25 Апреля, 2024 Четверг

Школьная бізнес-кампанія працуе і летам

  • 10 июля 2017 Общество Беларуская 0

    Многія сучасныя дзяўчаты далёкія ад рукадзелля. Але гэтага не скажаш пра ўдзельніц бізнес-кампаніі «Купіць справу», якая ўжо чацвёрты год працуе ў СШ №12. Кіпіць тут работа і ў час летніх канікул.

    Бізнес-кампанія, якой кіруе настаўніца працоўнага навучання Аксана Сушко, спецыялізуецца на пашыве пасцельнай бялізны.

    — На арганізацыю і развіццё нашага аб’яднання былі выдаткаваны пазабюджэтныя грошы. Спачатку шылі толькі навалачкі. За чатыры гады існавання школьная вытворчасць пакрысе раскруцілася і выйшла на самаакупнасць. Цяпер мы вырабляем камплекты бялізны. Шыць можам і больш, магчымасці для гэтага ёсць, але імкнёмся выпускаць столькі прадукцыі, колькі можам рэалізаваць, — з веданнем справы гаворыць Аксана Іванаўна.

    Пасцельная бялізна выключна з натуральнай сыравіны. Закупляюць яе на адной са сталічных фірм. Асноўныя пакупнікі – жыхары горада. Таксама бываюць сацыяльныя заказы. Напрыклад, школьніцы шылі камплекты для мясцовага радзільнага дома і цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

    Летам на базе бізнес-кампаніі адкрыты лагер працы і адпачынку. Да рукадзельніц далучыліся іншыя школьніцы. Мэты ва ўсіх розныя. Напрыклад, Надзя Градабаева прыйшла сюды, каб навучыцца шыць. Цяпер дзевяцікласніца з усмешкай успамінае, як спачатку баялася раскройваць тканіну. Тоня Бажко хоча падзарабіць грошай, каб дапамагчы бацькам аплаціць ёй пуцёўку ў загарадны лагер «Лідар», што ля Радашковіч. Насця Душкевіч збіраецца зрабіць падарунак сяброўцы, з якой не бачылася цэлы год, бо тая цяпер жыве ў Чэхіі. Раней дзяўчаты вучыліся ў адным класе. Насця ведае, што сяброўка любіць чытаць, і хоча падарыць ёй кнігі.

    Лагер працы і адпачынку наведваюць падлеткі ад 14 гадоў. Іх працоўны дзень пачынаецца ў 9.00 і доўжыцца чатыры гадзіны.

    Ёсць у лагеры і брыгада хлопцаў, якая займаецца рамонтам школьнай мэблі. Карысць ад работы агульная: бацькі спакойныя, што дзеці з карысцю і пад наглядам праводзяць летнія канікулы. А юнакі і дзяўчаты занятыя добрай справай, прывучаюцца зарабляць уласныя грошы, цаніць кожны рубель. Пасля «працоўнай змены» для іх падрыхтавана і змястоўная культурна-асветніцкая праграма.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)