28 Марта, 2024 Четверг

Настаўнік на пенсіі "знайшоў сябе" ў краме моднага адзення

  • 26 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Анатолю Гардзею на днях споўнілася 62 гады. Даведаліся мы пра гэта з сацыяльных сетак. Таму пры сустрэчы першай справай віншуем яго са святам. «Не адчуваю я сябе на свой пашпартны ўзрост, — чуем у адказ. — Душа, думкі — маладыя. Нават сын, калі віншаваў з днём нараджэння, адмінусаваў мне цэлых 10 гадоў. Мая цяперашняя работа вельмі спрыяе такому амаладжэнню! Вы нават сабе не ўяўляеце, як я люблю моладзь, пакаленне маіх дзяцей, гэтых «светлякоў», як я іх называю! Проста гатоў іх усіх абняць і прытуліць да сябе».

    Пра шабету, доўгія валасы і карані

    Спадар Анатоль вось ужо два гады працуе ў сталічнай краме моднага адзення для моладзі. Кажа, «з першага дня адчуў, што гэта маё». Пасля некалькіх хвілін назірання за тым, як ён кантактуе з кліентамі, разумееш: гэта сапраўды так. Мала таго, што ён ведае ўсё пра свой тавар (у тым ліку, чым «зіпер» адрозніваецца ад «худзі» і «світшота» і чаму «шабета» ну проста неабходна заўзятаму веласіпедысту), дык яшчэ і знойдзе падыход да кожнага. Маладыя людзі прыходзяць у краму не толькі па абноўкі, але і проста пагутарыць, падзяліцца навінамі, спытацца парады.

    — У чым сакрэт такой папулярнасці сярод моладзі? — цікаўлюся.

    — Мабыць, гэта проста ўзаемнасць. Як я іх сустракаю, ледзь не кідаюся абдымацца, дык і яны пазітыў дораць мне ў адказ. Мяне цешыць, што зараз вельмі шмат такой светлай моладзі, якая цікавіцца гісторыяй, традыцыямі, культурай, сваімі каранямі. Прыемна, што хлопцы і дзяўчаты не трымаюцца ад мяне на дыстанцыі, ахвотна размаўляюць, задаюць пытанні. Маладыя сем'і раяцца наконт выхавання дзяцей. Аднойчы на працы мы размаўлялі з сынам. І адзін наведвальнік краем вуха пачуў нашую гутарку. Потым кажа мне: «Такія прыгожыя стасункі ў вас з сынам — даверлівыя, партнёрскія, сяброўскія». А я яму: «У ідэале так і павінна быць». Не ўсе таты правільна разумеюць сваю ролю. Мужчыну здаецца, што ён павінен шмат працаваць, шмат зарабляць, каб забяспечыць сям'ю. А справа кантакту з дзецьмі, прысутнасці ў нейкіх важных сямейных справах адыходзіць альбо на другі план, альбо ўвогуле ў занядбанні знаходзіцца. Так не павінна быць, калі хочаш, каб дзеткі выраслі і шанавалі цябе.

    Часта пажылыя людзі застаюцца адны. Як запытаюцца ў іх суседзі, дык пачынаюць фантазіраваць, казаць: «Мой сынок у камандзіроўцы, за акіянам». А аказваецца, ён недзе недалёка, але не з'яўляецца. Вось вам і вынік няправільнага выхавання.

    — Да вас прыходзяць розныя маладыя людзі, у тым ліку і з пірсінгам, зялёнымі валасамі, татуіроўкамі. Як ставіцеся да такога самавыяўлення?

    — Спакойна (усміхаецца). Мая дачка таксама зрабіла сабе пірсінг. Я, вядома, спрабаваў яе адгаварыць. Бо, лічу, як Божанька цябе стварыў менавіта такога, падобнага да сябе, прыгожага, то, можа, не варта ўмешвацца і змяняць нешта? Але потым схадзіў па розум да галавы, думаю: «Ну, я ж сам быў малады, з доўгімі валасамі хадзіў, выражаў сваю індывідуальнасць у вопратцы, клёшныя штаны насіў, хіпаваў крыху». Цяпер усё гэта ўспамінаю са смехам.

    Пра сёмае неба, 102 гады і вышыванку

    Знаходзіць агульную мову са «светлякамі» спадару Анатолю дапамагае і адукацыя. Па спецыяльнасці ён выкладчык геаграфіі.

    — 20 гадоў свайго працоўнага жыцця я прысвяціў сістэме адукацыі. Спачатку беларускай, а потым і расійскай, бо працаваў амаль 10 гадоў у школе намеснікам дырэктара па навуцы і метадычнай частцы на поўначы Заходняй Сібіры. І там, дарэчы, пахвалюся, атрымаў званне выдатніка адукацыі Расійскай Федэрацыі. А потым жыццё павяло іншай сцежкай. Шчыраваў у структуры «Газпрама», потым быў дырэктарам фірмы, якая гандлявала металапракатам...

    — Якія былі чаканні ад пенсіі?

    — Калі шчыра, баяўся яе страшэнна. Не ведаў, як падрыхтавацца да гэтага моманту. Быў у разгубленасці. Асабліва, калі за два месяцы да юбілею атрымаў пісьмовае паведамленне ад работадаўцы. Маўляў, паважаны Анатоль Мікалаевіч, працоўны кантракт з вамі працягнуты больш не будзе. Ну і ўсё, што тут зробіш.

    Калі знаёмыя сына прапанавалі спадару Анатолю працу ў краме адзення, ён быў на сёмым небе ад шчасця.

    — У любым узросце не позна ўсё пачаць з нуля. Галоўнае, быць адкрытым і не баяцца вучыцца новаму. Я лёгкі на пад'ём чалавек. І вельмі спакойна, нават пазітыўна, стаўлюся да рэзкіх жыццёвых перамен. Успрымаю гэта як задачу, якую трэба вырашыць. Таму заўсёды чакаю ад жыцця нейкіх сюрпрызаў. І цяпер таксама. Я 13 гадоў адпрацаваў экспертам у Гандлёва-прамысловай палаце, займаўся экспертызай і сертыфікацыяй беларускіх экспартных тавараў. Мама мая была не толькі швачкай, але і мадэльерам. А тата ўсё жыццё закройшчыкам адпрацаваў у швейным атэлье. Таму гэтая тэма мне была вельмі блізкай. Я ведаю склад сыравіны, тэхналогію, канструяванне. У мяне густ пэўны сфарміраваўся дзякуючы таму, што я меў справу з адзеннем.

    — Я адразу заўважыла, што ў свае 62 гады вы даволі сучасна адзяваецеся.

    — Не ўсе гэта разумеюць. Некаторым здаецца, што я дзяцінею патроху. Але гэта не так. Некалькі гадоў таму дзеці забаранілі мне насіць класічныя мужчынскія штаны. Сказалі, што я змагу надзяваць іх, калі мне будзе 102 гады (смяецца). Так у маім гардэробе з'явіліся джынсы, модныя цішоткі. Я цяпер ніколі не надзяваю строгую кашулю, ні ў якой сітуацыі. На папярэдніх работах мне надакучылі ўсе гэтыя гальштукі ды белыя каўнерыкі. Мне падабаецца адзенне, якое падкрэслівае беларускасць. Гэта можа быць як вышыванка, так і майка з партрэтам Уладзіміра Караткевіча ці цытатай Янкі Купалы.

    Мяне цешыць, што з'яўляюцца маладыя людзі, якія вырабляюць густоўнае і якаснае адзенне, якое разам з тым нясе глыбокую сэнсавую нагрузку.

    — Чалавеку ва ўзросце «55+» не так проста штосьці змяніць, знайсці працу не толькі дзеля грошай, але і для душы. Многія з іх сказалі б, што вам проста пашанцавала.

    — На ўсё Божая воля. Я, вядома, мог бы ў гардэробе нумаркі выдаваць ці падымаць шлагбаум, але зоркі на небе сышліся пазітыўна для мяне. Хто ведае, можа нават тое, што я зараз раблю, важнейшае за тое, што рабіў да пенсіі (задумваецца). Думаю, што важнейшае. Бо апрача таго, што адзяваю людзей, я яшчэ працягваю займацца выхаваннем моладзі. Толькі нядаўна гэта ўсвядоміў. Не спецыяльна гэта раблю. Недзе на ўзроўні падсвядомасці. Адсюль і станоўчае стаўленне моладзі да мяне. Нібы стары дзядзька, а свой.

    Мне пашанцавала з работадаўцамі. Маладыя людзі, з якімі я працую, вельмі таленавітыя, працавітыя, як мурашкі, цудоўна выхаваныя іх бацькамі. Я люблю іх, шаную, удзячны ім. Бо не буду крывіць душой, што выключна для задавальнення пайшоў працаваць. Дадатковая капейка ў сямейным бюджэце не перашкодзіць, тым больш што жыццё сёння не такое ўжо і таннае. Але няважна, колькі табе гадоў, трэба рабіць сваю справу найлепш, так, як толькі можаш, бо калі проста адбывалаўка, карысці ні для кога не будзе, у першую чаргу для сябе самога.

    Пра дзядулю-патрыёта, людскасць і Чырвоны касцёл

    — Спадар Анатоль, адкуль так добра ведаеце беларускую мову?

    — Дзядуля майго бацькі скончыў у Пецярбургу настаўніцкую семінарыю. Потым вярнуўся на радзіму, у Заходнюю Беларусь, і пабудаваў пачатковую школу. Быў там спачатку дырэктарам, затым настаўнікам. Ён нам не толькі на ўзроўні генаў, але і фізічна прывіў любоў да мовы. Вельмі рана мы — і я, і сястра, і стрыечныя браты — пачалі чытаць. Шмат чыталі менавіта па-беларуску.

    — Можа, у вас ёсць нейкі рэцэпт бадзёрасці ды маладосці?

    — Ды няма ніякага адмысловага рэцэпта. Трэба ўсё жыццё старацца жыць па-людску. Гэта значыць: верыць, любіць, кахаць, дапамагаць, барані Божа, не ненавідзець і не зайздросціць, мала есці, мала спаць, шмат працаваць. Але самае галоўнае — на пазітыве быць. Цяпер гэта модна. А яшчэ вельмі шмат рухацца, варушыцца пастаянна. Няважна, ці будзеш хадзіць пешшу, ці гуляць, ці прабежкі якія рабіць, ці, можа, на ровары катацца, ці на ролікавых каньках. Але не дазваляць сабе легчы на канапу і глядзець праграмы тэлебачання. Гэта дэградацыя. Тры гады таму я ад дзяцей атрымаў у падарунак на дзень нараджэння горны ровар. Нават узімку, калі не надта снежна, то ездзіў на ім на работу. Цяпер ён у сэрвісе знаходзіцца, дык я з дому іду пехам на работу 3,5 кіламетра, а назад вяртаюся далейшым шляхам, дугу раблю.

    Ну і, вядома, трэба ўсміхацца часцей. Мая суседка з гэтай нагоды думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся. Можна, вядома, дагадзіць ёй, сесці і насупіцца, як мыш на крупы, але каму ад гэтага будзе добра?

    … Я зразумеў, што самы галоўны скарб — гэта не грошы, не кватэры, ён у нас — унутры. Чым больш чалавек ведае і ўмее, тым лепш. Я вось, напрыклад, упэўнены, што не прападу, не ссохну з суму. Калі нават ніякай працы не будзе, змагу радаваць людзей сваёй выпечкай (паказвае свае аўтарскія торцікі на фота). Ужо не першы год актыўнічаю ў польскай дыяспары ў Мінску (спадар Анатоль выхоўваўся ў беларуска-польскай сям'і. — Аўт.). Даволі часта выступаю ў якасці вядучага канцэртаў, фестываляў, звязаных з польскай культурай. Спяваю ў хоры, які ўдзельнічае ў набажэнстве ў Чырвоным касцёле. А адзін са святароў касцёла заўсёды паўтарае, што адспяваная малітва ў некалькі разоў мацнейшая, чым проста прамоўленая. Кажа, адзін раз праспяваў — значыць двойчы памаліўся, бо той, хто спявае, дзеліцца сваёй энергетыкай з іншымі. Песня мне дапамагае па жыцці. Калі быць чалавекам, паглыбленым толькі ў штодзённыя справы, клопаты, то гэта вельмі моцна цісне на нервы, на псіхіку. А песня дапамагае адхіліцца ад праблем, лягчэй да іх ставіцца. З узростам вельмі часта матуліны спевы ўсплываюць у памяці. У мяне з ёй былі вельмі блізкія адносіны. Ідзеш на работу, а ў галаве «Чаму ж не прыйшоў, як Месяц узышоў, я ж цябе чакала. Ці каня не меў, ці сцежкі не знаў, маці не пускала?» або «Цячэ рэчанька невялічанька, скочу-пераскочу». І святлее на душы. І сапраўды весялей жывецца.

    Автор: Надзея ДрындрожыкЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)