25 Апреля, 2024 Четверг

Дзе пачынаецца лес...

  • 07 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Вялікія цяпліцы, сапраўдныя градкі, паліў, праполка — здавалася б, гаворка пра звычайную ферму. Але, калі прыгледзецца, неяк крыху не так: нестандартна выглядаюць на палях зялёныя парасткі 5-10 сантыметраў вышынёй. Адказ — тут жа, на шыльдачцы: елка еўрапейская, сасна звычайная, ядловец кітайскі...

    — Зараз Ліпенскі базісны гадавальнік займае тэрыторыю ў 22,3 гектара. Каля 10 — паліўныя тэрыторыі. Яшчэ 0,25 гектара — пасадкі ў цяпліцах, у закрытым грунце, — адзначае начальнік падраздзялення лясгаса Віктар Арцёмчык. — Вырошчваем дзесьці 8 мільёнаў сеянцаў у год. Гэта дазваляе задавальняць і свае патрэбы ў пасадачным матэрыяле, і прадаваць лішкі. Гандлюем і на тэрыторыі Беларусі, і за мяжой. Напрыклад, каля мільёна сеянцаў адпраўляюцца ў Расію. Дарэчы, па пастаўках беларусы абагналі ўжо Польшчу, “падкрадаемся” да Фінляндыі. А гэта краіны — заснавальнікі падобнага.

    Ідзём па тэрыторыі гадавальніка. Амаль ад самых варот ужо пачынаюцца цяпліцы. Тут жа — невялікая сажалка, на беразе якой драўляная альтанка з адкрытай пляцоўкай. За імі — два будынкі: ад-міністратыўны і для лесаводаў. І — зноў цяпліцы.

    “Жывуць” тут у асноўным дэкаратыўныя расліны ў закрытым грунце — у любы час пасадзіць можна. Туі, ядлоўцы, кіпарысавікі, самшыт, нават буякі ёсць — усяго каля 40 найменняў. Побач — так званы матачнік дэкаратыўных раслін. На інфармацыйным аншлагу пры ўваходзе яшчэ шэраг назваў: спірэя, вярба, ціс, дзёран, барбарыс, гартэнзія… А далей — ужо лясныя культуры і амаль дарослыя кусты-дрэвы — у цяпліцах і адкрытым грунце.

    — Новыя віды раслін закупаем і завозім з-за мяжы, — расказвае лесавод з больш чым 10-гадовым стажам Інна Беразінская. — А вось тое, што ёсць у матачніку, разводзім самі — чаранкаваннем. Лета ў асноўным сезон праполкі. Сеянцы лёгка можа зелле заглушыць, таму трэба своечасова “грады” прыводзіць да ладу. Менавіта гэтым зараз усе лесаводы — усяго 5 — і займаюцца. Ну і, зразумела, рабочыя дапамагаюць.

    — Нашы работнікі — героі! Працаваць на такім сонцапёку ў полі не кожны вытрымае. Але разумеюць, што патрэбна. Затое на мора за загарам ехаць не абавязкова — і так выдатны, — усміхаецца Віктар Сцяпанавіч.

    Калі ацаніць аб’ёмы, можна ўявіць, што працуе пітомнік выключна з юрыдычнымі асобамі. Але гэта зусім не так: завітваюць сюды і звычайныя садаводы-азеляняльнікі. Прыемна здзівіў і кошт, які ў параўнанні з гандлярамі-“прыватнікамі” выглядае даволі бюджэтна. Так, асноўны коштавы паказчык для 2-гадовых дэкаратыўных раслін вышынёй 20-30 см — 4 рублі. Дарослы куст да паўметра — каля васьмі. Увогуле, можна прыходзіць і выбіраць — ёсць з чаго. А часам расліны пакідаюць гадавальнік і не за грошы: лясгас дапамагае школам, дзіцячым садам і іншым сацыяльным установам.

    … Не, нездарма Ліпенскае падраздзяленне лясгаса неаднойчы атрымоў-вала званне “Лясны гадавальнік высокай культуры”. Тут і праўда ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца!

    На здымку (злева направа): Iна Беразінская, Алена Пурлікава, Марыя Цяслёнак і   Анастасія Русаковіч.

    Марыя ТАЛЕЙКА. Фота Ніны ЦАРЫК.

    Автор: Мария ТалейкоАсіповіцкі край

Комментарии (0)