29 Марта, 2024 Пятница

На фестывалі Каня

  • 22 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Па традыцыі фестываль праходзіў на ўездзе ў аграгарадок Рамель. Пра рэкордную колькасць гасцей свята сведчылі хаця б аўтамабілі, якія былі прыпаркаваны ўздоўж дарогі ледзь не на паўшляху ад суседніх Альшан. Удзельнікі і госці мерапрыемства не былі расчараваны прапанаваным відовішчам.

    Адкрываючы свята, дырэктар ААТ “Палеская ніва” Аляксей Мікалаевіч Бародзіч пажадаў удалага выступлення ўдзельнікам спаборніцтваў, святочнага настрою тым, хто прысутнічае на фестывалі. Такі фестываль, прысвечаны каню, адзіны ў Беларусі. І прыемна, што свята, прысвечанае гэтай жывёліне, якая на працягу тысячагоддзяў была верным памочнікам і партнёрам чалавека, ладзіцца на Століншчыне. На пачатак гэтага года ў нашым раёне было зарэгістравана каля дзвюх тысяч коней. Гэта адзін з самых багатых на коней раёнаў краіны.

    У Рамлі конь не проста моцная і прыгожая жывёла, якая дапамагае перавозіць грузы, апрацоўваць зямлю. Тут яшчэ з 1999 года сістэмна займаюцца развядзеннем коней беларускай запрэжнай пароды. А з 2005 года каняферма адна з нямногіх у краіне атрымала статус племянной, адпавядаючы па ўсіх параметрах спецыялізаванаму конезаводу.

    Пачаўся фестываль з парада конных экіпажаў. Вядучая – кіраўнік конезавода Марына Юр’еўна Ярмоліч – знаёміла гледачоў з удзельнікамі спаборніцтва конных запрэжак, сярод якіх былі і пераможцы, прызёры папярэдніх раённых спаборніцтваў, якія праходзілі таксама ў Рамлі. На гэты раз удзел у заездах прынялі экіпажы чатырнаццаці запрэжак з сямі навакольных вёсак раёна – Рамля, Мачуля, Церабліч, Альшан, Сямігосціч, Турскога, Альпеня і ўпершыню – з горада Давыд-Гарадка, што пакуль з’яўляецца рэкордам па колькасці ўдзельнікаў.

    І вось дадзены старт спаборніцтваў конных запрэжак. Згодна з жараб’ёўкай экіпажы па чарзе пачынаюць выконваць конкурсную праграму. Яна пачынаецца з ацэнкі знешняга выгляду запрэжкі, яе ўпрыгожвання. Члены журы ўважліва ацэньваюць экіпажы па гэтых параметрах. Але наперадзе – самае цікавае для гледачоў і складанае – для ўдзельнікаў спаборніцтваў. Трэба не проста на хуткасць пераадолець круг па імправізаваным іпадроме, а і пераадолець пры гэтым без парушэнняў паласу перашкод, якая ўключае небяспечныя павароты, разварот на месцы, заднюю паркоўку, “змейку”, аб’езд “млына” і іншых збудаванняў.

    Некаторыя вынікі спаборніцтва агучваюцца ў рэальным часе – хуткасць праходжання трасы, колькасць штрафных балаў за дапушчаныя парушэнні. Ва ўсім гэтым праяўляецца трэніраванасць коней, уменне іх уладальнікаў дакладна манеўраваць на дарозе. Усю трасу менш чым за дзве мінуты ўдаецца пераадолець на Клеапатры Міхаілу Уладзіміравічу Пасюку з Рамля. Але рэдка каму ўдаецца не парушыць перашкоды, дакладна выканаць заднюю паркоўку. Найбольшым спрытам усё ж вызначаюцца экіпажы з Мачуля, Церабліч, Сямігосціч. Між тым першым прайшоў трасу перашкод без штрафных ачкоў Павел Пятровіч Скрабейка з Альшан на кані Мядзведзь.

    І вось фінішуе апошні экіпаж. Лідары вызначаны. Першае месца ў Паўла Пятровіча Скрабейкі. На пытанне, як ішоў да цяперашняга поспеху, адказвае шчыра:

    – Да спаборніцтваў у нас з Мядзведзем была адна пятнаццаціхвілінная трэніроўка на гэтай трасе. Але ўсе элементы апрабаваны на практыцы. Тая ж задняя паркоўка адшліфавана пры заездах у гараж, дзе ставім падводу.

    Усяго на два балы адстаў ад пераможцы Міхаіл Уладзіміравіч Пасюк з Рамля. На трэцім месцы, як і ў мінулым годзе, Сяргей Уладзіміравіч Бруцкі з Сямігосціч. Роўна прайшлі конкурсную дыстанцыю пераможца першага коннага фестывалю Мікалай Іванавіч Сулкоўскі з Церабліч, мінулагодні чэмпіён Анатоль Міхайлавіч Пыталь з Рамля, Іван Якімавіч Пінчук і Аляксандр Васільевіч Арлянін з Сямігосціч. Ад прызёраў іх аддзялілі нейкія імгненні.

    Пераможца спаборніцтваў атрымаў паўтоны аўса ад ААТ “Палеская ніва” і каштоўны падарунак ад страхавой кампаніі “Белдзяржстрах”. Узнагарода за другое месца — 400 кілаграмаў аўса і каштоўны падарунак. Трэці прызёр Бруцкі атрымаў 300 кілаграмаў аўса і каштоўны падарунак. Кожны ўдзельнік, які не трапіў у лік прызёраў, атрымаў заахвочвальную ўзнагароду: па 200 кілаграмаў аўса і набор ад Свята-Елісавецінскага манастыра.

    Святочная праграма працягвалася вывадкай племянных коней запрэжнай пароды ААТ “Палеская ніва”. Тут можна было ўбачыць коней, якія не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх выставак і конкурсаў, спаборніцтваў высокага ўзроўню.

    А потым усіх захапілі шоу-нумары конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора” з Мінска, у якіх яркім момантам стаў тэатралізаваны паказ рыцарскіх баёў.

    З паказальнымі нумарамі выступілі юныя каратысты клуба адзінаборстваў “Эвалюцыя”.

    Была разыграна латарэя фестывалю. Шчасліўчыкі выйгралі трусоў, качак, пеўняў, цялят, авечак, збожжа і кашы. А самы галоўны прыз – жарабя Мегабайт – застаўся ў рамельскай гаспадарцы.

    Спонсарамі фестывалю выступілі ААТ “Палеская ніва”, страхавая кампанія “Белдзяржстрах”.

    У ходзе фестывалю на канцэртнай пляцоўцы выступалі мясцовыя творчыя калектывы. Працаваў горад майстроў. Былі разгорнуты гандлёвыя рады. Працавала царкоўная лаўка Свята-Елісавецінскага манастыра.

    Автор: Фёдар ШУМКОНавіны Палесся
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)