29 Марта, 2024 Пятница

Гонар нашай краіны

  • 29 августа 2017 Общество Русский 0

    У Полацку ў мінулую пятніцу адбылося пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па правядзенні Дня беларускага пісьменства і святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое правёў яго старшыня, намеснік Прэм’ер-міні­стра Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко.

    У рабоце аргкамітэта прынялі ўдзел міністры інфармацыі і культуры Лілія Ананіч і Барыс Святлоў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзі­мір Пенін, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, кіраўнікі ведамстваў і службаў — жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю, сувязі, транспарту, аховы здароўя, надзвычайных сітуацый, праваахоўных органаў, санітарнага нагляду і іншых.

    Па-першае, былі падведзены вынікі зробленага. Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук праінфармаваў прысутных аб выкананых работах па падрыхтоўцы да святочных мерапрыемстваў. Прыведзеныя лічбы ўражваюць: адрамантавана 348 аб’ектаў, на гэтыя мэты з розных крыніц фінансавання выдаткавана 12,4 млн рублёў. М.М.Шаўчук падкрэсліў, што работы было шмат, выкананне задач патрабавала значных намаганняў, але зробленае стане цудоўным падарункам гораду-юбіляру і ўсім яго жыхарам. «У цэлым Полацк да правядзення мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства гатовы», — падвёў ён вынік сказанаму.

    Лілія Ананіч адзначыла, што падрыхтоўка ўвайшла ў фінальную стадыю, усе рашэнні Рэспубліканскага аргкамітэта выкананы. Яна паведаміла, што ў мерапрыемствах свята плануюць прыняць удзел прадстаўнікі Азербайджана, Германіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны, Францыі і іншых краін. Гасцямі свята стануць таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій шэрагу дзяржаў. Асвятляць падзеі свята бу­дуць больш за 100 прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. У Полацку пройдзе фінал конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка», юныя прыхільнікі роднага слова з’едуцца ў Полацк з усіх куткоў Беларусі. Міністэрствам інфармацыі пад­рыхтаваны друкаваныя выданні — «Сафійка. Полацк. Родны край» і «Полацк», якія можна будзе набыць у святочныя дні і якія стануць выдатным падарункам для аматараў кнігі.

    Падчас правядзення свята адбудзецца шмат разнастайных мерапрыемстваў, у іх ліку фестываль кнігі і прэсы, на якім будуць прадстаўлены лепшыя друкаваныя выданні, ля Музея беларускага кнігадрукавання будзе ўстаноўлены друкарскі станок скарынаўскіх часоў, і кожны жадаючы зможа паспытаць сябе ў ролі першадрукара.

    Дарэчы, Лілія Станіславаўна паведаміла, што па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Паўла, пачатак свята абвесцяць званы ўсіх храмаў.У культурнай праграме будуць задзейнічаны лепшыя выканаўцы і творчыя калектывы Беларусі.

    Цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Іванава Брэсцкай вобласці адбудзецца 3 верасня. У гэты ж дзень пераможцам творчага конкурсу, паэтам і пісьменнікам, будуць уручаны літаратурныя прэміі.

    «Лічу, што такое свята — гонар нашай краіны», — падвяла вынік сказанаму Л.С.Ананіч.

    Міністр культуры Барыс Святлоў адзначыў, што міністэрства рыхтуе выставачную праграму, у падрыхтоўцы якой удзельнічаюць вядучыя беларускія музеі. Падчас свята будзе дэманстравацца дакументальны фільм «Першадрук».

    У ходзе пасяджэння былі абмеркаваны пытанні па выкананні дадзеных раней даручэнняў, гутарка ішла таксама пра ступень гатоўнасці ўсіх аб’ектаў да свята. У прыватнасці, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч адзначыла, што для палачан і гасцей свята будуць разгорнуты святочна аформленыя гандлёвыя рады, аб’яднаныя назвай «Віцебскія панадворкі». Грамадскае харчаванне прада­ставіць 2000 вынасных і 1600 стацыянарных пасадачных месцаў, так што свята абяцае быць шчодрым і хлебасольным.

    Падводзячы вынікі работы аргкамітэта, Васіль Жарко адзначыў: «Да правядзення свята Полацк гатовы, па дарозе сюды мы бачылі, што многае зроблена. Засталося ліквідаваць дробныя недаробкі. Будзе шмат гасцей, і мы павінны паказаць ім нашу гасціннасць, нашу прыгажосць, нашу любую Беларусь».

    Удзельнікі пасяджэння прайшліся па вуліцах горада, наведалі месцы, дзе бу­дуць праходзіць галоўныя святочныя падзеі, адзначыўшы, што Полацк да прыёму гасцей падрыхтаваўся годна. Да свята засталіся лічаныя дні, і зусім хутка старажытны горад-юбіляр стане сталіцай свята дзяржаўнасці, духоўнасці і пісьменства.

    Автор: Алена КаленікПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)