29 Марта, 2024 Пятница

Рэпартаж з Міжнароднай летняй школы беларусістыкі

  • 20 июля 2017 Общество Беларуская 0

    Пяць дзясяткаў студэнтаў усіх узростаў з розных краін — ад ЗША да Японіі — на два тыдні запоўнілі аўдыторыі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ. Нягледзячы на тое, што ўсе яны прадстаўлялі такія розныя культуры, агульнай для ўсіх стала беларуская мова. Менавіта дзеля яе вывучэння яны і прыехалі ў Мінск. Міжнародная летняя школа беларусістыкі — унікальны праект, які дазваляе пагрузіць замежнікаў у айчынны кантэкст. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» завіталі ў школу, каб даведацца, што прывабіла іх у нашай краіне.

    У адной з аўдыторый праходзяць чарговыя заняткі школы. Студэнты займаюцца быццам бы не самай складанай справай, знаёмай кожнаму з дзяцінства, — алоўкамі расфарбоўваюць чорна-белыя малюнкі. З аднаго боку, гэта неблагі адпачынак на перапынку падчас вывучэння беларускай мовы, але не ўсё так проста… Пазней кожны са студэнтаў раскажа, якія колеры абраў для свайго малюнка, а гэта выдатны спосаб бліжэй пазнаёміцца з лексікай. Атмасфера на занятках пануе вясёлая і сяброўская. Калі лексічнага запасу беларускай мовы не хапае, на дапамогу прыходзіць англійская.

    — Гэта так званая група «А» — студэнты, якія прыехалі з абсалютна нулявым узроўнем ведання беларускай мовы, — расказвае выкладчык БДУ, кандыдат філалагічных навук Надзея ШАКУН. — Хоць, вядома, гэты «нуль» у кожнага розны. Калі немцы, шведы ці японцы сапраўды напачатку не разумелі нічога па-беларуску, то студэнты з іншых славянскіх краін (скажам, Польшчы ці Славакіі) маюць пэўны пасіўны ўзровень — часткова разумеюць лексіку, лёгка асвойваюць граматыку. Для іх навучанне праходзіць прасцей і хутчэй.

    Эва БАХМІНЬСКА родам з Польшчы, цяпер жыве ў Амерыцы і выкладае ў Карнэльскім універсітэце польскую мову і гісторыю кінематографа для студэнтаў. Цікавіцца культурай краін Усходняй Еўропы, добра гаворыць па-англійску, па-нямецку і па-руску. Цяпер у яе багажы з'явілася і беларуская мова — дзяўчына літаральна праз тыдзень ужо няблага размаўляе на самыя розныя тэмы, хоць часам у маўленні «праскокваюць» рускія ці польскія словы.

    Пасля заняткаў усе збіраюцца на кава-паўзу — тут можна падзяліцца апошнімі ўражаннямі і проста пагутарыць (вядома, па-беларуску) не толькі з іншымі студэнтамі, але і з носьбітамі беларускай мовы — навучэнцаў школы суправаджаюць валанцёры з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, БДПУ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. За кожнай ВНУ замацавана пэўная група студэнтаў. У сярэднім штодзень тут працуе 10—15 валанцёраў, але ніякага прымусу няма — усе прыходзяць па ўласным жаданні.

    — На школу беларусістыкі найлепшых студэнтаў у якасці валанцёраў запрасіла наша выкладчыца беларускай мовы, — падзялілася студэнтка трэцяга курса перакладчыцкага факультэта МДЛУ Анастасія САЎКОВА. — Наша задача — заўсёды быць побач з замежнікамі, тлумачыць ім усё, што можа аказацца незразумелым. Калі казаць коратка — праводзім з імі ўвесь час, ад раніцы да вечара: суправаджаем у паездках і на экскурсіях, кансультуем, распавядаем пра Беларусь, дапамагаем рабіць дамашнія заданні, проста кантактуем. Мы адказваем за гасцей з Японіі, Швецыі, Славакіі, Чэхіі і Сербіі. Асабіста я найбольш кантактную з японцамі, бо ведаю японскую мову, і гэта для мяне дадатковая магчымасць папрактыкавацца. А ўвогуле, усе яны цікавыя, з кожным ёсць аб чым паразмаўляць. Я была валанцёрам на мінулагодняй школе, у мяне засталося шмат сяброў, са многімі дагэтуль падтрымліваю кантакты. А яшчэ гэта выдатная магчымасць паглядзець на нашу краіну вачыма замежнікаў...

    Усе студэнты прыязджаюць у Беларусь за ўласныя сродкі. Але ўдзельнікі праекта атрымалі бясплатныя візы, адукацыйная і культурная праграмы для іх таксама нічога не каштавалі. І па астатніх аспектах ёсць прэферэнцыі: таннае пражыванне ў інтэрнаце РІВШ, харчаванне ў сталовай Акадэміі кіравання па дэмакратычных цэнах.

    — Я родам з Японіі, нарадзіўся ў Токіа, — расказвае студэнт школы беларусістыкі Юсукэ СУМІ. — А ў Беларусь прыехаў з Румыніі. Працую там асістэнтам у Бухарэсцкім універсітэце на кафедры венгерскіх даследаванняў, іўрыту і румынскай мовы. Чатыры гады таму падчас вучобы ў Венгрыі крыху пазнаёміўся з беларускай мовай. Пасля прыехаў у вашу краіну ў якасці турыста, мне вельмі спадабалася, і я захацеў вярнуцца. Калі даведаўся пра школу беларусістыкі, зразумеў, што нельга ўпускаць такі шанц. Чым Беларусь цікавая для японца? Насамрэч, гэта залежыць ад абставін. Напрыклад, я захапіўся вашай культурай дзякуючы выкладчыцы беларускай мовы, у якой навучаўся ў Венгрыі.

    Заняткі ў школе для ўсіх студэнтаў пачыналіся аднолькава — з вечара знаёмстваў, калі ўсе расказвалі пра свае краіны пры дапамозе прэзентацый, спеваў і, вядома, традыцыйнай кухні. Далей удзельнікаў праекта чакала насычаная праграма, у якую ўваходзілі ўдзел у святкаванні Дня Незалежнасці, шматлікія экскурсіі ў разнастайныя музеі краіны, напрыклад, у музей народнай архітэктуры і быту ў вёсцы Строчыцы, экскурсія ў старажытны Полацк. Рашэнне аб удзеле кожны прымаў самастойна — калі некаму са студэнтаў мерапрыемства падавалася нецікавым, ён мог знайсці для сябе іншы занятак на гэты час. Увогуле, навучанне ў школе дапускае пэўную імправізацыю — валанцёры расказваюць, як пасля майстар-класа па беларускіх спевах група студэнтаў па ўласнай ініцыятыве адправілася ў тэатр, бо вельмі хацела патрапіць на адзін са спектакляў.

    — Я пачаў вывучаць вашу мову ў сябе ў Венгрыі, бо ў нас ва ўніверсітэце працавала выкладчыца з Брэста, — падзяліўся журналіст Матэ УР. — Вучыўся на факультэце рускай філалогіі і славянскіх моў, але пасля той сустрэчы вырашыў вывучыць і беларускую. Вядома, хацелася трапіць у Беларусь, таму школа мне моцна дапамагла. Зразумела, венгру няпроста вывучаць беларускую, бо нашы мовы дастаткова далёкія, але я ўжо размаўляў па-руску, таму мне было прасцей. Што самае складанае? Напэўна, пісьмо. А яшчэ надзвычай цяжка разабрацца са склонамі. Калі казаць пра мае ўражанні, то мне ў вас падабаецца. Мяне цікавіць Усходняя Еўропа, я некалькі разоў быў у Расіі і, шчыра кажучы, думаў, што Беларусь не надта ад яе адрозніваецца. Але цяпер упэўнена магу сказаць, што гэта ўнікальная краіна, не падобная да іншых у гэтым рэгіёне. Я кажу і пра культуру, і пра мову, і пра іншыя аспекты. Што запомнілася? Паездка на радзіму Купалы ў Вязынку, дзе мы каштавалі дранікі!

    Усяго праз тыдзень заняткаў большасць студэнтаў даволі нядрэнна размаўляе па-беларуску. Іспанец Хаімэ ГАРСІЯ ТАБАРА ў веданні мовы, пэўна, дасць рады і многім беларусам — хлопец гаворыць проста выдатна, здаецца, выдаць яго можа толькі акцэнт.

    — Я жыву ў Мадрыдзе, беларускую і рускую мову пачаў вывучаць некалькі гадоў таму, — расказаў студэнт універсітэта Альфонса Х Эль Сабіа. — Раней кантактаваў з украінскай дыяспарай, пасябраваў з дзяўчынай-украінкай, якая мне расказала пра суполку беларусаў у сталіцы Іспаніі. Яны ладзілі літаратурную вечарыну з нагоды дня нараджэння Максіма Багдановіча. Я, вядома, завітаў туды, пазнаёміўся з супрацоўнікам беларускага пасольства, які і запрасіў у школу. Што мяне цікавіць у беларускай мове? Як ні дзіўна, тое, што яна малавядомая. Няма іспанска-беларускіх слоўнікаў, няма падручнікаў. Хоць я не першы іспанец, які займаецца гэтай тэмай. Ёсць Анхела Эспіноса, якая пераклала на іспанскую мову зборнік вершаў Багдановіча, ёсць Крысціян Рансэра, які вывучае беларускія гаворкі Палесся. Мне таксама хацелася б зрабіць штосьці карыснае, напрыклад, скласці першы іспанска-беларускі слоўнік — гэта стала б важным крокам, што дазволіў бы адкрыць Беларусь для людзей, якія гавораць па-іспанску.

    Графік у школе дастаткова насычаны — штодзень абавязкова двое практычных заняткаў і адна ці дзве лекцыі з перапынкам на каву. Пасля — абед, адукацыйныя паездкі ды мерапрыемствы і вольны час, якім кожны карыстаецца па-свойму: нехта робіць дамашнія заданні, а нехта адпраўляецца на шпацыр па Мінску.

    — Сёлета да нас першапачаткова паступіла больш як 100 заявак, — пракаментавала выкладчыца і арганізатар Міжнароднай летняй школы беларусістыкі Наталля КЛІШЭВІЧ. — Але колькасць месцаў была абмежаваная, таму, на жаль, трапіць у Мінск змаглі не ўсе ахвотныя. Праводзілі адбор, напрыклад, адсейвалі кандыдатаў, што ўжо ўдзельнічалі ў гэтым праекце раней. Некаторыя нават самі саступалі свае месцы «навічкам». Безумоўна, хочацца, каб школа пашыралася, але для гэтага трэба дадатковае фінансаванне, магчыма, спонсарскае. Нам вельмі дапамагаюць валанцёры. Летась у групе пачаткоўцаў нашы студэнты выконвалі ролю перакладчыкаў, думаю, гэта быў карысны досвед і для іх саміх. За апошнія гады тут сфарміравалася суполка людзей, якія любяць гэту справу і добра яе ведаюць.

    Па словах Наталлі Клішэвіч, цяпер вядзецца распрацоўка адукацыйнага стандарту па навучанні беларускай мове як замежнай. Задача-максімум — ужо праз год ці два мець распрацаваныя падручнікі і дапаможнікі для навучання замежнікаў беларускай мове.

    Автор: Яраслаў ЛыскавецЗвязда

Комментарии (0)