28 Марта, 2024 Четверг

Праз гады "яднае" бітва пад Монтэ-Касіна

  • 19 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Супрацоўнік Міёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандр Рынкевіч з віцябчанінам Паўлам Лутохіным пазнаёміўся выпадкова, калі той прыехаў наведаць чарговую выставу. Разгаварыліся, аказалася, што ў аднаго дзед, а ў другога прадзед, ваявалі ў часы Другой Сусветнай вайны ў складзе Арміі Андэрса ў 5-ай крэсавай дэвізіі, толькі ў розных батальёнах. Больш таго, яны былі землякамі. Дзед Паўла Ісай Акімавіч Лутохін нарадзіўся ў вёсцы Пукі Дзісенскага павета. Прадзед Аляксандра Сямён Макаравіч Ерамееў паходзіў з Мілеек, што паблізу ад Наўгарод. Пра яго наша газета пісала сёлета ў №37.

    Па падліках беларускага гісторыка Ігара Мельнікава ў арміі Андэрса налічвалася каля 20 тысяч беларусаў і ўраджэнцаў заходніх абласцей Беларусі. Гэта значна, бо максімальная колькасць салдат у II Польскім корпусе складала каля 113 тыс. Ісай Лутохін і Сямён Ерамееў былі ў іх ліку.Павел крыху пазней пазнаёміў Аляксандра яшчэ з адным унукам жаўнера Арміі Андэрса Яна Сухойды мінчанінам Арцёмам. Дарэчы, хлопец пабываў на месцы бою пад Монтэ-Касіна і падзяліўся здымкам. Так зусім чужых людзей аб'ядналі ўспаміны пра блізкіх. «А хто ж я тады…»

    Сяброўства Аляксандра і Паўла доўжыцца два гады. Пра іх продкаў-жаўнераў пісала і інтэрнэт-выданне «Историческая правда». Там жа змешчаны артыкул беларускага гісторыка Ігара Мельнікава пад назвай «Забытыя героі бітвы пад Монтэ-Касіна. Ісай Лутохін»: "Ісай Акімавіч Лутохін нарадзіўся ў вёсцы Пукі Дзісенскага павета ў 1914 годзе. Як і большасць жыхароў Заходняй Беларусі, займаўся земляробствам. У 1936-ым яго прызвалі ў Войска Польскае. Служыць давялося ў легендарным 76-ым Лідскім пяхотным палку, які вёў свой радавод ад пяхотных падраздзяленняў самаабароны Літвы і Беларусі часоў польска-бальшавіцкай вайны 1920 года. Пасля дэмабілізацыі ў 1937 годзе Лутохін вярнуўся дадому. Аднак мірнае жыццё працягвалася нядоўга. У верасні 1939-га пачалася другая Сусветная вайна.

    Беларуса мабілізавалі ў першы полк пяхоты легіёнаў у Вільні, аднак падчас адступлення на Усход трапіў у савецкі палон.Першапачаткова яго накіравалі ў лагер для польскіх ваеннапалонных у Запарожжа. Пазней аказаўся ў распараджэнні Паўноччыгунлага ў Комі АССР, дзе будаваў чыгуначныя шляхі. Па ўспамінах Ісая Акімавіча ўмовы працы былі вельмі цяжкія. Шмат каго з былых польскіх вайскоўцаў апанавала цынга і іншыя хваробы. «Калі б немцы не напалі на бальшавікоў, каюк бы нам быў усім у той Сібіры»,—адзначаў Лутохін.

    Восенню 1941-га яго разам з іншымі зняволенымі накіравалі ў распараджэнне Арміі Андэрса. Па ўспамінах жаўнера першапачаткова Войска Польскае ў СССР нагадвала лазарэт. «Вакол адны дыстрофікі. Доктар папярэджваў, каб жаўнеры на ежу не накідваліся, бо арганізм не быў падрыхтаваны і маглі памерці,»—узгадваў Ісай Акімавіч.У радах 14-га Віленскага батальёна 5-ай крэсавай дэвізіі беларус прайшоў усю Італьянскую кампанію. Удзельнічаў у кровапралітнай бітве пад Монтэ-Касіна. Пасля вайны ў 1947-ым дэмабілізаваўся і паехаў у БССР. «Калі дадому прыехаў, пастукаў у хату.

    Адчыніла сястра і не пазнала мяне. Я па-польску гаварыў. Дык папрасіўся пераначаваць. Бацька мой кажа:» Няхай ідзе. Жаўнер з сабой начлег не носіць." А я пытаю: «А дзе ваш Ісай?» У адказ чую: «Загінуў ён». «А хто ж я тады,»—кажу. Маці прытомнасць страціла. Пазней усе радаваліся, што жывы і здаровы вярнуўся,"—успамінаў Ісай Акімавіч.Аднак з-за службы ў Арміі Андэрса сям'і спакойна жыць не далі. Вясной 1951-га Лутохіных дэпартавалі ў Іркуцкую вобласць. Пры гэтым канфіскавалі ўсю маёмасць, дакументы, здымкі і ўзнагароды.Ужо ў сярэдзіне 50-ых ім дазволілі вярнуцца на радзіму. У выдадзеным Ісаю Лутохіну савецкім вайсковым білеце было напісана: «У Вялікай Айчыннай вайне не ўдзельнічаў». «Вось так яны частку майго жыцця выкраслілі,»—з сумам гаварыў беларускі жаўнер Арміі Андэрса.

    Сяброўства нашчадкаў «андэрсаўцаў» 

    Першая сустрэча Паўла, Аляксандра і Арцёма адбылася мінулым летам. Яны вырашылі для сябе надалей займацца пошукам сваякоў жаўнераў Арміі Андэрса, якія паходзілі з нашых мясцін і наогул з Беларусі, каб збіраць успаміны. Агульныя інтарэсы падагрэла наведванне ў сталічным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выставы «Беларусы ў II Польскім корпусе», што дзейнічала з 2 верасня па 2 кастрычніка.

    Арцёму і Паўлу нават пашчасціла сфатаграфавацца з сенатарам Польшы Ганнай Марыяй Андэрс—дачкой знакамітага генерала Уладзіслава Андэрса. Крыху пазней завітаў на выставу і Аляксандр Рынкевіч. Аляксандр засведчыў, што экспазіцыя выставы складалася з матэрыялаў, прадстаўленых пасольствам Рэспублікі Польшча ў Мінску, фондаў музея Вялікай Айчыннай, а таксама асабістай калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава. Распавядалася на ёй пра лёсы салдат-«андэрсаўцаў», ураджэнцаў заходніх абласцей Беларусі, якія, трапілі ў савецкі палон у 1939 годзе, прайшлі лагеры і спецпасяленні, апынуліся ў польскім ваенным фарміраванні ў складзе Брытанскай арміі і ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Італіі. 

    Автор: Вольга ВІШНЕЎСКАЯМіёрскія навіны
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)