24 Апреля, 2024 Среда

Міжнародны лагер "Бе-La-Русь"

  • 03 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Міжнародны маладзёжны лагер «Бе-La-Русь» сімвалічна праходзіць на стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі на Кургане Дружбы ў Верхнедзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Тут пануе атмасфера сяброўства, узаемаразумення, аптымізму. Дэвіз сёлетняга форуму, які праходзіў 27 – 30 ліпеня, – «25 гадоў разам – насустрач XIX Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў».

    Палатачны лагер ужо многія гады збірае самых ініцыятыўных, спартыўных і творчых юнакоў і дзяўчат.

    Прадстаўнікі Случчыны таксама ўдзельнічалі ў мерапрыемстве. Сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам «Слуцкага краю» падзялілася галоўны спецыяліст Слуцкага райкама БРСМ Кацярына Грышко(на здымку першая злева).

    – У назве лагера (складаецца з першых складоў назваў трох краін) закладзена ідэя адзінства моладзі мяжуючых дзяржаў, – расказвае Кацярына. – Мерапрыемствы форуму былі накіраваны на развіццё і ўмацаванне існуючых сувязей і супрацоўніцтва. Мы абменьваліся вопытам падчас «круглых сталоў», прэзентавалі сваю дзейнасць, сустрэліся з ветэранамі маладзёжнага руху, абмяркоўвалі падзеі ў свеце і актуальныя праблемы.

    Былі і традыцыйныя творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы. У творчым конкурсе песні «Бе-La-Рускія зоры» трэба было адлюстраваць нацыянальны каларыт, у ім мы занялі першае месца. Таксама прадстаўніца нашай каманды заняла першае месца ў інтэлектуальнай гульні «Рубікон».

    Ну і, вядома, асаблівую атмасферу свята стваралі вечары каля вогнішча і песні пад гітару, дыскатэкі да раніцы. Мы арганізавалі мексіканскую вечарынку. Было вельмі весела. За гэтыя дні ўдзельнікі лагера пасябравалі, наладзілі новыя сувязі, з’ядналіся.

    Ад Беларусі ўдзельнічалі прадстаўнікі кожнай вобласці, была таксама дэлегацыя «Крутыя перцы», у склад яе ўваходзілі «старажылы», якія  прыязджаюць у лагер больш за 15 гадоў. Заснавальнікі лагера штогод узнагароджваюць сімвалічнымі медалямі ўсіх, хто прыехаў у юбілейны 5, 10, 15 і 20 разы.

    З надвор'ем нам, можна сказаць, пашанцавала, толькі ў суботу пайшоў дождж, што ніяк не адбілася на добрым настроі.

    У першы дзень я не ўяўляла, што так хутка знайду тут людзей, з якімі мне будзе так лёгка і проста. Мы сапраўды ўсе вельмі пасябравалі, радаваліся аднолькава як сваім, так і перамогам іншых. Вельмі шкада было расставацца, але ўсе ўпэўнены, што «Бе-La-Русь» збярэ нас усіх яшчэ не раз.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)