23 Апреля, 2024 Вторник

Чаму гараджане вырашылі падарыць сваім сынам вясковае дзяцінства?

  • 07 сентября 2017 Общество Беларуская 0

    Больш як 8 гадоў таму Мікіта Цэхановіч прыгледзеў на ўскрайку маляўнічай вёскі драўляную хатку. Купіў яе ўсяго за 300 долараў. І пераехаў жыць з Баранавіч у Горную Руту. «Я пачаў шукаць свой рай на зямлі яшчэ да знаёмства з Наташай. Памятаю, саджаў вось гэтыя кусцікі з думкамі, што мае дзеці зранку басанож будуць з дому выбягаць ды сваімі маленькімі пальчыкамі ягадкі рваць. Цяпер усё так і адбываецца».

    Пра вялікую бібліятэку, Індыю ды конаўку

    Мікіта сустрэў нас ля цэнтральнай вясковай вуліцы. На плячах у яго сядзеў двухгадовы Радасвет (Радушка, як яго з любоўю называюць бацькі). А побач у вышымайцы бегаў загарэлы Дабрыня Мікітавіч (менавіта так звычайна прадстаўляецца старэйшы багатыр Цэхановічаў). Яму ў кастрычніку споўніцца пяць гадкоў.

    Да хаты ад дарогі — метраў 500. Ідзём туды адзін за адным па роснай сцяжынцы. Мікіта расказвае пра дрэвы, якія сустракаем на сваім шляху. «Шаўкоўніца, туя, піхта, кедр, магнолія, бук, гінкга білоба… Мы тут ужо пасадзілі каля тысячы самых розных дрэў. А вось, бачыце, ажыны, якраз паспелі да вашага прыезду, частуйцеся».

    … На ганку нас сустракае жонка Мікіты — Наталля.

    — Мы з каханым пазнаёміліся ў Індыі дзякуючы агульнай знаёмай, якая вазіла туды групы турыстаў. У хуткім часе пасля вандроўкі Мікіта запрасіў мяне ў госці. Я прыехала. І засталася. У Горнай Руце шосты год жыву. Тут так добра!

    Раней Наташа жыла ў кватэры ў самым цэнтры Санкт-Пецярбурга. Пасля ўніверсітэта ўладкавалася працаваць у офіс менеджарам.

    — Яшчэ да знаёмства з Мікітам я ўжо зразумела, што не хачу так жыць увесь час. Мяне заўсёды цягнула да прыроды.

    — А вы калі-небудзь пілі з конаўкі? — Мікіта зачэрпвае з вядра крынічную ваду драўлянай разной пасудзінай. — Зараз Наташа «зелянушак» з агарода прынясе і пойдзем за стол.

    На стале ў Цэхановічаў выключна здаровая ежа. Амлет з гароднінай. Памідоры, агуркі, рукала, базілік… Гарбатка з зёлак. Фінікі, разынкі, курага...

    — Яйкі купляем у мясцовай бабулі, — кажа Наташа. — Малако таксама. Робім з яго сыр, тваражок, смятану. Гародніну вырошчваем самі. Праўда, пакуль не ў такіх аб'ёмах, як хацелася б. Я пакуль толькі вучуся. Яшчэ да таго, як мы пазнаёміліся, Мікіта падрыхтаваў вялікую бібліятэку — і па шыцці, і па вышыўцы, і па вязанні. Стараюся, асвойваю ўсё гэта паціху. Люблю плесці мандалы, лаўцы сноў. Вось гэтыя фіранкі на вокны таксама сама пашыла, з тканіны, якую прывёз каханы.

    Мікіта, Наташа і дзеткі бяруцца за рукі і запрашаюць нас замкнуць кола. «Дзякуй небу і дзякуй зямлі за тое, што ёсць у нас на стале...» Пасля гэтых слоў Мікіта разгортвае ручнік і дастае адтуль жытні хлеб. Наташа пячэ яго сама. У печцы, якую склаў муж.

    — Практычна ўсё, што ёсць у доме, зроблена рукамі, калі не нашымі, то сяброўскімі. Нам хочацца жыць сярод такіх рэчаў. Так неяк цяплей, утульней.

    Побач з кніжнай шафай ды ложкам, якія зрабіў Мікіта, стаіць карычневы конік-качалка.

    — Менавіта з гэтага коніка, якога я зрабіў адмыслова для Дабрынькі, і пачалася наша з суседзямі агульная справа, — кажа Мікіта. — За восем гадоў многія творчыя людзі тут паблізу, на адлегласці кіламетра-двух, купілі сабе дамкі. Сярод суседзяў ёсць і спартсмен, і мастак, і музыка. Мы разам робім качалкі ў выглядзе зубра, кіта, лосіка для іншых сем'яў.

    На жыццё Мікіта зарабляе ў асноўным тым, што робіць людзям печкі. Прызнаўся, што можа працаваць агулам 3—4 месяцы ў год і цалкам забяспечваць сваю сям'ю.

    Што цікава, да таго, як пераехаць у Горную Руту, большасці з таго, што робіць зараз, Мікіта рабіць не ўмеў.

    — Мы многае не можам, бо не дазваляем сабе. Лічым, што рабіць печкі можа выключна дзядзька Пеця, які пайшоў вучыцца на печніка пасля школы. Я сабе дазволіў у нейкі момант не баяцца. Мне адзін пячнік дапамог. Кажа: «Што ты стаіш? Глядзі, як я раблю, і рабі». Для мяне ў той момант печка была, як касмічны карабель. Але я сабе дазволіў паспрабаваць. Людзі баяцца: а раптам у мяне не атрымаецца, усе ж будуць смяяцца. Падобныя думкі забіваюць у чалавеку творцу. Больш за ўсё палохае, што, можа быць, ты зробіш няправільна. Але хто забараняе выправіць памылку? Калі верыш тлуму свету больш, чым маўчанню сваёй душы, ты прайграеш.

    Пра мядовую вадзічку, поўны сасуд ды сябе сапраўднага

    — Як звычайна праходзіць ваш дзень?

    — Дабрынька прачынаецца і першым чынам пытаецца: «Мама, а дзе мая мядовая вадзічка?» Я яе раблю шторанак, пакуль дзеці спяць. Мядовая вада вельмі карысная. Мікіта прачытаў, што яе рэкамендуюць піць на галодны страўнік.

    — Да вашага прыезду я паспеў прабегчы з нашымі сабакамі Боняй і Нордам чатыры кіламетры. Потым мы зрабілі зарадку ўсёй сям'ёй, абліліся вадой.

    — Мы і ўзімку загартоўваемся, снегам абціраемся, — дадае Наташа. — У тым ліку і таму нашы дзеткі не хварэюць.

    — У вёсцы заўсёды ёсць што рабіць. Мяне амаль два тыдні тут не было, печку клаў пад Мінскам. Дык вось, бачыце, вакол дома травы нарасло, трэба абкасіць.

    Гляджу, як Мікіта ўмела ўпраўляецца з касой, і не верыцца, што калісьці ён жыў у горадзе і прадаваў парфуму.

    — У сярэдзіне 90-х больш за пяць гадоў я жыў з сябрамі ў Маскве. Грошы, бізнес, кар'ера. Але ў адзін цудоўны дзень адчуў, што буксую на месцы. Вярнуўся на радзіму і пачаў шукаць свой рай на зямлі. З дзяцінства марыў жыць у вёсцы, мець вялікую дружную сям'ю. Чалавеку вельмі важна прыслухоўвацца да свайго ўнутранага голасу. Бо ўсе нашы хваробы, — гэта нерэалізаваныя мары.

    Пакуль Наташа ўкладае спаць Радушку, мы сядзім на ганку і размаўляем з Мікітам пра сэнс жыцця.

    — Пасля таго, як я набраўся смеласці ўзяць адказнасць за сваё жыццё і пераехаў у Горную Руту, мае дні напоўніліся сэнсам. Памятаеш, як у дзяцінстве мы засыналі з думкай: «Хутчэй бы заўтра». Дык вось і тут я прачынаюся не ад таго, што зазвінеў будзільнік, а таму што хачу дарабіць тое, што не дарабіў учора.

    Лічу, што чалавек павінен быць багаты ва ўсім. Не толькі матэрыяльна, але і духоўна. Багацце — паняцце вельмі адноснае. Нехта мае мільярды — і яму мала. Гэта бедны чалавек. А ў кагосьці 100 рублёў ёсць, і яму хапае. Больш за тое, ён знойдзе магчымасць падзяліцца з іншым. Гэта багаты чалавек, бо ў яго ёсць больш, чым яму патрэбна. Калі ты сасуд, з якога могуць браць многія, то Бог заўсёды будзе сачыць, каб ён быў поўны. Я па сабе гэта ведаю. Нас змалку вучылі дзяліцца. Мы ж насамрэч прымнажаем. Тое, чым мы дзелімся, — яго ж больш становіцца. Гэта як агонь. Калі падпальваеш ад сваёй свечкі іншыя, у цябе агню менш не будзе.

    — Ты адчуваеш сябе шчаслівым?

    — Ведаеш, я цяпер нашмат больш шчаслівы, чым некалькі гадоў таму. І непараўнальна больш шчаслівы, чым калі жыў у горадзе. Але ёсць рэчы, якія яшчэ трэба ўсвядоміць. Я ж пачаў вяртацца да сябе сапраўднага толькі пасля 30. За вялікі кавалак жыцця на мяне наляпілі столькі ўсяго! І я цяпер гэта ўсё з сябе пакрысе саскрабаю. Кожны дзень вучуся ў сваіх сыноў. Бо дзеці прыходзяць у гэты свет дасканалымі.

    Яшчэ я зразумеў, што нельга грэбаваць момантамі. Гэта самае каштоўнае, што мы маем. Трэба радавацца, што конік стракоча, што людзі харошыя прыехалі, што ножкам ад асфальту прахалодна, што Радушка салодка спіць, а Дабрынька сядзіць у мяне на каленках...

    Пра рыс на асфальце, ягады каля батута ды самае дарагое

    — Хочацца, каб нашы дзеткі максімальна развілі свае здольнасці, — кажа Наташа. — Я зараз чытаю кнігу «Разумныя бацькі — геніяльныя дзеці». Там пішацца пра тое, што самае важнае для развіцця дзіцяці — гэта любоў бацькоў, здаровая ежа, чыстае паветра ды інфармацыя.

    — Мы стараемся, каб дзеці пазнавалі свет у выглядзе гульні. Я ніколі не кажу: «Так, Дабрыня, садзімся, зараз будзем вучыцца лічыць». А бяру яго з сабой у майстэрню і прашу дапамагчы вымераць дошку пры дапамозе рулеткі. Яму гэта цікава. Усё, што адасоблена ад жыцця, горш запамінаецца.

    Мы спачатку думалі, што ў нас не будзе пластмасавых цацак. А потым зразумелі: калі дзеці не нагуляюцца дома пад нашым наглядам, то ў іх будзе голад да гэтага. Я сваёй задачай бачу ўзяць самае добрае з горада і вёскі, і гарманічна гэта спалучыць. А крайнасці — гэта не наш шлях, адназначна. Таму, як бачыце, у нас ёсць і электраматацыкл, і ровары, і канструктары. Нядаўна купілі батут. Зранку залазім туды ўсёй сям'ёй і скачам. Вакол батута ў нас ягады растуць. Ляжым і ласуемся імі.

    — Вельмі многія людзі цяпер абносяць свае дамы высокай агароджай. У вас жа замест платоў — дрэвы...

    — У нас няма чаго хаваць.

    — Што ў вас тут самае дарагое?

    — Дзеці, — адказваюць Мікіта з Наташай у адзін голас.

    — Дрэвы самае дарагое, — папраўляе Дабрыня.

    — А хочаце пасадзіць аксаміт амурскі? У мяне ёсць саджанцы, — прапаноўвае Мікіта.

    — Аксаміт амурскі расце гадоў 300, — распавядае, пакуль мы прысыпаем зямлёй саджанец, Мікіта. — Калі я саджу дрэвы, разумею, што маю працяг у вечнасць. Не раз бачыў, як маладых, якія выходзяць з загса, пасыпаюць рысам. Не разумею я гэтага. У нас з Наташай на вянчанні было 60 гасцей. Нашы бацькі і сябры прывезлі нам у падарунак саджанцы. У той дзень мы тут пасадзілі разам каля сотні дрэў. І цяпер я штодзень, праходзячы міма іх, прыгадваю любімых людзей, вітаюся: «Вася прывітанне, Пеця, здароў».

    — Не баіцеся, што дзеці вырастуць і захочуць жыць у горадзе?

    — Я буду побач з вамі жыць. Пабудую непадалёк дом, — кажа Дабрынька.

    — Ну добра, я табе дапамагу, — Мікіта пяшчотна прытуляе да сябе сына.

    — Дабрынька ўжо і месца выбраў на полі для свайго дома, — кажа Наташа. — Але быў момант, калі сказаў: «Я паеду ў горад да бабулі жыць». Мы не стрымлівалі. Адвезлі. Праз два дні так знудзіўся, што папрасіў, каб забралі. Калі мы будзем дзетак абмяжоўваць, забараняць, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. У іх будзе накоплівацца супярэчнасць. Гэта не метад. Яны ж людзі, хоць маленькія. У іх ёсць свае жаданні. Трэба іх паважаць.

    — У кожнага чалавека свой шлях, сваё ўяўленне пра рай на зямлі. Мы з Наташай пераехалі ў Горную Руту, каб стварыць з любоўю і радасцю радавое месца сілы для сябе і сваіх дзетак. Дабрынька і Радушка падрастуць і самі вырашаць, дзе яны будуць жыць. Галоўнае, мы іх любім. І спадзяёмся, што тое, як мы жывём, дапаможа ім застацца акрыленымі, радаснымі, добрымі і шчаслівымі людзьмі.

    Автор: Надзея ДрындрожыкЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)