24 Апреля, 2024 Среда

Беларусь у маім сэрцы

  • 06 июля 2017 Общество Беларуская 0

    Люблю гэты ліпеньскі дзень, яго ўрачыстасць, разнастайнасць, прыгажосць, яго гарманічнае шматгалоссе, наш святочна ўбраны Слуцк. Гэта свята кожны раз уражвае, хвалюе душу, звяртае нас да гісторыі роднай краіны, асэнсавання свайго грамадзянскага абавязку. Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь авеяны падзеяй гістарычнага значэння – вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны, сёлета мы адзначалі 73 гадавіну гэтай падзеі.

    Свята, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, пачалося ў Слуцку ўрачыстым мітынгам на мемарыяльным комплексе. На мітынг сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, ваеннаслужачыя Слуцкага гарнізона, ветэраны Узброеных Сіл, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, у тым ліку «Белая Русь», БРСМ, прафсаюзаў, многія случчане. 

    У мітынгу прынялі ўдзел старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, Герой Сацыялістычнай Працы, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці, Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, работнікі Слуцкага райвыканкама, шэрагу дзяржаўных органаў і структур, кіраўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій на Случчыне.

    Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, выступаючы на мітынгу, падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь сімвалізуе адзінства і згуртаванасць беларускага народа. Вялікае значэнне ў гісторыі нашай дзяржавы мае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бязмежная ўдзячнасць нашчадкаў франтавікам, партызанам, падпольшчыкам, працаўнікам тылу, якія абаранілі краіну ад ворага, мір і будучае на беларускай зямлі. Мір і парадак у Беларусі – вялікія каштоўнасці нашага народа, іх неабходна захоўваць і берагчы. Беларусь – маладая незалежная краіна, якая будуе сваю палітыку на прынцыпах міру, добрасуседства. Для  далейшага росквіту краіны, вырашэння дзяржаўных задач важна еднасць людзей, плённая праца, захаванне пераемнасці нацыянальных, духоўных традыцый.

    Як адзначыў Андрэй Уладзіслававіч, за час мірнага будавання Слуцк стаў прыгожым утульным раённым цэнтрам Мінскай вобласці. З кожным годам горад на Случы прырастае працай і творчым натхненнем людзей. Кіраўнік раёна, звяртаючыся да моладзі, падкрэсліў, што ўмовы, якія створаны дзяржавай, спрыяюць далейшаму развіццю  грамадства, рэалізацыі смелых ідэй, развіццю талентаў.

    – У штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў, што для захавання  суверэнітэту маладой беларускай дзяржавы трэба многае. Але ў першую чаргу адзінства ўсяго беларускага народа. Упэўнены, што стваральная праца случчан, любоў да роднага краю стануць бясцэнным набыткам сучаснасці і будучых пакаленняў, – падкрэсліў Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. – У гэты святочны дзень жадаю вам, шаноўныя жыхары Случчыны, новых поспехаў у працы, здзяйснення намечанага. Няхай у вашых сем’ях пануюць дабрабыт, шчасце і лад. Са святам – з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

    Старшыня Слуцкага раённага савета ветэранаў Валянціна Сцяпанаўна Відлога нагадала пра гісторыю вызвалення Беларусі і Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзякавала ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мужнасць і адвагу ў баях за свабоду Радзімы. Ад імя маладога пакалення случчан слова трымаў вучань 11 класа гімназіі №1 горада Слуцка Дан Бірук. Натхнёна гаварыў юнак: моладзь з вялікай павагай ставіцца да подзвігу дзядоў, якія абаранілі краіну ад фашысцкіх акупантаў, маладыя нацэлены жыць, вучыцца, працаваць на карысць мірнай незалежнай Беларусі, для яе далейшага росквіту, умацавання.

    Удзельнікі мітынгу мінутай маўчання ўшанавалі памяць пра загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны, усклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню, брацкіх магіл. Салютавалі вайскоўцы, строем па пляцы прайшлі ваеннаслужачыя Слуцкага гарнізона.

    Святочная калона, у складзе якой кіраўніцтва Слуцкага райвыканкама, ветэраны Узброеных Сіл, вайскоўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь, накіравалася па вуліцах 14 Партызан і Леніна да цэнтральнай плошчы горада. Узначальвалі святочную калону  нашы дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да помніка Маршалу Г.К. Жукаву, памятных знакаў воінам-вызваліцелям, воінам-інтэрнацыяналістам.

    У свяце, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Георгій Паўлавіч Каффка, Іван Нікіфаравіч Крывашэй, Міхаіл Ціханавіч Дзюба. Да іх падыходзілі случчане, дзякавалі за мір, свабоду на роднай зямлі, жадалі здароўя, усяго самага добрага, дарылі кветкі. Вельмі кранальна, асабліва калі да ветэранаў падбягалі дзеткі – свяціліся шчасцем вочы нашых слаўных ветэранаў…

    Што называецца, на адным дыханні на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы прайшла святочная праграма «Беларусь у маім сэрцы» – яркая, відовішчная, хвалюючая, прасякнутая энергетыкай маладосці. Канцэртную эстафету працягнулі  ваенны духавы аркестр, народны фальклорны ансамбль «Ячаўскія вячоркі», народны ансамбль народнай музыкі Селішчанскай ДШМ, народны ансамбль народнай песні і музыкі «Случчанскія святкі», народны хор ветэранаў Слуцкага ГДК – бліскучыя выступленні! Увогуле, у гэты дзень  Слуцк ператварыўся ў вялікую канцэртную, выставачную пляцоўку: канцэрты, выстаўкі-прэзентацыі, конкурсы, пленэры, майстар-класы ладзілі для случчан і гасцей горада на творчых пляцоўках на вуліцах Леніна, Максіма Багдановіча, у гарадскім парку культуры і адпачынку. «Мелодыі сустрэч» прыцягнулі ў парк аматараў танцаў. А на гарадскім стадыёне праходзілі спартыўныя спаборніцтвы… Адпачынак, як гаворыцца, на любы густ.  Нямала папрацавалі для гэтага творчыя калектывы ўстаноў культуры раёна, выкладчыкі і навучэнцы ўстаноў адукацыі, дадатковай адукацыі, у тым ліку цэнтра дзіцячай творчасці, эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцкай моладзі, цэнтра турызму, цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі, клуба «Аўтасвет», дзіцячых школ мастацтваў, Слуцкага дзяржаўнага каледжа, сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, медыцынскага каледжа, шэрагу іншых устаноў. Гандлёвымі, перапрацоўчымі прадпрыемствамі ў горадзе былі разгорнуты гандлёвыя рады з разнастайнай прадукцыяй, на вуліцах працавалі міні-кафэ.

    Шматлікія святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прайшлі ва ўсіх сельсаветах раёна, у тым ліку ў шэрагу населеных пунктаў ладзілі святы вёсак.

    Святочны дзень пакінуў шмат яркіх уражанняў: пра гэта з журналістамі «Слуцкага краю» дзяліліся случчане і госці горада, маладыя і сталыя людзі, дзеці… Прыемна было чуць, з якой  гордасцю пра Беларусь, малую радзіму,  гісторыю краіны і сённяшні дзень гаварылі случчане, як вечарам разам з усёй краінай спявалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, як у магутным хоры дарослых гучалі дзіцячыя галасы. Неба над Слуцкам расквецілі малюнкі святочнага феерверку, быццам мастак маляваў на нябесным палатне зіхаткія кветкі, сферы, узоры. Было радасна, хвалююча і фантастычна прыгожа. Са святам, родны горад, мая Беларусь!

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)