Сучасныя модніцы, жадаючы вылучыцца з натоўпу, усё часцей распісваюць сваё цела, як гераіні індыйскіх фільмаў. І ўсё ж пастаянна хадзіць з аднымі і тымі ўзорамі ім не даводзіцца: на дапамогу прыходзіць мехендзі – часовы роспіс на целе. Што сабой уяўляе модны напрамак, дакладна ведае Кацярына Шахаўцова з Баранавіч. Для дзяўчыны малюнкі на целе – гэта не проста захапленне, а спосаб самавыяўлення.
– Мехендзі – гэта мастацтва роспісу на целе хной, якое існуе некалькі тысяч гадоў. Калі верыць жыхарам Усходу, адкуль мехендзі родам, роспіс хной прыносіць шчасце, беражэ ад няўдач. Мастацтву надавалі не толькі эстэтычнае значэнне, але і тэрапеўтычнае, таму што хна - натуральны прадукт. Сімвалы, якія наносяцца на цела, маюць канкрэтнае станоўчае значэнне, таму да такога роспісу ставяцца яшчэ і як да абярэгу, – Кацярына праводзіць кароткі экскурс у гісторыю. – У адрозненне ад татуіроўкі, мехендзі трымаецца ад некалькіх дзён да 2-3 тыдняў – таму можна час ад часу ўпрыгожваць сябе па-новаму, падбіраючы ўзор пад настрой, вопратку ці падзею.
Кацярына Шахаўцова пачала займацца мехендзі два з паловай гады таму. Упершыню яна пазнаёмілася з незвычайным роспісам на святах індыйскай культуры ў Мінску. І толькі на трэцім наведванні ведычнага фестывалю ёй пашанцавала адбыць доўгую чаргу да мастака і атрымаць жаданы малюнак на руцэ – кветку і ўзоры.
– Пасля гэтага я купіла цюбік з хной і вырашыла паспрабаваць. Першы малюнак мне не спадабаўся, але захацелася развівацца далей. З часам стала атрымлівацца лепш, а натхняла тое, што людзям падабаліся мае малюнкі. Ведаю, я не мастак, таму вельмі цвяроза гля-джу на тое, што малюю, не лічу гэта чымсьці незвычайным, – распавядала дзяўчына.
Чым жа прыцягнула мехендзі Кацярыну?
– Мехендзі – гэта прыгожая і адначасова няшкодная з’ява, што важна, – падкрэслівае дзяўчына. – Я не прыхільнік нейкіх радыкальных змяненняў у знешнасці. Не лічу, што правільна адыходзіць далёка ад натуральнасці.
На думку нашай гераіні, мехендзі з’яўляецца выдатнай альтэрнатывай татуіроўцы:
– Татуіроўка – гэта назаўжды, а чалавек мяняецца пастаянна. Зрабіць тату ў 18 гадоў, а праз некаторы час набыць новае разуменне сябе і дазваляць татуіроўцы нагадваць пра сваю неспрактыкаванасць на працягу ўсяго жыцця?..
У мехендзі Каця аддае перавагу малюнкам на руках – кветкам, узорам, арнаментам. Асаблівую ўвагу надае нацыянальнай і славянскай сімволіцы. Але дзяўчына можа і адмовіцца маляваць тое, сэнс чаго для яе дзіўны ці незразумелы або разыходзіцца з яе прынцыпамі. Напрыклад, калі прасілі зрабіць надпіс на лацінскай мове накшталт “Бяры ад жыцця ўсё” або “Весяліся, пакуль малады”, Каця прапаноўвала кліентам разам паглядзець іншыя варыянты.
Па словах Каці, мехендзі карыстаецца папулярнасцю ў маладых дзяўчат, а на выставах даводзілася маляваць адразу цэлым сем’ям. Звычайна хочуць адлюстраваць узоры і кветкі, мужчынам яна малюе славянскую сімволіку, а дзеткі просяць часам катоў, дэльфінаў, соў. Запомнілася, як адна дзяўчына папрасіла намаляваць ёй канькі. Але гэта рэдкія выпадкі, часцей за ўсё людзі просяць традыцыйныя ўзоры мехендзі. Яны нясуць у сабе сілу, абараняюць чалавека на больш тонкім узроўні. Як мінімум на ўзроўні арт-тэрапіі могуць палепшыць стан чалавека, зрабіць яго больш гарманічным. Вядома ж, нямала значыць, наколькі сам чалавек верыць у магічную сілу малюнка.
Каця са сваімі чароўнымі тубамі з хной малявала на бясплатным кірмашы “FreeMarket” – мерапрыемстве Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэкі, дзе творчыя людзі аказваюць паслугі ўсім жадаючым без аплаты. Некалькі разоў дзяўчына ўдзельнічала ў выставе-кірмашы “Чароўная скрыначка” ў Брэсце і Гродна, сталічным кірмашы “Млын” і пінскай выставе-кірмашы “Творчы фальварак”. Апошняе яе мерапрыемства ў 2016 годзе – “Славянскі базар у Віцебску”, дзе Кацярына Шахаўцова была часткай каманды Баранавіцкага раёна. У Віцебску за пяць гадзін яна распісала мехендзі каля 15 чалавек.
Сёлета Каця скончыла БарДУ, атрымала дыплом эканаміста-менеджара ў сферы турызму. Там жа была магчымасць вывучаць нямецкую і англійскую мовы, якія са школы падабаліся дзяўчыне. Яна не расчаравалася ў сваёй адукацыі, таму што дыплом пісала на тэму “Нацыянальныя святы і фестывалі як важны фактар развіцця культурнага турызму”. Адначасова было вельмі складана і цікава разбірацца ў гэтай тэме. У выніку навуковая праца стала мостам паміж атрыманымі адукацыяй і будучай працай.
Па размеркаванні Каця працуе рэжысёрам у Паланечкаўскім СДК, займаецца правядзеннем і арганізацыяй канцэртаў, развучвае песні, афармляе актавую залу Дома культуры. На гэты конт, як прызнаецца дзяўчына, у яе шмат ідэй.
– Яшчэ я буду шыць касцюмы для мерапрыемстваў, весці гурткі, рабіць фотавыставы. Адным словам, усе мае хобі – гэта цяпер службовыя абавязкі, – з усмешкай дадае Каця.
Дзяўчына займаецца не толькі мехендзі – цікавіцца ўсім, што звязана са здароўем і старажытнымі традыцыямі, на “ты” з фота-апаратам, швейнай машынай ды музычнымі інструментамі.
– Сёлета вырашыла паспрабаваць сябе ў музыцы, талентам і рэпертуарам мяне натхніла спявачка Пелагея, – расказала дзяўчына. – Пасля гэтага стала спяваць не толькі дома пад гітару і піяніна – атрымалася выступіць на некалькіх святах у горадзе і раёне. Вельмі люблю народныя песні, яны нясуць асаблівую прыгажосць, глыбіню і сэнс.
Больш за год таму Каця пачала шыць вопратку.
– Яшчэ не раблю гэта бездакорна, толькі вучуся шыць для іншых, але сабе ўжо змагла стварыць цэлы гардэроб, – дзеліцца Кацярына.
Праўда, мая суразмоўца трохі схітравала, распавёўшы, што шые толькі для сябе. Для дзіцячага вакальнага калектыву Моўчадскага СДК Кацярына пашыла восем сукенак і дзве кашулі для хлапчукоў, распісала сукенкі фарбамі па тканіне, зрабіла трафарэты для кветак, а зялёныя ўзоры малявала ад рукі.
Каця лічыць сябе ва ўсіх захапленнях аматарам. На яе думку, аматар – гэта вельмі трапнае слова, таму што ты не прафесіянал, але робіш тое, чым захапляешся. У Каці ёсць і свае сакрэты:
– Ведаю, што творчаму патэнцыялу дапамагаюць раскрывацца ўсходнія аздараўленчыя практыкі на аснове хатха-ёгі. Гэта найстаражытная сістэма, таму сярод усіх астатніх сучасных практык і сістэм я аддаю перавагу ёй. Зараз сама займаюся і выкладаю ў студэнцкім спартыўным клубе.
Пры развітанні Каця прызнаецца, што прытрымліваецца вызначанага рэжыму творчага чалавека:
– Я заўсёды высыпаюся і ніколі не працую па начах (было толькі аднойчы пры напісанні дыплома). Вельмі важна класціся спаць у 10-11 гадзін вечара, інакш ніколі не выспацца – псіхіка не будзе аднаўляцца ад такога рытму. Да таго ж, больш за 5 гадоў не ем мяса – гэта таксама вельмі важна для майго самаадчування. Хутчэй за ўсё, тое, чым я займаюся, не забірае ў мяне энергію, а дае яе. І я задаволена, бо знаходжуся ў такіх умовах і абставінах, у якіх магу займацца тым, што даспадобы і што напаўняе мяне.
Комментарии (0)