29 Марта, 2024 Пятница

Аграрыі Слуцкага раёна першымі ў вобласці і другімі ў Беларусі намалацілі больш за сто тысяч тон збожжа

  • 21 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Падчас наведвання 11 жніўня Слуцкага раёна (ДП «Саўгас «Рачкавічы») першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Мікалаевіч Макар павіншаваў старшыню Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Уладзіслававіча Янчэўскага і працаўнікоў раёна з дасягненнем высокіх вытворчых паказчыкаў – намалотам 100 тысяч тон зерня, падзякаваў за працу і пажадаў новых дасягненняў.

    Ігар Мікалаевіч Макар падчас інтэрв'ю сродкам масавай інфармацыі расказаў аб ходзе ўборачнай кампаніі ў Мінскай вобласці.

    – Сёлета аграрыям Міншчыны неабходна ўбраць 503 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Случчына – другой у краіне намалаціла сто тысяч тон зерня. Следам ідуць Нясвіжскі і Капыльскі раёны. Каб своечасова завяршыць жніво, у паўночныя раёны вобласці будзе накіравана дадатковая сельгастэхніка з іншых раёнаў, – адзначыў Ігар Мікалаевіч Макар. – Радуе добры ўраджай на палетках Мінскай вобласці: плануем атрымаць не менш за 2 мільёны тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 38 – 38,6 цэнтнера з гектара. Яшчэ сёлетні хлеб не ўбралі, а ўжо неабходна клапаціцца пра ўраджай наступнага года.

    На палетках вобласці праводзяць шэраг работ: ідзе ўборка збожжавых, прасаванне саломы, яе адвозка, падрыхтоўка глебы да сяўбы. У шэрагу раёнаў прыступілі да сяўбы азімага рапсу, сурэпіцы. У іх ліку і Слуцкі раён.

    Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі адзначыў, што добра арганізаваная работа ў сельгасарганізацыях раёна, дысцыпліна  садзейнічаюць хуткім тэмпам жніва.

    Ігар Мікалаевіч Макар і Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі павіншавалі сямейныя камбайнавыя экіпажы ДП «Саўгас «Рачкавічы» – Аляксандра Аляксандравіча і Уладзіміра Аляксандравіча Анціпцавых, Міхаіла Міхайлавіча і Андрэя Міхайлавіча Фандзюхіных, якія першымі ў Мінскай вобласці намалацілі больш чым па дзве тысячы тон збожжа. Добры настрой падмацавалі ўзнёслыя песні ў выкананні творчага калектыву Лядненскага сельскага дома культуры.

    Завяршылася жніво ў саўгасе «Рачкавічы» – вынік карпатлівай працы ўсяго калектыву гаспадаркі. На палетках вядзецца ўвесь комплекс работ: прасаванне саломы, яно арганізавана ў сельгасарганізацыі кругласутачна, яе адвозка, ворыва глебы. У гаспадарцы рыхтуюцца  да сяўбы рапсу.

    Галоўны аграном дзяржаўнага прадпрыемства «Саўгас «Рачкавічы» Аляксандр Іванавіч Касач адзначыў, што сёлета збожжавыя парадавалі, асабліва азімая пшаніца, пад якую адведзена 1 600 гектараў: у залежнасці ад поля атрымалі ад 50 да 77 цэнтнераў з гектара. Наогул, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы – 49,5 цэнтнера з гектара.

    Ва ўборачнай кампаніі ў саўгасе «Рачкавічы» задзейнічаны 9 камбайнавых экіпажаў. Зладжана працуе зернесушыльная гаспадарка – пяць зернеачышчальна-сушыльных комплексаў на мясцовых відах паліва. Па словах дырэктара сельгасарганізацыі Мікалая Рыгоравіча Красуцкага, усе паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.

    Першымі на Случчыне завяршылі ўборачную кампанію ў філіяле «Падсобная сельская гаспадарка «Грэск» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат» (дырэктар філіяла Сяргей Аляксеевіч Варона). Пры сярэдняй ураджайнасці 37,0 цэнтнера з гектара намалацілі 4 052 тоны збожжа. Першы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Яўгенавіч Лешчанка падзякаваў спецыялістам і работнікам ПСГ «Грэск» за паспяховае завяршэнне ўборачнай кампаніі, уручыў  ім падзячнае пісьмо старшыні Слуцкага райвыканкама і пажадаў, каб закладзены восенню падмурак пад ураджай наступнага года даў свой плён. Таксама ўшанавалі калектывы сельгасарганізацый, якія намалацілі больш за 10 тысяч тон зерня.

    У Слуцкім раёне на жніве ўдзельнічаюць жанчыны. Напрыканцы мінулага тыдня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец і старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ірына Уладзіміраўна Пятровіч адзначылі сувенірамі жанчын, якія нароўні з мужчынамі ўносяць важкі ўклад у агульны каравай раёна.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)