29 Марта, 2024 Пятница

З любоўю да роднай зямлі

  • 30 июня 2017 Общество Беларуская 0

    20 ЧЭРВЕНЯ на базе нашага раёна праведзены ІІІ абласны эколага-патрыятычны форум, прысвечаны 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі і Году навукі.

    Сёлета яго ўдзельнікамі сталі каля 300 чалавек. Гэта прадстаўнікі аблвыканкама і абласных арганізацый, дэлегацыі раёнаў і горада Жодзіна, а таксама навучэнцы ўстаноў адукацыі, пераможцы конкурсаў экалога-патрыятычнага марафона. Ганаровымі гасцямі ўзгаданага мерапрыемства былі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, старшыня абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Марыя Худая і іншыя. Дарэчы, Марыя Мікалаеўна з’яўляецца адным з ініцыятараў і натхняльнікаў эколага-патрыятычнага марафона.

    Удзельнікі форуму накіраваліся па вызначаных маршрутах, каб пазнаёміцца з непаўторнымі аб’ектамі азёрнага краю. Напрыклад, НДЦ «Зубраня».

    Ля ўваходу на тэрыторыю цэнтра гасцей сустрэлі дырэктар Надзея Ануфрыева, яе намеснік па выхаваўчай рабоце Марына Шылак і, безумоўна, дзеці, якія зараз адпачываюць у «Зубраняці». Яны паведалі гісторыю стварэння цэнтра, расказалі пра яго мінулае і сёння. Затым была арганізавана цікавая экскурсія. Многія адразу нават не паверылі, што «Зубраня» займае плошчу 76 гектараў. Але, прайшоўшы па яго добраўпарадкаванай і дагледжанай тэрыторыі, пабываўшы ў лагерах «Зорны» і «Лазурны», палатачным лагеры «Ружа вятроў», наведаўшы вучэбна-экскурсійны цэнтр старажытнай бытавой культуры беларусаў «Хутар Неслуч», экалагічную пляцоўку «Баброва хатка», паглядзеўшы на шматлікія драўляныя скульптуры, уладкаваныя альтанкі і пляцоўкі на лясных палянках, пераканаліся, што «Зубраня» — гэта месца, дзе створаны выдатнейшыя ўмовы для адпачынку дзяцей. Дарэчы было і наведванне выратавальнай станцыі «Зубраня». Начальнік станцыі Аляксандр Андрэеў і вадалаз Сяргей Кузьміч нагадалі правілы паводзін на вадзе, расказалі пра тэхнічнае забеспячэнне выратавальнікаў і іншае.

    Наступным прыпынкам быў экскурсійна-турыстычны комплекс «Аптэкарскі сад». Юных эколагаў здзівіла, што гэта адзіны ў нашай краіне экскурсійна-турыстычны комплекс па вырошчванні рэдкіх відаў лекавых раслін. Экскурсаводы Наталля Смятаніна і Ганна Казакевіч падрабязна расказалі, якія карысныя і рэдкія расліны тут знайшлі сабе месца: лаванда, дуброўка белая і прымула (знаходзяцца ў Чырвонай кнізе), святаяннік, жывакост, валяр’яна і шмат іншых. Асобнага месца ўдастоіўся жэньшэнь, бо яму патрэбны асаблівыя ўмовы. Тут вырошчваюць больш за 20 найменняў траў.

    — «Аптэкарскі сад» прымае гасцей толькі ў цёплую пару года, — кажа Наталля Смятаніна. — А створаны ён на аснове шматвяковага досведу еўрапейскіх кляштараў па вырошчванні і культываванні рэдкіх лекавых раслін. Летам за дзень да нас прыязджае па некалькі аўтобусаў з турыстамі, пераважна з размешчаных паблізу санаторыяў. Бываюць і замежныя дэлегацыі.

    Дзеці ўбачылі, як растуць рэдкія расліны. Асаблівую іх увагу прыцягнула японская вішня — сакура. Увогуле, экскурсія для юных эколагаў была вельмі цікавай і пазнавальнай.

    Потым удзельнікі форуму сабраліся ў Мядзеле. Цікавай была выстава рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту». Тут дэманстраваліся дзеючыя авіямадэлі, гоначныя карты, аўтамабілі, на якіх набываюць вопыт ваджэння навучэнцы аўташколы Мядзельскай раённай арганізацыі ДГА «ДТСААФ». Неабходныя тлумачэнні і каментарыі даваў кіраўнік Алег Варабей. Разборка і зборка аўтамата, «баі» з шашкамі, элементы рукапашнага бою — усё гэта прадэмантравалі члены клуба «Патрыёт», якім кіруе метадыст Лыцавіцкага сельскага Дома культуры Вілейскага раёна Дзяніс Шарафановіч. Яны выклікалі непадробнае захапленне і цікавасць у гледачоў.

    Непадалёку супрацоўнікі РАУС расказвалі, як паводзіць сябе ў грамадскіх месцах. Дзеці маглі прымераць бронекамізэльку, патрымаць у руках гумовую дубінку і г. д. Побач супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях знаёмілі з пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай. Тут жа ладзіліся спаборніцтвы па апрананні «баёўкі» (адзенне, у якім выратавальнікі едуць на тушэнне пажару). Безумоўна, тут роўных не было прадстаўнікам Клецкага раённага клуба юных выратавальнікаў-пажарных «Тушылка», якія нават амаль выконвалі нарматыў — апраналі «баёўку» за 16 секунд.

    Прапаноўвала сваю прадукцыю ЗАТ «БелАсептыка». Спецыялісты расказвалі пра зборы траў, як рыхтаваць настоі, калі і як іх лепш прымаць. А на плошчы імя Леніна ў гэты час разгарнулася маштабная выстава. У экспазіцыях былі шырока прадстаўлены работы аматараў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, самадзейных майстроў, калектываў устаноў адукацыі і іншых арганізацый і аб’яднанняў. Вочы разбягаліся ад багацця самых цікавых ды арыгінальных экспанатаў! Годна прадставілі на форуме Мядзельшчыну майстры з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў.

    Затым усе сабраліся ў амфітэатры. Менавіта тут падвялі вынікі і ўзнагародзілі пераможцаў конкурсаў і праектаў на эколага-патрыятычную тэматыку.

    Першым запрашаецца да мікрафона старшыня абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. Ён шчыра прывітаў удзельнікаў форуму і зазначыў, што стала добрай традыцыяй у чэрвені падводзіць вынікі работы грамадскіх арганізацый і асобных людзей па добраўпарадкаванні тэрыторый, ушаноўваць тых, хто перамог у конкурсах, плённа працаваў у экалагічным накірунку. Іван Эдуардавіч нагадаў, што прырода часта падносіць нам неспадзеўкі. Прыклад таму — ураганы «Даніэла» і «Эма», калі ў многіх раёнах вобласці ў зімовы час былі пашкоджаны дрэвы, парваны лініі электраперадач, замецены дарогі.

    — Ураган, які пранёсся па тэрыторыі рэспублікі 13 ліпеня мінулага года, на плошчы 12,5 тысячы гектараў пашкодзіў лес. Фактычна паваліў усе дрэвы, вырваў іх з зямлі з каранямі, — падкрэсліў прамоўца. — Таму можна ўявіць, які вялікі аб’ём работы давялося выканаць па ліквідацыі яго наступстваў.

    Іван Эдуардавіч таксама падкрэсліў, што ў вобласці надаецца вялікая ўвага добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Многія гарады і вёскі ў апошні час набылі новае аблічча, але наперадзе яшчэ вялікая работа.

    — Бясспрэчна, што кожны, хто прыехаў у Мядзел, унёс значны ўклад у паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў сталічнай вобласці. Жадаю ўсім моцнага здароўя, пазітыву, поспехаў у дзейнасці па захаванні нераўторнай прыгажосці нашай сінявокай Беларусі, — зазначыў Іван Ліпніцкі.

    Затым слова меў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Ён ад імя жыхароў Мядзельшчыны прывітаў прысутных. Коратка расказаў пра азёрны край, пра тое, што праводзіцца ў раёне па экалагічным выхаванні, навядзенні парадку на зямлі, зберажэнні і захаванні для нашчадкаў прыродных рэсурсаў.

    — Нашы юныя мядзяльчане любяць і берагуць прыроду, — дадаў Алег Алегавіч. — Разам з педагогамі яны ўдзельнічаюць у прыродаахоўных акцыях, даследчых конкурсах, сваімі сіламі ўпрыгожваюць прышкольную тэрыторыю. І наша задача сёння — зрабіць усё магчымае, каб юным жыхарам азёрнага краю прывівалася любоў да роднай зямлі, любоў да ўсяго жывога, любоў да людзей. І калі мы будзем рабіць гэта, калі будзем захоўваць і прымнажаць прыгажосць, жыццё наша з кожным годам будзе станавіцца лепшым і лепшым.

    Затым сцэна прадастаўляецца ў распараджэнне клуба юных выратавальнікаў-пажарных Клецкага раёна «Тушылка», якія парадавалі прысутных сваім выступленнем. А да мікрафона запрашаецца старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская. Ірына Васільеўна ад імя абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў намінацыі

    «За актыўную прапаганду экалагічнай культуры, захаванне прыроднага багацця і бяспеку жыццядзейнасці» ўручыла членам клуба «Тушылка» сімвал форуму — «Глобус». Акрамя гэтага, яна ўзнагародзіла дыпломам пераможцы конкурсу ў намінацыі «За эколага-патрыятычную дзейнасць» навучэнцаў Крупскай раённай гімназіі.

    Вядучая запрашае на сцэну начальніка ўпраўлення абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыя Бакуновіча, які ўручае ўзнагароды за актыўную прапаганду экалагічнай культуры, захаванне прыродных багаццяў дырэктару Вілейскай гімназіі №1 Аляксандру Ваўку, лепшаму грамадскаму эколагу Генадзію Бадзяліку з Мінскага раёна. Прыемна, што сярод заахвочаных былі і прадстаўнікі Мядзельшчыны. Атрымалі з рук Валерыя Уладзіміравіча заслужаныя ўзнагароды: за лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку (І месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу) выхаванка яслей-сада №3 г. Мядзел Ясенія Шчамель, за добрасумленную шматгадовую працу і значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Пратасевіч, за лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі Сваткаўскага сельскага Савета — старшыня Вера Хацяновіч.

    Генеральны дырэктар Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Мацюшэўскі ў сваім выступленні выказаў шчырыя словы падзякі юным лесаводам, якія аказваюць пасільную дапамогу ў пасадцы, доглядзе і ахове лясных насаджэнняў. У намінацыі «Захаваем лясы разам» Сяргей Мікалаевіч уручыў узнагароду члену школьнага лясніцтва Заастравецкай школы Клецкага раёна Анастасіі Груша. А вось старшы рэферэнт абласнога аддзялення Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускі дзіцячы фонд» Людміла Барысенка ўручыла ўзнагароды пераможцам конкурсу даследчых работ у намінацыі «У свет пошуку, у свет творчасці, у свет навукі», а таксама ў намінацыі «За актыўную прапаганду экалагічнай культуры». Старшыня абласнога савета Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Станіслаў Смольскі заахвоціў пераможцаў адкрытага першынства вобласці па выратаванні на водах і плаванні брасам. А кіраўнік арганізацыйнай структуры горада Мінска і сталічнай вобласці ДТСААФ Сяргей Лучына — тых, хто праводзіць вялікую работу па прапагандзе пераемнасці пакаленняў, выхаванні моладзі на ваенна-патрыятычных, працоўных і спартыўных традыцыях абароннага таварыства. Затым узнагароды пераможцам у розных намінацыях уручалі намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Наталля Маркоўская, старшыні абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Любоў Ермаловіч, абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Марыя Худая.

    Адной з важнейшых экалагічных праблем з’яўляецца праблема абыходжання з адыходамі. Дабіцца меншых страт каштоўных другасных рэсурсаў і пазбегнуць забруджвання навакольнага асяроддзя дапамагае раздзельны збор камунальных адыходаў. Экалагічнае адзенне — адна з яркіх і модных тэндэнцый. Сваю калекцыю прадэманстравалі навучэнцы творчай майстэрні «Шарм» эколага-біялагічнага цэнтра Дзяржынскага раёна. Удзельнікі конкурсу экалагічнай моды «Пралеска» з Капыльскага раёна зірнулі на праблему з іншага боку, больш аптымістычнага, дадалі крыху гумару, фантазіі і любові да прыроды. Сваімі работамі дзеці даказваюць, што не існуе ў прыродзе такога матэрыялу, у які нельга зноў удыхнуць жыццё. Яны прадэманстравалі мадэлі тэатра моды «Свой стыль». А паглядзець і сапраўды было на што. Менавіта таму ўдзельнікі тэатра моды і атрымалі за сваю творчасць заслужаныя ўзнагароды.

    На гэтым ушанаванне пераможцаў закончылася. А сцэна прадастаўляецца ў распараджэнне калектываў мастацкай самадзейнасці. Першым выступае заслужаны аматарскі ансамбль танца Рэспублікі Беларусь «Лялячкі» Абухоўскага цэнтра культуры Гродзенскага раёна. Яго змяняюць добра нам вядомыя народны вакальны ансамбль эстрадный песні «Правінцыя», народны вакальны ансамбль «Натхненне», салісткі Людміла Мінькоўская і Вольга Буянава. Нікога не пакінула абыякавым выступленне ўзорнага ансамбля танца «Натхненне» ўстановы адукацыі «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі г. Мінска». Кожнае выступленне суправаджалася апладысментамі.

    Праз год форум ізноў аб’яднае маладых людзей, якія клапоцяцца пра экалогію і чысціню прыроды. Толькі месцам сустрэчы стане іншы горад сталічнай вобласці. Госці раз’язджаліся, атрымаўшы граматы, дыпломы, каштоўныя падарунакі і шматлікія сувеніры, а над плошчай яшчэ доўга плылі гукі музыкі. Свята атрымалася прыгожым, масавым, запамінальным.

    ***

    Адна група дэлегатаў форуму пачала знаёмства з Мядзельшчынай з наведвання комплексу «Партызанскія базы». Дырэктар музея народнай славы Наталля Бурак правяла для іх экскурсію, расказала пра падзеі, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на гэтым месцы. Тут хлопцы і дзяўчаты ўбачылі гістарычную інсталяцыю «Адзін дзень з партызанскага жыцця». Паўдзельнічалі ў розных конкурсах: хто больш ведае песень ваенных часоў ці здолее хутка перавязяць рану таварышу, паспрабавалі салдацкай кашы і духмянай гарбаты. Многія фатаграфаваліся са зброяй.

    А далей накіраваліся да помніка «Партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай», дзе адбыўся мітынг. Прывітала ўсіх намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Адзначыла яна, што невыпадкова сабраліся на гэтым месцы, памятным не толькі для мядзяльчан і жыхароў раёна, але і для ўсёй Беларусі. Расказала пра мэты экалагічнага форуму, пажадала ўсім здароўя і жыцця пад мірным небам.

    Выступіў і старшыня раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і «Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў» Юрый Мяркулаў. Удзельнікі форуму ўсклалі кветкі да помніка.

    Сярод іх былі прадстаўнікі сярэдняй школы №3 Нясвіжа.

    — Гэта атрад юных інспектараў дарожнага руху, прызёр рэспубліканскага злёту атрадаў ЮІД, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №3 Нясвіжа Марына Макаўчык. — Трэба сказаць, што мы бываем на мядзельскай зямлі штогод: у цэнтры «Зубраня» ўдзельнічаем у абласным злёце атрадаў ЮІД. Сёння пазнаёміліся лепш з мядзельскай зямлёй, наведалі партызанскія мясціны, гэты помнік — і засталіся пад вялікім уражаннем. Нам паказалі інсталяцыю ваенных часоў, правялі з дзецьмі вельмі цікавыя конкурсы, накармілі салдацкай кашай.

    — Мне ўсё спадабалася, асабліва «Партызанскія базы». Цікава пабачыць зямлянкі, — дзеліцца вучаніца гэтай школы Надзея Русак.

    Пасля мітынгу адбыўся велапрабег: ад помніка яго ўдзельнікі накіраваліся да плошчы Леніна ў Мядзеле. Сярод іх былі і выхаванцы спартыўна-аздараўленчага лагера “Алімпіец”, які працуе на базе Мядзельскай СДЮШАР, разам з трэнерам Анатолем Пачкоўскім.

    У райцэнтры ўдзельнікі форуму пабывалі на выратавальнай станцыі «Мядзел». Вось сюды завітваюць дзеці з Нясвіжа.

    З абсталяваннем вадалазаў іх знаёмілі старшая медсястра Аксана Карповіч і матарыст Аляксей Лапека.

    — Нашы супрацоўнікі паказалі ім вадалазнае абсталяванне, расказалі пра правілы карыстання, — кажа старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Дзмітрый Мялешка. — Асабліва дзяцей зацікавіў «Максім-1» — трэнажор для сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Гэтыя дзеці настолькі падрыхтаваныя, яны самі раскажуць і пакажуць, як правільна ўсё рабіць.

    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІ, Аляксандр ВЫСОЦКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)