18 Апреля, 2024 Четверг

Птушкі шчасця, або Зімоўка для буслоў

  • 31 августа 2017 Общество Беларуская 0

    З даўніх часоў бусел лічыцца птушкай шчасця, сімвалам дабрабыту. Існуе народнае павер’е, паводле якога ў тое месца, дзе гняздуецца бусел, ніколі не ўдарыць маланка. А яшчэ людзі кажуць, што нельга скідваць гнёзды буслоў, інакш чалавека за такі ўчынак чакае пакаранне.

    Аблюбавалі буслы ціхую лясную вёсачку Задуб’е. Прывольна тут белакрылым птахам, прасторна. Прыгожа лунаюць яны над старажытнай вёскай, плаўна апускаюцца на скошаны луг або, уладкаваўшыся на слупе, пачынаюць выводзіць сваю адвечную песню-клёкат.

    Даўно абжыліся буслы на даху сядзібы, што стаіць побач, па-суседску з домам, у якім пражываюць Вольга і Вячаслаў Наумікі. Любіць назіраць за птушкамі гаспадыня Вольга Уладзіміраўна, якая захапляецца іх вернасцю і самаадданасцю. А калі іх доўга няма з выраю, Вольга Уладзіміраўна пачынае хвалявацца і штодзень чакае прылёту буслоў, быццам доўгачаканых гасцей. Дарма перажывала жанчына: сёлетняй вясной птушкі вярнуліся ў сваё гняздо. Нават нягледзячы на халодную вясну, яны здолелі выседзець траіх птушанят.

    Буслы — вельмі клапатлівыя бацькі. Больш за месяц па чарзе яны выседжвалі сваё птушынае патомства. А калі з’явіліся птушаняты, па чарзе кармілі іх, засланялі ад пякучага сонца і ветру, хавалі ад дажджоў. Птушаняты падрасталі. Але аднойчы Вольга Уладзіміраўна заўважыла, што ў гняздзе сядзяць чамусьці двое буслянят. Жанчына падышла бліжэй да буслянкі і непадалёку, у траве, заўважыла птушачку, якую забрала дамоў. Бусел быў знясілены, яго накармілі, напаілі, і ён адужаў. Напрыканцы ліпеня Вольга з мужам сталі сведкамі яшчэ адной дзіўнай сітуацыі. Дарослыя буслы, пакінуўшы сваіх буслянят у гняздзе, некуды зніклі. Праз некалькі дзён прыляцелі, пакружыліся над гняздом і зноў кудысьці паляцелі, а маленькія буслы засталіся галоднымі.

    — Нам шкада было глядзець, як з голаду і смагі на нашых вачах паміраюць птушаняты, — расказвае Вольга.

     Птушак дасталі з гнязда, выхадзілі. Цяпер яны па-гаспадарску паходжваюць па двары. Лётаць буслы не ўмеюць.

    — Што з імі далей рабіць? — пытаецца гаспадыня. — Не ведаю. Зразумела, што ў вырай яны не паляцяць, таму што на крыло не сталі. Трэба птушкам дзесьці шукаць зімоўку. Пакінуць у сябе не можам.

    Дарэчы, на падворку Вольгі і Вячаслава жыве адзін бусел, якога яны выратавалі ад смерці летась. Шыпун, так клічуць птушку, настолькі прызвычаіўся да сям’і Вольгі і Вячаслава, што нікуды ляцець не збіраецца. Пасябраваў з дамашняй птушкай. Мінулую зіму правёў у лазні.

    — Буслы вельмі любяць спецыяльны мясны корм для жывёлін,  які купляе наша дачушка ў райцэнтры. Шкада птушак, пакінуць на волі іх нельга, загінуць, — хвалюецца за птушак гаспадыня.

    Ды і заапаркаў паблізу няма, каб аддаць туды птушак. Магчыма, хто-небудзь з уладальнікаў аграсядзібы ўзяў бы іх на свой падворак. Выгада ўзаемная: птушкам будзе дзе жыць, а гаспадар зможа абуладкаваць “жывы” куток і паказваць высакародных птушак сваім гасцям. Нездарма лічыцца, што буслы прыносяць шчасце, а таму, хто выратаваў бусла, будзе ўсё жыццё спадарожнічаць поспех.

    Алена Бань.

    Автор: Алена БАНЬСавецкае Палессе
    Теги: 

Комментарии (0)