23 Апреля, 2024 Вторник

Праект па паліятыўнай дапамозе дзецям стартуе ў Маладзечне

  • 11 сентября 2017 Общество Беларуская 0

    Хутка распечнецца новы праект Беларускага дзіцячага хоспіса «Выязная паліятыўная абілітацыя». Першая ў маршруце – Маладзечаншчына.

    У час рэалізацыі гэтага праекта бацькоў навучаць правільна даглядаць дзяцей з цяжкімі захворваннямі, асабліва калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыкаваныя да ложкаў. У нашай дзіцячай паліклініцы пад наглядам участковага ўрача-педыятра па аказанні паліятыўнай дапамогі Святланы Грыб знаходзяцца 42 чалавекі ад нараджэння да 18 гадоў з цяжкай паталогіяй – прыроджанай або якая ўзнікла ў працэсе развіцця.

    — Вылечыць іх немагчыма, але пры правільным доглядзе палепшыць якасць жыцця можна. І гэтым нельга грэбаваць, — заўважае Святлана Васільеўна. – Дзяцей з цяжкай паталогіяй трэба правільна класці ў ложку, прысаджваць ці пераварочваць, апранаць і абуваць, для іх вельмі важны рацыён. Пры неналежным доглядзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі развіцця, асабліва псіхічнымі і генетычнымі захворваннямі, імкліва пагаршаецца здароўе.

    Адметна, што праект будзе праходзіць пераважна ў малых і сярэдніх населеных пунктах, бо арганізатары палічылі, што ў жыхароў вялікіх ці абласных гарадоў больш магчымасцей па атрыманні медыцынскай дапамогі.

    У нашым горадзе заняткі з бацькамі і хворымі дзецьмі плануецца праводзіць як з выездам на дом, так і ў паліклініцы. З імі будзе займацца медыцынская сястра па фізіятэрапіі Беларускага дзіцячага хоспіса Кацярына Панчанка. Па адпаведным кірунку работы яна стажыравалася ў Польшчы і Англіі.

    — Дарэчы, за мяжой паняцце фізіятэрапіі адрозніваецца ад нашага. У Беларусі гэта найперш працэдуры з прымяненнем спецыяльных апаратаў. А ў іншаземцаў яна заключаецца ў рабоце з целам, — падкрэслівае Святлана Грыб.

    Праект Беларускага дзіцячага хоспіса доўгатэрміновы. Пасля сустрэчы з сем’ямі, у якіх выхоўваюцца хворыя дзеці, прадстаўнікі гэтай арганізацыі будуць і далей кансультаваць іх і дапамагаць.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)