29 Марта, 2024 Пятница

Як ДАІ правярала бяспеку дарог ля школ напярэдадні першага верасня

  • 22 августа 2017 Общество Русский 0

    Дарожныя знакі, разметка, агароджа, шлагбаумы… За некалькі дзён да пачатку заняткаў у школах дзяржаўтаінспектары ў чарговы раз дэталёва вывучаюць, наколькі гатовыя да прыёму вучняў установы адукацыі краіны. Разам з імі ў рэйд накіравалася і наш карэспандэнт.

     Вуліца Алібегава, 5а — адрас школы № 67. Ціха — дзіцячых галасоў пакуль не чуваць. Супрацоўнікі АДАІ Маскоўскага раёна Мінска Максім Цебянькоў, інжынер па арганізацыі дарожнага руху, і Любоў Трапашка, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе, правяраюць наяўнасць знакаў ля школы, разметку, пешаходныя дарожкі, асвятленне пры дарозе, вароты школы. Усё «бяруць на карандаш».

    — Пачалі праверкі на прадмет бяспекі дарожнага руху яшчэ ў маі — як толькі дзеці пакінулі школьныя парты. Вядома, усе дарожныя пытанні мы рэгулюем і на працягу года, — першай пачынае размову інспектар. — Былі раней выпадкі, калі дзеці выкарыстоўвалі для ўваходу ў школу і выхаду не брамку, а непасрэдна агароджу — ламалі яе, дзіркі прароблівалі.

    Мы правяраем, ці не сцерлася разметка. Не, усё ў парадку — яркая. Якраз у жніўні яе і абнавілі. Вароты на замку — гэта добра, кажуць прадстаўнікі ДАІ. Але нярэдка бывае і так — замок вісіць, а вароты адчынены. І тады бацькі, незнаёмыя з правіламі, сваіх дзяцей падвозяць на аўто наўпрост пад дзверы школ. Такая «дастаўка» да парты можа абысціся на першы раз штрафам у адну базавую. Хоць пра гэта і папярэджваюць яшчэ ў аўташколе ўсіх...

    — Часцей такія парушэнні адбываюцца ў пачатку навучальнага года. Мамы і таты ставяць свае машыны проста на пад'ездзе да школы або садка. А тут жа, паглядзіце, устаноўлены знакі: «Рух забаронены». Заехаць у школу могуць толькі «хуткая дапамога», ратавальнікі, міліцыя, грузавыя машыны, якія прывозяць прадукты, — тлумачыць Любоў Трапашка. — Штогод з 25 жніўня па 5 верасня мы праводзім рэйды падчас акцыі «Увага — дзеці!». Заўважаем, што бацькі забываюць уключыць блізкае святло фар, прышпіліць рамянямі бяспекі сваіх дзяцей, перавозяць без дзіцячых крэслаў. З апошняга: устаноўлена ў машыне крэсла, але дзіця чамусьці не ў ім, а побач.

    Што тычыцца неўстаноўленых знакаў, нябачных разметак, адчыненых варот і іншых парушэнняў, то ўсё гэта фіксуецца на камеру, а потым школе выносіцца папярэджанне. Калі пасля першага разу заўвагі не ліквідаваны, то фотадоказы перадаюцца ў раённы аддзел адукацыі.

    Пакуль размаўляем, заўважаю на асфальце жоўтыя сляды ад ступняў. Яны вядуць ад школы акурат да пешаходнага пераходу. Такая разметка абавязковая? Не, але дзеткам у такой гульнявой форме — «ідзі па слядах» — тлумачаць, што праезную частку лепш пераходзіць там, дзе жоўтая фарба. Але ні ў якім разе не перабягаць самавольна, дзе ўздумаецца. Што ж, неблагая ідэя. Едзем далей?

    Пакуль рухаемся да школы № 25, праязджаем міма дзіцячай паліклінікі № 6. Знаходзіцца яна ля дарогі, але вакол няма агароджы.

    — Нядаўна пры праверцы я бесперашкодна аб'ехаў усю паліклініку вакол, калі б хацеў, прыпаркаваўся б пад самым ганкам — наогул бяспека не прадумана, — Максім Цебянькоў прыводзіць прыклад. — Мы папярэдзілі яе кіраўніцтва, і аказалася, што яно само было занепакоена гэтым пытаннем. Цяпер ужо дадзена заданне на ўстаноўку агароджы.

    Пад’язджаем да вуліцы Чачота, 20, школа № 25. Яна знаходзіцца на праездзе. Яшчэ паўтара года таму тут некаторыя вадзіцелі разганяліся да 100 км/г, нягледзячы на знак «Жылая зона». А тут школа! Цяпер устаноўлены штучныя няроўнасці і незвычайныя пешаходныя пераходы — пакуль адзіныя ў Мінску. Што яны ўяўляюць? Над пешаходным пераходам устаноўлены датчыкі, якія рэагуюць на з'яўленне пешахода, і ў той жа момант пераход пачынае свяціцца жоўтымі лямпачкамі. Незвычайна! Вось, дарэчы, хлопчык і дзяўчынка ідуць. Падыходзяць — загараецца.

    — Мне падабаецца гэты пешаходны пераход, ён бяспечны, нас адразу відаць, — сур’ёзна разважае пра яго перавагі Арына Канстанціновіч, якая ў гэтым годзе ідзе ў сёмы клас.

    Аглядаем школу. Разметка ў парадку, агароджа, знакі... Накіроўваемся далей. Пакуль едзем да ўнікальнай у плане бяспекі школы, Максім Цебянькоў перадае па рацыі: «Вуліца Чачота, 7. Не працуе святлафор на пешаходным пераходзе». Нават на такія дэталі дзяржаўтаінспектары падчас рэйдаў па школах звяртаюць увагу.

    І вось мы на праспекце Жукава, 27, ля школы № 101 — у ёй рэалізуецца пілотны праект па павышэнні бяспекі дарожнага руху. Першае, што мы бачым, — на вулачцы, дзе знаходзіцца школа, на зямлі намаляваны яркі велізарны знак «20». Менавіта столькі кіламетраў у гадзіну тут можна ехаць. Пару метраў — і такі ж вялікі надпіс: «Школа». Паверце, не заўважыць нельга. Пры нас работнікі КУП «Спецыялізаванае мантажна-эксплуатацыйнае прадпрыемства Мінгарвыканкама»  якраз і дарабляюць гэтыя знакі. Праязджаючы далей, бачым, што дарога падзелена ружовымі невысокімі бетоннымі канструкцыямі на два патокі.

    — Гэта дзелініятары. Яны дазваляюць машынам раз'язджацца на гэтай дарозе, а яшчэ яны ўстаноўлены для таго, каб немагчыма было паркавацца, — паказвае Максім Цебянькоў. — Тут на агароджы яшчэ таблічкі ўсталяваны: «Увага! Машыны не ставіць. Вядзецца запіс з камер відэаназірання». Работы тут яшчэ многа. Побач месціцца  бізнес-цэнтр, а значыць, шмат і машын паркуецца. Плануецца зрабіць новыя пешаходныя пераходы і абходы для вучняў міма парковак, каб дзеці адразу траплялі ў вароты школы.

    Аб'язджаем школу і бачым, як вядуцца работы па ўстаноўцы «кароткачасовай» паркоўкі, дзе бацькі змогуць высадзіць з аўто дзяцей. На дарозе дзякуючы гэтаму не будзе затораў.

    У гэтым годзе ёсць і новаўвядзенне — укаранёны пашпарты дарожнай бяспекі. У іх утрымліваюцца агульныя звесткі аб школе, колькасці вучняў, наяўнасці кабінета бяспекі, атрада юных інспектараў руху, наяўнасці брамы, шлагбаума і іншае, самае важнае — паказаны схема бяспечных маршрутаў «дом — школа — дом » і схема арганізацыі дарожнага руху паблізу дзіцячага садка ці школы.

    — Гэтыя пашпарты завераныя школамі, аддзеламі адукацыі і ДАІ. У любы момант інфармацыя з пашпарта можа быць дапоўнена і зменена, калі, напрыклад, памяняецца арганізацыя руху. Вельмі зручны дакумент у шматлікіх пытаннях, — паказвае пашпарт адной са школ Мінска Любоў Трапашка.

    Падчас нашага рэйду, на шчасце, грубых парушэнняў мы не знайшлі. Аднак мінусы, на жаль, ёсць. Па ўсёй краіне УДАІ МУС праводзіла маніторынг бяспекі школ. У выніку выдадзена 738 прадпісанняў на ліквідацыю недахопаў, накіраваны 222 інфармацыйныя запіскі. Работа працягваецца і далей: з кіроўцамі, якія перавозяць школьнікаў, праводзяць інструктаж, правяраецца тэхнічны стан транспарту, недахопы вулічна-дарожнай сеткі ліквідуюцца. Можна смела ісці ў школу! 

    Автор: Алина КАСЕЛЬРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)