары прафесіі Наталля ні разу не пашкадавала. «Мне вельмі падабаецца мая работа, — усміхаецца. — Люблю рабіць людзей больш прыгожымі».

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)