23 Апреля, 2024 Вторник

Узор для суседзяў – дом сямейнага тыпу

  • 18 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Санітарная камісія ў складзе ўрача-гігіеніста Наталлі Рык, галоўнага спецыяліста землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Таццяны Лойка і карэспандэнта газеты зрабіла маніторынг санітарага стану мікрараёнаў і вуліц Стоўбцаў.

    Новы мікрараён індывідуальнай жылой забудовы Усходні ўсё больш набывае рысы абжытасці. На яго вуліцах узнімаюцца сучасныя прыгожыя дамы. Многія ўладальнікі ўжо засяліліся і паралельна нешта дабудоўваюць, займаюцца добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Хоць агароджы можа яшчэ і не быць, усё роўна акуратна абкошваюць вакол свайго дома, садзяць кветкі. Раўняцца можна на дом № 2 па вуліцы Бярозавай, дзе месціцца дзіцячы дом сямейнага тыпу. На вуліцы перад домам – вялікая квітнеючая клумба. Ля яе сустрэлі гаспадара, які расказаў, што насаджэнні даглядаюць жонка разам з дзецьмі. Балазе, памочнікаў у прыёмнай сям'і цяпер дзесяць!       

    На жаль, побач з дагледжанасцю і гаспадарлівасцю суседнічае і адваротнае. Да прыкладу, фундаменты хаваюцца ў высокай траве, вакол дома, што ўзводзіцца, утварылася зялёная «крэпасць». Такую карціну можна было назіраць на вуліцах Паўночнай, дамы №№ 23 і 1, Сувязістаў, дамы №№ 16, 31, 9 і 10, Стаўбцоўскай, дамы №№ 15, 1 і 3. Вакол некаторых новабудоўляў скошана, аднак пакінута пустазелле, якое прарасло праз горы пяску, будаўнічых матэрыялаў і т. п. Як заўважыла Таццяна Лойка, некаторыя з «праштрафіўшыхся» зямельных участкаў не так даўно прададзены з аўкцыёну, набылі ўладальніка і паступова акультурваюцца.

    – Уладальніку неабходна своечасова абкошваць зямельны ўчастак незалежна ад таго, узвёў ён дом і пражывае ў ім ці толькі пачынае будаўніцтва, – падкрэслівае ўрач-гігіеніст Наталля Рык. – За абкошванне праездаў, пустыроў адказваюць сельскі Савет, аб'яднанне камунальных службаў, якім таксама трэба выконваць гэтую работу без спазнення.

    Такія ж правілы датычаць і мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы Паўночны. Разам з тым, уезд у яго на момант рэйду заставаўся неабкошаным. Не лепшым чынам выглядалі як асобныя зямельныя ўчасткі, дзе грамадзяне вядуць будаўніцтва, так і абочыны, тэрыторыя трансфарматарнай падстанцыі.

    Адрасы безгаспадарчасці знайшліся, на жаль, і ў цэнтры Стоўбцаў. На вуліцы Ленінскай не абкошаны пустыр каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, зялёная зона побач з рэстаранам «Нёман». Трава – вакол камунальнага дома па вуліцы Чапаева, 3. За чыгуначным пераездам работнікі АКС абкасілі каля бетоннай агароджы, але толькі з аднаго боку, з другога ж, ад вуліцы Багінскага, – чамусьці «не ўбачылі» пустазелля. І чыгуначнікі не да канца «пастрыглі»  свае пуці. Злабадзённасць мае ў гэтым сезоне абкошванне тэрыторыі вакол магазіна «Еўраопт» па вуліцы Ленінскай. У гэтага будынка – некалькі арандатараў, і кожны выстаўляе свой пункт гледжання на памеры прылеглай тэрыторыі.  Праўда, у ходзе рэйду пытанне з касьбой аператыўна было вырашана. 

    З будаўнічай пляцоўкі, дзе Салігорскім домабудаўнічым камбінатам узводзіцца 120-кватэрны жылы дом, пясок вывозіцца на колах грузавых аўтамашын на вуліцу Міру і засмечвае яе. Прараб Мікалай Таран па гэтай прычыне быў выкліканы да галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна. Мікалай Якаўлевіч патлумачыў: «Заўтра будзем займацца ўборкай пяску ля бардзюраў і касьбой травы ад вуліцы Маторабудаўнікоў да вуліцы Ленінскай». 

    Не парупіліся падкасіць каля сваіх платоў уладальнікі дамоў №№ 4 і 10 па вуліцы К. Цэткін, №№ 9 і 16 па вуліцы 17 Верасня, № 29 па вуліцы Мамантава, № 10 па вуліцы Сацыялістычнай. Пачаў наводзіцца парадак вакол згарэлага дома на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай  і Ленінскай. Патрабуе паўторнага добраўпарадкавання тэрыторыя вакол пустога дома  па вуліцы Чэхава, 11, дзе падчас суботніка парадак наводзілі сіламі арганізацый горада. 

    Трава ўзнімалася на тэрыторыі, прылеглай да дома № 5, па вуліцы Міцкевіча. Па ўсім відаць, што тут пражываюць гаспадары дбайныя, не пазбаўленыя творчай ініцыятывы, аднак і адкладваць падкошванне прылеглай тэрыторыі  не варта.  Тым больш, месца размяшчэння дома знакавае, побач са школай.

    У раённую санітарную службу паступіў сігнал аб утварэнні несанкцыянаванай смеццязвалкі на скрыжаванні вуліц Мамантава і Горкага. Калі пад'ехалі, убачылі, што тут – будаўнічая міні-пляцоўка. Устаноўлены модульны павільён, а побач з ім – куча пяску, паддон з тратуарнай пліткай. Праўда, смецце амаль усё ўжо прыбрана. «Неўзабаве ў гэтым павільёне адкрыецца харчовы магазін. За бліжэйшы тыдзень усю тэрыторыю выраўняем, выкладзем плітачкай», – патлумачыў работнік. Наталля Рык нагадала, што тэрыторыю неабходна пастаянна падтрымліваць у парадку, устанавіць кантэйнер для збору цвёрдых бытавых адходаў.  

    На яшчэ адно праблемнае месца ўказалі стаўбчане. Пад'язджаем на бераг ракі Нёман за Канкаловічамі і сапраўды назіраем міні-звалкі бытавога смецця. Побач з імі купаюцца і загараюць, рыбачаць. Здзіўленне людзей звязана з тым, што адсюль прыбралі кантэйнер. Інфармуем, што гэтая зона адпачынку ля вады не з'яўляецца афіцыйнай, значыць, і не павінна быць абсталявана кантэйнерам. 

    – Калі людзі вырашылі тут адпачываць, то павінны і смецце прыбіраць за сабою. Па ўсім беразе Нёмана кантэйнеры не паставіш, – каменціруе Наталля Рык. – У раёне зацверджана сем зон масавага адпачынку ля вады, і яны поўнасцю абсталяваны ўсёй неабходнай для адпачынку інфраструктурай. 

    Пакідаем бераг Нёмана і праз нейкі кіламетр, на ўездзе ў Канкаловічы, бачым пры дарозе кантэйнеры. Што перашкаджае адпачываючым не пакідаць пасля сябе «свінушнік», а застацца сапраўднымі аматарамі прыроды?..

    На здымках: на скрыжаванні вуліц Мамантава і Горкага хутка адкрыецца новы гандлёвы аб'ект; дзіцячы дом сямейнага тыпу на вуліцы Бярозавай – узор для суседзяў; на вуліцы Міцкевіча трэба і касіць, і месці; будаўнікі запясочылі выезд на вуліцу Міру; хоць толькі будуешся – усё роўна касі вуліца Сувязістаў); хто пакінуў смецце на беразе Нёмана?  

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)