24 Апреля, 2024 Среда

Беларускія канікулы сірыйскіх дзяцей

  • 06 сентября 2017 Общество Беларуская 0

    … На адной з веранд у цэнтры “Зубраня” дзеці гулялі ў настольны тэніс. І не было б у гэтым нічога асаблівага, калі б не мова, на якой яны вялі падлік: англійская. А побач хлопец паказваў іншым на смартфоне фатаграфіі і, зноў жа, тлумачыў па-англійску, што зроблены тыя на дні нараджэння. Гэта разам адпачывалі беларускія і сірыйскія дзеці. 

    Справа ў тым, што па запрашэнні кіраўніка дзяржавы ў Беларусі два тыдні аздараўлівалася 80 дзяцей з Сірыі ва ўзросце ад 8 да 14 год. Палова з іх прыехала ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Яны  — з розных гарадоў: Дамаск, Латакія, Тартуз, Хомс… Яны не на словах зведалі жудасці вайны: былі пад бамбёжкамі, у палоне тэрарыстаў, многія засталіся без бацькоў. 

    І ў Беларусі пастараліся зрабіць усё, каб дзеці з Сірыіі змаглі хоць на гэтыя дні забыцца на перажытыя жахі і акунуцца ў бесклапотнае дзяцінства. Праграму для хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі вельмі насычаную. Шмат было аздараўленчых працэдур, дзяцей вазілі на абследаванне ў Мінскую абласную бальніцу. Прапанавалі вялікую спартыўную праграму: «Тарзан-парк», футбол, катанне на лодках, катамаранах. Чакала іх шмат экскурсій. У этнакультурным комплексе «Наносы-Наваселле» сірыйцам распавялі пра традыцыі беларусаў, паказалі, як раней пяклі хлеб, дзеці паўдзельнічалі ў розных майстар-класах. Пабывалі госці ў Мірскім і Нясвіжскім замках. У Мінску наведалі музеі, аквапаркі, дэльфінарый. І пры складанні меню ўлічылі іх пажаданні, плюс дадалі беларускія стравы. Пра культурную праграму не забыліся: наладжвалі вечары Беларусі, Сірыі, адбылося свята беларуска-сірыйскага сяброўства. На сустрэчу прыехалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка і міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Рыма Аль-Кадэры. Дзень быў напоўнены разнастайнымі мерапрыемствамі і завяршыўся пасадкай Алеі міру.

     «Я ўбачыў тут тое, чаго ніколі ў жыцціне бачыў...»

    Важаты «Зубраня» Андрэй Пахатных прызнаецца, што перад прыездам дзяцей пазнаёміўся з сірыйскімі традыцыямі: 

    — Так, у плане азнаямлення — каб не было ніякіх непаразуменняў, нюансаў. Увогуле, сірыйскія дзеці непасрэдныя, жывыя — ім цікава ўсё. А найбольш даспадобы — спартыўныя гульні. 

    — Адрозненні ў беларускіх і сірыйскіх дзецях заўважылі? 

    — Госці — вельмі актыўныя.  Магчыма, з-за таго, што для іх тут усё новае, а мажліва, яны самі па сабе такія — складана зараз адказаць. Звычайна ў нашых дзяцей «ціхая гадзіна» праходзіць больш спакойна: яны прылягуць на ложак, пасядзяць у тэлефоне, пачытаюць кніжку. А ў сірыйскіх —  актыўна: ім абавязкова патрэбны рух. І нават дождж не палохае. А футбол… Скажы толькі гэта слова — строй дзяцей гатовы гуляць. У любое надвор’е, у любым месцы — толькі дай мяч.

    — Мы ўсе любім футбол. І дзеці выраслі, гуляючы ў яго на вуліцы, — гэта ўступаюць у размову Амар і Аміна, сірыйскія студэнты беларускіх ВНУ, якія дапамагаюць у «Зубраняці» юным землякам.

    —  Нашы дзеці тут стараюцца забыць пра вайну: жывуць адным днём, гуляюць, спрабуюць нешта новае. Тут для іх дзіўнае месца, усё крута, усё новае, незвычайнае. Стараюцца з усімі сябраваць. Нават не хочуць ад'язджаць — кажуць: «Мы хочам застацца»,  — дзеліцца Аміна.

    — У іх мала магчымасцей у Сірыі, а тут для іх адкрыта ўсё, што яны пажадаюць,  — лічыць Амар. — Яны хочуць паспець усё, бо ведаюць, што хутка паедуць дамоў. 

    — Што найбольш здзіўляе іх у Беларусі?

    — Ім тут усё незвычайнае, такога нідзе не бачылі. Вывучылі пару слоў: «Добрый день», «Здравствуйте». Ідуць па вуліцы, калі бачаць каго, вітаюцца. Знайшлі сабе беларускіх сяброў, — кажа Аміна. — З раніцы прачынаюцца: разам з усімі — ранішняя зарадка, а потым — па раскладзе: ці квэст, ці «Тарзан-парк», ці мерапрыемствы ў лагеры, ці экскурсіі. Калі было добрае надвор’е, на возера хадзілі, на катамаранах плавалі. Бачыце, у «ціхую гадзіну» яны нават не адпачываюць: хто і ў футбол гуляе. І дождж для хлопцаў не перашкода, так нават цікавей — летам у нас няма дажджоў. 

    Многія дзеці ў «Зубраняці» паказалі свае таленты, удзельнічалі ў канцэртах. Так, Бахжат з Дамаска граў на барабане.

    — Што найбольш падабаецца ў «Зубраняці»? — пытаю ў яго. 

    — Люблю катацца на веласіпедзе, у футбол гуляць. Даспадобы вячэрняе вогнішча, калі мы збіраемся, выказваем свае меркаванні. Вельмі задаволены, што трапіў сюды. Чакаю раніцы, каб з усімі пагуляць. Нават ужо з вечара чакаю расклад на наступны дзень. Мару яшчэ раз сюды трапіць.

    — Што найбольш здзівіла ў Беларусі?

    — Прырода і добрыя адносіны важатых.

    — А ці вывучыў якія рускія і беларускія словы?

    — Спасибо, добрый день, добрый вечер.  

    Дарэчы, «Добрый вечер» у хлопца выходзіла з такім яскравым беларускім вымаўленнем. 

    —  Бахжат, вось ты прыедзеш дадому. Папросяць цябе расказаць пра Беларусь. Што галоўнае скажаш?

    — Я ўбачыў тут тое, чаго ніколі ў жыцці не бачыў...

    Аляксандр ВЫСОЦКІ.

    Фота аўтара.

    Автор: Аляксандр ВысоцкіНарачанская зара

Комментарии (0)