20 Апреля, 2024 Суббота

Адна з самых цікавых і каларытных апавяданняў пра скарбы Напалеона датычыцца мясцін каля вёсак Сосенка і Рабунь

  • 21 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Легенды пра скарбы Напалеона, вывезеныя французамі ў 1812 годзе з разрабаванай Масквы, ужо больш за дзвесце гадоў не даюць спакойна спаць скарбашукальнікам. Яно і зразумела, бо як лічаць гісторыкі, маскоўскія трафеі, захопленыя войскамі Банапарта, складаюць каля 300 кілаграмаў золата і больш за 5 тон срэбра. Мноства найбагацейшых дамоў сталіцы, саборы, манастыры былі поўнасцю абрабаваныя напалеонаўскімі войскамі. Знайшлі чым пажывіцца французы і ў Збройнай палаце, адкуль расейцы паспелі вывезці толькі самае каштоўнае. На вываз усіх скарбаў у маскоўскіх уладаў не хапіла ні сіл, ні часу. Рашэнне Кутузава ахвяравацца сталіцай дзеля захавання арміі назавуць геніяльным толькі пазней, а тады яно шакіравала многіх, не пакінуўшы масквічам часу на вываз скарбаў. А іх было нямала, асабліва ў двух галоўных праваслаўных саборах – Успенскім і Архангельскім. У адным з іх, напрыклад, знаходзілася панікадзіла з чыстага срэбра вагой у 113 пудоў, падоранае баярынам Марозавым яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

    Востраў на Вілейскім вадасховішчы. Фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА

    Як вядома, французы пакінулі разрабаваную і спаленую Маскву, і менавіта, па маршруце адступлення асноўных сіл банапартаўскіх войскаў, пачынаючы з 1812 года, шукаюць вывезеныя скарбы. Версій, дзе яны могуць знаходзіцца, можна налічыць некалькі дзясяткаў: называецца мноства месцаў на тэрыторыі Расіі, Беларусі, Літвы, Польшчы… Зрэшты, як лічаць і гісторыкі, і скарбашукальнікі, найбольш верагодным з’яўляецца беларускі след маскоўскіх скарбаў Напалеона. А пальма першынства тут, несумненна, належыць рацэ Бярэзіна, у якой французы нібыта і пахавалі скарбы. Ёсць нямала прыхільнікаў версіі, што частка трафеяў цалкам можа знаходзіцца ў балотах і азёрах пад Крупкамі, Вілейкай, Ашмянамі, сёй-той лічыць, што іх трэба шукаць у раёне Смаргоні…

    Пры ўсёй разнастайнасці, а часцяком супярэчнасці адзін аднаму ўсіх наяўных версій, большасць з іх сыходзіцца ў адным: скарб трэба шукаць не пад зямлёй, а пад вадой. Канец восені і пачатак зімы 1812 года выдаліся вельмі халоднымі, і ў французаў для хованкі скарбаў заставаўся адзін варыянт: як той казаў, «схаваць канцы ў ваду». Хутка, а галоўнае ўтойліва закапаць у прамёрзлую зямлю больш за 5 тон каштоўных металаў у той сітуацыі наўрад ці атрымалася б. Але толькі ў Беларусі на шляху адступлення напалеонаўскіх войскаў можна налічыць пад добрую сотню азёр, рэк, балотаў, дзе могуць быць схаваны скарбы. Дзе ж шукаць?

    У паходзе 1812 года Напалеон быў у межах Расійскай імперыі з 24 чэрвеня па 7 снежня. З гэтых 167 дзён 48 ён правёў на беларускай зямлі, прайшоўшы па яе дарогах ва ўсходнім і заходнім напрамку больш за 800 кіламетраў. Яго маршрут пралягаў па 17-ці раёнах цяперашніх Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Галоўная кватэра па ходзе руху размяшчалася ў гарадах Віцебск, Бабінавічы (цяпер вёска ў Лёзненскім раёне), Оршы, Талачыне, Барысаве, Ашмянах, а таксама яшчэ ў 31-м больш дробным населеным пункце (ад мястэчка да хутара). У тым ліку, ёсць сведчанні, што Напалеон начаваў на тэрыторыі Вілейскага раёна ў маёнтку Стайкі (па іншай у звычайнай хаце пры маёнтку) і ў хаце памешчыка ў вёсцы Селішча. Напалеон асабіста камандаваў войскамі ў бітвах пры Віцебску і Бярэзінскай пераправе, і двойчы складваліся сітуацыі, калі ён мог трапіць у палон – на той жа Бярэзіне і за Ашмянамі.

    Не абмінулі легенды пра скарб Напалеона і Вілейскі раён, дзе часцей за ўсё, распавядаючы пра скарбы, згадваюць балоты паблізу вёскі Старынкі і вусце былой ракі Віліі, у межах сучаснага вадасховішча. Менавіта тут, па расказах мясцовых старажыл у старыцах, вірах ляжыць «залатая карэта Напалеона».

    Хоць і існуе шмат легендаў, але тое, што напалеонаўскія войскі адступалі праз Вілейскі раён гэта гістарычны факт. Зараз паўтарыць у дакладнасці маршрут французскага імператара па Беларусі наўрад ці магчыма. За мінулыя амаль два стагоддзі шляхі зносін і контуры мясцовасці моцна, а дзе-нідзе да непазнавальнасці, змяніліся. Большая ж частка дарог, па якіх калісьці праязджаў або праходзіў з сваёй гвардыяй Напалеон Банапарт, цяпер пад палямі, лясамі і забудовамі.

    Калі ўважліва сабраць і сістэматызаваць усе легенды і паданні пра схаваныя багацці Напалеона, то можа скласціся такое ўражанне, што пакуль на нашай зямлі знаходзіліся французы, ім то і ваяваць асабліва не было калі. Яны ўвесь час нешта адвозілі, капаліся, узводзілі, хавалі, тапілі, перахоўвалі. Аднак прасачыць сёе-тое звязанае са скарбамі мы паспрабуем і пройдзем па вілейскіх слядах трафеяў Напалеона і яго маршалаў.

    Адступленне французаў з Масквы ў 1812 годзе было спешным. Пасля пераправы праз Беразіну французская армія налічвала яшчэ 70 тысяч чалавек, але іх маральныя і фізічныя сілы ўжо былі зломлены. Армія адступала ў накірунку Вільні, дзе былі вялікія склады з прадуктамі. Аднак сітуацыя ўскладнілася з наступленнем моцных маразоў, якія пачаліся ў 1812 годзе з 16 лістапада і дасягаючы 20 – 23 градусаў працягваліся да 30 лістапада. Па начах тэмпература дасягала наогул да мінус 30 – 33 градусаў. У арміі Напалеона, што ўцякала ад разгрому, пачаўся голад – людзі былі вымушаны есці коней і нават сустракаліся выпадкі канібалізму. Абозы з нарабаванымі скарбамі зніжалі хуткасць адступлення, і таму Напалеон загадаў схаваць вялікую частку дабра з абозаў, каб нічога не дасталася праціўніку.

    Помнік на месцы пахавання французскіх салдат у в. Селішча. Фота з сайта www.belklad.by

    20 лістапада мароз узмацніўся, армія, якая на гэты час рухалася па тэрыторыі Вілейскага раёна, не магла знайсці ніводнай хаты, дзе можна было б сагрэцца. Справа ў тым, што, рухаючыся ў гарачае лета на Маскву, ніхто не думаў, што ў час зімовай сцюжы трэба будзе прыстанішча. Таму на ўсім шляху да Масквы французскія войскі рабавалі і палілі вёскі, а не знаходзячы нічога ў хатах, разбіралі печкі, выбівалі вокны, выломлівалі дзверы. Цяпер жа яны ішлі ў вёскі, спадзеючыся знайсці для сябе выратаванне ад холаду і голаду, але хаты былі пустымі. Разламаныя печы, выбітыя вокны не маглі іх выратаваць ад гібелі. Па ўспамінах сведкаў, французы паміралі жудаснай смерцю ад холаду і голаду, а ўсе хаты беларускіх вёсак «…былі напоўнены замерзлымі трупамі».

    Праслаўлены партызан 1812 года генерал-лейтэнант Аляксандр Сяславін пісаў: «Знясіленыя голадам, замораныя фарсіраванымі пераходамі, абарваныя і ў зношаным абутку, французы скарыстоўвалі дзеля ўцяплення ўсё, што ў іх было: нарабаваныя спадніцы, капоты, боты, абрусы, ранцы з цялячай скуры і да т. п. У такім жаласлівым маскарадзе цягнуліся астаткі некалі непераможнай «вялікай арміі» Напалеона. Ляжачыя абмарожаныя французы прасілі рускіх салдат прыкончыць іх, каб перапыніць пакуты. Трупы і паміраючыя ўтваралі такую жахлівую алею, асвечаную ўначы пажарамі навакольных вёсак, што жахліва было глядзець і чуць лямант іх праклёнаў. У падножжа прыгоркаў заставаліся экіпажы, фургоны і гарматы, таму што схуднелыя і знясіленыя коні не маглі іх узняць. Такім чынам, рускія салдаты насцігаючы ворага, штодзённа тысячамі бралі іх у палон. Французы здаваліся, бо ведалі, што ў палоне не будуць галадаць…».

    Сведкі тых часоў апавядалі, што за час адступлення французаў ім прыйшлося пабачыць столькі жахаў і людскіх пакут, што болей і быць ужо не можа, бо нельга чалавечаму розуму большага ўявіць сабе. Каля лясных дарог на дзясяткі кіламетраў валяліся целы памерлых ад голаду і асабліва ад холаду. Французскія салдаты рабілі сабе бярлогі з трупаў таварышаў, зложаных накрыж, як укладваюцца бярвёны пры пабудове хлява або хаты.

    Астаткі войск прыпыняліся ў цэрквах, дзе размяшчаліся разам з коньмі і валамі, а пры адступленні спальвалі іх. Так, французамі былі спалены цэрквы ў вёсках Старынкі, Малявічы і ў многіх іншых населеных пунктах Вілейшчыны. Цудам засталася цэлай царква ў вёсцы Латыгаль, якая была пабудавана ў 1771 годзе і захавалася да нашых дзён. 20 лістапада 1812 года французская армія пад кіраўніцтвам Напалеона, прайшоўшы праз Вязынь, падышла да вёсак Шчукі і Латыгаль, дзе ў царкве заняла абарону. На той час латыгальская царква стаяла на вялікім узгорку, з трох бакоў абкружаная балотамі, што было зручнай пазіцыяй для вядзення бою. У царкве размясцілі коней і валоў, разам з якімі грэліся і салдаты. 21 лістапада завязаўся бой паміж данскімі палкамі генерала Платава і артылерыяй генерал-лейтэнанта Мартынава з французамі. Царкоўны летапіс латыгальскага храма змяшчае апісанне абстрэлаў царквы ў 1812 годзе. А цудам уцалелая ад пажару царква да сёння захоўвае шматлікія сляды карцечы з паўночнага боку.

    Такім чынам французская армія прайшла па Вілейскаму раёну, пакідаючы пасля сябе горы замезлых вайскоўцаў, якія былі потым пахаваны ў в. Сосенка, Мільча, Селішча, Шчукі, Кухты, Цяпінцы і іншых. У 1920-я гады каля вёскі Шчукі, дзе было пахавана шмат французаў, быў усталяваны вялікі крыж і абнесеныя плотам могілкі. Сюды наведвалася вялікая колькасць нашчадкаў з Францыі, каб пакланіцца праху продкаў. У 1950-я гады гэтыя могілкі былі зруйнаваны. Зараз у Вілейскім раёне існуе некалькі добраўпарадкаваных месцаў пахавання французскіх салдат, такія, як каля вёскі Селішча і на пад’ездзе да Вілейкі з боку Маладзечна.

    Але, звернемся да паданняў пра скарбы Напалеона, якія распавядаюцца ў нашай мясцовасці. Прычым, трэба адзначыць, што вялікіх «залатых карэт» можа тут і не быць, але амаль кожны салдат напалеонаўскай арміі нёс пры сабе ў ранцах частку нарабаванага багацця, ад якога збаўляліся на цяжкім зваротным шляху.

    Па адной з легендаў, пры адступленні французскай арміі па старой дарозе з Барысава ў Вілейку ў маёнтку Стайкі спыняўся сам імператар Напалеон Банапарт. Ён пераначаваў тут і нават падпісаў свой апошні загад ці дэкрэт. Нават камень, які знаходзіцца ў панскім парку і зараз называюць напалеонаўскім, бо лічыцца, што на ім сядзеў імператар і доўга разважаў пра далейшы лёс сваёй арміі. Ёсць меркаванні, што частка нарабаванага багацця была затоплена ў балотах каля вёскі Старынкі, што знаходзяцца недалёка ад Стаецкага Двара. Дарэчы, па апісаннях сведкаў у пачатку ХХ стагоддзя у Стаецкім маёнтку мелася шмат фамільных каштоўнасцяў: партрэты, іконы, мастацкія палотны, слуцкія паясы, сярэбраныя падсвечнікі і шмат чаго іншага, частка з якіх быццам бы была пакінута Напалеонам гаспадарам маёнтку як удзячнасць за шчыры прыём.

    Аднак, па іншых крыніцах, ёсць звесткі, што імператар прыбыў у вёску Стайкі і спыніўся ў простай сялянскай хаце. Гэты эпізод даволі красамоўна апісаны адным з паплечнікаў Напалеона А. Каленкурам: «У нас не было яшчэ такога кепскага начлегу, чым у Стайках. Мы празвалі гэтую вёску «Місерово» (ад фр. «Misere» – галеча). У імператара і начальніка штаба былі маленькія закуткі ў 6 – 7 квадратных футаў (каля 2-х кв. м) кожны. У іншым пакоі «напакаваліся» ўсе астатнія чыны штаба. Холад быў такі, што ўсе шукалі паратунку ў гэтым пакоі, перапоўненым так, што можна было задыхнуцца …». Хаця, недалёка, у Лагойскім раёне, таксама ёсць вёска Стайкі – у гэтым факце ёсць тэма для працы даследчыкаў і краязнаўцаў.

    Адна з самых цікавых і каларытных апавяданняў пра скарбы Напалеона датычыцца мясцін каля вёсак Сосенка і Рабунь. Да будаўніцтва Вілейскага вадасховішча гэтыя мясціны насупраць Рабуні былі заліўнымі лугамі, тут раскінуліся бярозавыя рошчы і дубовы гай. Побач працякалі рэчкі Арпянка і Рыбчанка, далей – рака Вілія з вірамі і старыцамі, дзе і казалі, што затоплена «залатая карэта Напалеона».

    Каля вёскі Сосенка ёсць вялікі стары дуб, дзе таксама апавядаюць, што менавіта пад ім закапана «золата Напалеона», а сам імператар сядзеў пад гэтым дубам, хаця мяркуецца, што ў 20-градусны мароз надта не насядзішся пад дрэвам. Ну, а самая цікавая гісторыя датычыцца пуску вады ў пабудаваную чашу Вілейскага вадасховішча. Адны сцвярджаюць, што калі будавалі вадасховішча, то нешта знайшлі, будоўлю спынілі, нагналі ваенных і нешта вывезлі на грузавіку. Але ёсць і «рэальная» гісторыя, па якой незадоўга да пуску вады ў вадасховішча напачатку 1960-х гадоў у Вілейскі раён прыбыла дэлегацыя з прадстаўнікоў міністэрства замежных спраў, французскай амбасады і вайскоўцаў. Ініцыятарам паездкі быў нашчадак афіцэра напалеонаўскай арміі, якому ад продка дасталася карта, дзе было выразна пазначана месца захавання скарбу – высокая гара паміж вёскамі Рабунь і Сосенка. Ён звярнуўся да беларускіх уладаў і яны далі яму магчымасць сумесна правесці пошукавыя работы, для чаго нават быў адкладзены на пэўны час пуск вады. З імі прыбыла рота сапёраў, якая «адпрацавала» пагорак уздоўж і папярок. На пошукі скарбу адвялі суткі, але, па афіцыйным дадзеным, за гэты час так нічога і не знайшлі. А пазней, калі вадасховішча запоўнілася вадой да патрэбнага ўзроўню, гара затапілася, але вяршыня яе засталася і стала востравам сярод «вілейскага мора». Сляды ж ад «працы сапёраў» бачны і зараз – так на востраве, які мясцовае насельніцтва называе «птушыным», маецца возера-варонка ад выбухаў.

    Самае цікавае, што працяг гісторыі пошуку скарбаў на востраве быў у пачатку 2000-х, калі жыхар вёскі Сосенка знайшоў там ядры гарматаў вайны 1812 года – у кожнай легендзе ёсць частка легенды, а частка…

    Ёсць паданні, што скарбы войска Напалеона схаваны недзе каля мястэчка Вязынь. Са старажытных часоў праз мястэчка пралягала ваенная дарога, якую і выкарысталі напалеонаўскія войскі. У канцы XIX стагоддзя была пракладзена новая стратэгічная дарога, але ўжо ў другім месцы. 20 лістапада 1812 года, у час адступлення, імператар Напалеон праехаў праз Вязынь. З тактычных меркаванняў тады французскі ар’ергард пад камандаваннем маршала Віктора не стаў займаць абарону ў мястэчку, а даў бой за некалькі кіламетраў на поўдзень. Аднак сляды так званай «напалеонаўскай грэблі» былі бачны яшчэ доўгі час, лічыцца, што менавіта ў гэтых мясцінах і затоплена частка скарбаў.

    Цікавым з’яўляецца і той факт, што на пераходзе французскага войска ад Латыгаля да Маладзечна Напалеон аддаў загад знішчыць усе навершыя ў выглядзе арлоў і дрэўкі сцягоў і закапаць іх. Месцам выканання гэтага загада магла стаць тэрыторыя Вілейскага раёна. Аб падобных знаходках яшчэ ніхто не заяўляў, але гэта магло быць. Вядома толькі адна знаходка ў ваколіцах Барысава, калі знайшлі вялікага бронзавага арла, які служыў навершам на дрэўцы аднаго з напалеонаўскіх сцягоў. Зараз гэты ўнікальны экспанат выстаўлены ў экспазіцыі барысаўскага музея, а яго копія захоўваецца і ў вілейскім краязнаўчым музеі.

    У 2005 годзе ў вёсцы Селішча Вілейскага раёна былі знойдзеныя парэшткі 224 загінуўшых салдат Вялікай арміі Напалеона. Французскі бок пажадаў, каб астанкі салдат былі перапахаваныя на грамадзянскіх могілках у вёсцы Студзёнка Барысаўскага раёна. Перапахаванне 223 парэшткаў адбылося 25 лістапада 2007 года (астанкі аднаго невядомага салдата былі сімвалічна перапахаваныя на брылёўскім полі на год раней). Сярод знойдзеных салдат французскай арміі былі і прускія салдаты, якія ваявалі на баку Напалеона. Находак было шмат, але гэта не скарбы Напалеона. Самая нечаканая знаходка – ядро кніпель, такімі ядрамі, змацаванымі ланцугом супрацьстаялі шарэнгі саперніка. Выключнасць знаходкі ў тым, што іх выкарыстоўвалі звычайна на моры, на сушы сустрэлася ўпершыню тут у Беларусі.

    Мясцовыя жыхары Селішча здаўна называлі гэта месца напалеонаўскай ці французскай горкай. Усе пахаваныя салдаты французскай арміі ляжалі ў такіх палажэннях, быццам бы заснулі і прама так змерзлі ў сне.

    А пачалося ўсё звычайна, калі на гэтым месцы мясцовы калгас стаў браць пясок для будаўнічых патрэб. Кар’ер дзейнічаў некалькі гадоў, было зручна – побач з вёскай. Праз некаторы час адзін з мясцовых школьнікаў прынёс у краязнаўчы куток селішчанскай школы пустацельнае ядро-грэнаду. Сказаў, што знайшоў непадалёк ад французскай горкі. Як аказалася ядро было не адзінай знаходкай мясцовых школьнікаў. У кар’еры яны сталі знаходзіць косткі, гузікі, астанкі сукна. Пра гэта паведамілі ў райваенкамат, паколькі фрагменты шынэльнага сукна сведчылі, што пахаванне воінскае. На месца былі выкліканы байцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна. Мясцовыя жыхары не памяталі, каб у гады Вялікай Айчыннай тут хавалі каго-небудзь з салдат. Выказалі здагадку, што гэта пахаванне часоў Першай сусветнай вайны, бо на Вілейшчыне шмат такіх магіл. Тут у гады Першай сусветнай стаяў фронт. Моцна паглыбляцца ў зямлю пошукавікам не прыйшлося. Прама на паверхні і на глыбіні паўметра яны выявілі чэрапы і касцяныя астанкі. Скарбу, вядома, не знайшлі, але было тут шмат іншага. На месцы раскопак было таксама выяўлены абмундзіраванне, гузікі з уніформы, спражкі, залатая пруская манета 1777 года, гарматныя грэнады буйнога калібру, кніпель (ядро з вухам для мацавання ланцуга). На часткі знойдзеных гузікаў меліся выявы дзяржаўных сімвалаў – фашынамі і гальскага каўпака з надпісам «Рэспубліка Францыя», імператарскай кароны, французскага імператарскага арла. Былі таксама знойдзеныя нумарныя гузікі, што належалі салдатам 2-га, 9-га, 13-га, 14-га, 19-га, 30-га, 70-га, 73-га, 74-га, 76-га, 79- га і 108-га французскіх лінейных палкоў. У французаў гузікі лінейных палкоў мелі толькі нумары, абрамленыя кругам з раслінным завяршэннем. Ну а скарб – «залатой карэты» не было…

    У народзе здаўна казалі, што ў зямлі вельмі шмат схавана скарбаў, але аддаваць яна іх будзе толькі калі пажадае…

    У якасці завяршэння хочацца адзначыць, што большасць гісторыкаў лічаць, што падзеі пад Барысавам, калі большая частка арміі Напалеона не перажыла пераправы праз раку Бярэзіна зімой 1812 года каля вёскі Студзёнка былі вырашальнымі для французаў. Таму, менавіта тут, скарэй за ўсё і затануў абоз Напалеона з каштоўнасцямі, якія вывозіліся з рускіх і беларускіх зямель. Але знайсці іх да гэтага часу не ўдалося…

    Автор: Сяргей ГАНЧАРШлях перамогі
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)