25 Апреля, 2024 Четверг

Любовь с первого взгляда, или Как география помогла Владу стать студентом еще в январе

  • 28 сентября 2017 Общество Беларуская 0

    Хутка студэнты займуць свае месцы ва аўдыторыях. Каб паступіць у ВНУ, многім з іх давялося не проста старанна вучыцца, а і наведваць рэпетытараў, здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, шмат хвалявацца… А вось сёлетні выпускнік СШ №5 Уладзіслаў Папко ўжо ў студзені ведаў, што ён — студэнт.

    Што для гэтага спатрэбілася? З першага ўрока захапіцца геаграфіяй.

    Амаль штогод мы пішам пра вучняў настаўніка геаграфіі Юрыя Уладзіміравіча Леўчука, якія атрымліваюць дыпломы рэспубліканскага этапу алімпіяды і датэрмінова становіцца студэнтамі. Так было і сёлета, Уладзіслаў атрымаў дыплом трэцяй ступені і запрашэнне стаць студэнтам геафака БрДУ імя Пушкіна.

    — Глядзіце, як атрымліваецца, — дзеліцца Уладзіслаў, — Амаль усе мае аднакласнікі апошнія два гады займаліся з рэпетытарамі адразу па некалькіх прадметах. Уявіце, колькі гэта каштавала грошай іх бацькам! А я з дапамогай Юрыя Уладзіміравіча выбраў адзін прадмет і ўзмоцнена займаўся толькі ім.

    Геаграфія мне спадабалася з першых урокаў. Спачатку не ўсе тэмы былі аднолькава цікавымі, але настаўнік прывіў любоў менавіта да прадмета. У падобнай сістэме падрыхтоўкі важна не толькі не памыліцца з прадметам, але і займацца з «правільным» настаўнікам. Мне пашанцавала.

    — Улад, пасля заканчэння ўніверсітэта ты, напэўна, таксама бачыш сябе настаўнікам геаграфіі?

    — Думаю, што не. Пакуль я так далека не заглядаю. У мяне была пэўная мэта, я яе дасягнуў. І зараз мая задача — добра вучыцца.

    Але калі казаць пра будучыню, то мне хацелася б займацца навуковай дзейнасцю. Падчас вучобы ў школе я выканаў некалькі даследчых работ, якія былі высока ацэнены на ўзроўні вобласці. І гэтая праца мне вельмі спадабалася.

    — А не сумна ўвесь час вывучаць толькі геаграфію?

    — Па-першае, мне вельмі цікавы гэты прадмет. Па-другое, я наогул не ведаю, як нешта можа быць сумным. Сярэдні бал майго атэстата 8,9. Гэта пры тым, што, шчыра кажучы, са студзеня я ўжо мог і не вучыць нічога.

    Але ў мяне не такі характар, трэба трымаць марку. Я хоць і ведаў, што я ўжо фактычна паступіў, але ўсё роўна вучыў усе ўрокі: нешта з большай аддачай, нешта з меншай. У мяне ніколі не было такого: “Фу, мне гэта не цікава”. У кожным прадмеце можна знайсці нешта цікавае і карыснае не для настаўніка, а для сябе. Я шмат чаго ведаю канкрэтна па геаграфіі, але магу падтрымаць размову на любую тэму. Напрыклад, настаўнік узяў мяне ў сваю дарослую каманду па інтэлектуальнай гульні “Гульні Розуму”, мы атрымалі трэцяе месца ў сезоне.

    — Улад, магчыма, чытач падумае, што ты ўвесь час сядзіш над падручнікамі і нешта вучыш. Але ж я ведаю, што ты вядзеш вельмі актыўны лад жыцця.

    — Ну, а як інакш? Як ужо казаў, я ўдзельнічаю ў інтэлектуальных гульнях. Са школьнай камандай мы аб’ехалі мноства гарадоў падчас турніраў “Што? Дзе? Калі?” (дарэчы, нашым трэнерам таксама заўсёды быў Юрый Уладзіміравіч).

    Бадай, ні адно школьнае мерапрыемства не абыходзілася без майго ўдзелу: у мастацкай самадзейнасці я таксама рэалізаваўся.

    А яшчэ спорт: турзлёты, ваенна-спартыўная гульня, спаборніцтвы па валейболе і настольным тэнісе...

    Іншымі словамі, “не позволяй душе лениться”. Што яшчэ цікава, я са сваім невысокім ростам нават стаў капітанам школьнай зборнай па валейболе. Можа, я і не самы моцны гулец, але, як аказалася, умею ўсіх аб’ядноўваць і зараджаць пазітывам. Мне вельмі падабаюцца словы У. Высоцкага: “Я не люблю, когда наполовину”. Калі ўжо бярэшся за нейкую справу, то рабі яе на «выдатна».

    —Твая любімая кніга?

    — “Маленькі прынц” Экзюперы.

    —Любімая музыка?

    —Шмат што слухаю і люблю. Асобна можна выдзеліць “Fall out Boy”, “System of a Down”, “БІ-2”, “Арыя”, “Машына часу”, “Ляпіс Трубецкі”, Фрэнк Сінатра, Уладзімір Высоцкі, але таксама многае іншае.

    —Любімыя віды спорту?

    —Калі спорт па тэлебачанні, то баі ММА. Дарэчы, шмат чаго ведаю па гэтай тэме.

    —Любімы фільм?

    – “Рэквіем па мары”.

    —І ўсё ж у вольны час ты ахвотней чытаеш, глядзіш фільмы, гуляеш?

    —У вольны час я… Што толькі ні раблю! Ад развучвання балетнага руху «шанэ», да назірання за зоркападам пад Земфіру!

    Гутарыла Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Кацярына ПашкевічРаённыя будні

Комментарии (0)