29 Марта, 2024 Пятница

У мінулую суботу Капыль адзначыў сваю 1011-ю гадавіну

  • 04 октября 2017 Общество Беларуская 0

    З чаго пачынаецца добрае свята? Безумоўна, з цудоўнага настрою. А ён у мінулую суботу панаваў на ўсіх вуліцах і ў месцах адпачынку горада Капыля.

    Рыхтаваліся да Дня горада даўно і вельмі старанна. І не толькі гараджане, але і жыхары Капыльскага раёна. Таму што такое цудоўнае свята аб’ядноўвае ўсіх. Падтрымала добры настрой і надвор’е: увесь дзень свяціла яркае сонейка, што дазволіла прыняць актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах лю-дзям самага рознага ўзросту.

    Яшчэ перад пачаткам урачыстасці ў розных куточках Капыля прайшлі цырымоніі адкрыцця новых аб’ектаў, якія былі пабудаваны і абсталяваны да святочнай даты. У іх прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, ганаровыя госці і куратары праектаў. Былі адкрыты новы рынак у раёне аўтастанцыі, сквер ля Капыльскага раёна газазабеспячэння, дзіцячая пляцоўка насупраць гарадской зоны адпачынку.

    У райвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з ганаровымі гасцямі, якія завіталі на наша свята.

    Шчырая ўдзячнасць і віншаванні ад душы

    Гук паляўнічага рога, які разнёсся над цэнтрам горада, абвясціў аб пачатку свята. На адкрытай канцэртнай пляцоўцы — удзельнікі народнага вакальнага гурта «Аліра». Гучыць добра вядомая песня «Родны мой горад», праз якую рэфрэнам праходзяць словы прызнання ў любові да месца, дзе нарадзіліся, жывуць большасць прысутных на свяце. Вядучыя запрашаюць на сцэну кіраўніцтва раёна: старшыню райвыканкама Анатоля Ліневіча, старшыню раённага Савета дэпутатаў Ірыну Кісляк, а таксама ганаровых гасцей, якіх у Капыль прыехала нямала з розных куткоў як бліжняга, так і дальняга замежжа. Шчырымі апладысментамі віталі члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральнага дырэктара ААТ «Беларуськалій» Івана Галаватага, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілу Ніжэвіч, дэлегацыю Мацвеева-Курганскага раёна Растоўскай вобласці (Расійская Федэрацыя) на чале з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Сяргеем Голубавым, творчы калектыў «Рудбала» горада Ёнішкіс Літоўскай Рэспублікі і яго кіраўніка Елене Карнішаўскіне, былых кіраўнікоў Капыльскага раёна Уладзіміра Сасноўскага і Міхаіла Боду, дэпутата Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Рудакоўскага, старшыню Клецкага райвыканкама Генадзя Салаўя, ураджэнцаў Капыля — беларускага кампазітара, аранжыроўшчыка, паэта, прадзюсара Сяргея Ждановіча і майстра спорту міжнароднага класа па біятлоне Аляксандра Сымана. На сцэну былі таксама запрошаны выдатныя людзі Капыльшчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё розных сфер народнай гаспадаркі.

    Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся Анатоль Ліневіч. Кіраўнік раёна расказаў, што дата святкавання Дня горада вызначана не выпадкова. Яна прымеркавана да даты надання Капылю магдэбургскага права — 27 жніўня 1652 года, важнай падзеі ў гісторыі горада. Анатоль Канстанцінавіч нагадаў, што ў 2016 годзе, згодна са статутнай граматай аб заснаванні Тураўскай епархіі, кіруючыся археалагічнымі даследаваннямі, праведзенымі ў Капылі, на падставе рашэння раённага Савета дэпутатаў прынята лічыць 1006 год першым згадваннем пра Капыль у пісьмовых крыніцах. Такім чынам, сёлета нашаму гораду спаўняецца 1011 гадоў. Анатоль Ліневіч шчыра падзякаваў за плённую працу ўсім жыхарам Капыля: «Паклон вам, капыляне, за любоў і адданасць роднаму гораду, за вашу працу і клопат пра дабрабыт роднай зямлі і яе жыхароў. Усе разам мы імкнёмся да таго, каб былі шчаслівыя нашы дзеці, здаровыя бацькі, каб у згодзе і дастатку жылі капыльскія сем’і. Давайце і надалей прыкладаць усе сілы для працвітання нашай Капыльшчыны! Хай зелянеюць скверы і паркі, растуць дзіўныя па прыгажосці і камфортнасці жылыя дамы, множацца і ніколі не пустуюць стадыёны, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі! Няхай шчасце і дабрабыт паселяцца ў кожным доме! Жадаю ўсім жыхарам добрага здароўя, добрага настрою, аптымізму, душэўнага міру і сямейнай згоды. А нашаму Капыльскаму краю — развіцця і працвітання!»

    Права ўзняць флаг горада Капыля атрымалі аператар машыннага даення ААТ «Скабін» Марыя Дзямчук і аўтар гімна нашага горада Сяргей Ждановіч. Жоўта-чорнае палотнішча залунала над плошчай, сімвалізуючы адкрыццё святочных мерапрыемстваў.

    Нямала шчырых слоў і сардэчных віншаванняў гучала і ў выступленнях ганаровых гасцей. Дарэчы, Іван Галаваты далучыў да іх шчодры падарунак — новенькі аўтамабіль хуткай дапамогі, які, упрыгожаны гірляндамі шароў, пад гучныя апладысменты капылян праехаў па плошчы.

    Праз час і падзеі

    Тэатралізаванае адлюстраванне асноўных падзей, звязаных з гісторыяй нашага горада, стала адным з самых запамінальных і абмяркоўваемых элементаў свята. Арганізатары, у ролі якіх пераважна выступалі супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры, пастараліся з дапамогай даступных элементаў музыкі, танца, тэатралізаванага дзейства рэканструяваць старонкі гісторыі. Яны пераносілі гледачоў у часы сівой даўніны, калі над гэтымі мясцінамі ўладарылі яснавяльможныя князі. Пышнае панскае адзенне змянялася зрэбнымі кашулямі сялян, рыцарскія даспехі — скуранымі курткамі камісараў і салдацкімі шынялямі…

    Гарачымі апладысментамі сустракалі гледачы ўдзельнікаў тэатралізаванага прадстаўлення, у якім былі задзейнічаны прадстаўнікі ўсіх сельсаветаў раёна. Найбольш шчыра гучалі яны ў гонар трактарысткі, якая на невялічкім чырвоным трактары праехала па плошчы Леніна, нагадаўшы, што і на Капыльшчыне ў свой час было нямала жанчын, якія нараўне з мужчынамі ўтаймоўвалі «жалезнага каня» і сваёй стваральнай працай дабіваліся таго, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя Капыльшчына стала адным з самых эканамічна моцных раёнаў у Слуцкай акрузе.

    Не ўдалося зламаць дух капылян і падчас ваенных ліхалеццяў. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся больш за 8000 жыхароў раёна, загінуў кожны чацвёрты… Пераможны май 45-га надаў новыя сілы для аднаўлення горада і раёна, разбуранай гаспадаркі. Дзень сённяшні ўносіць свае карэктывы. Наш горад маладзее, прыгажэе на вачах. Растуць і набіраюцца сіл дзеці — галоўнае багацце кожнага народа.

    На гарадской плошчы — маладыя бацькі з дзеткамі: немаўля яшчэ ў калясцы, дачушка — на руках у бацькі і даверліва абнімае яго за шыю. Следам выбягае чародка дашкалят з цацкамі, за імі — школьнікі з ранцамі на плячах, у развітальным вальсе кружацца выпускнікі… Гэта наша будучыня! Дзеля іх шчасця працуе кожны на сваім месцы з упэўненасцю, што нашы дзеці стануць прадаўжальнікамі тых добрых традыцый, якія былі закладзены нашымі продкамі…

    А завяршылі прадстаўленне юныя капыльскія біятланісты, якія прадэманстравалі свае ўменні. Стройнай калонай удзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў зону адпачынку, дзе прайшла другая частка свята.

    Стараннасць і шчырасць душы

    Зона адпачынку, як заўжды, сустрэла разнастайнымі гандлёвымі радамі, Горадам майстроў, сялянскімі падвор’ямі, атракцыёнамі. Спакуса ўсё паглядзець і пакаштаваць вялікая. Але перш за ўсё ўвагу прыцягнула абноўленая сучасная канцэртная пляцоўка, на якой ужо з’явілася другая пара вядучых і абвясціла, што свята працягваецца. Гучыць сардэчная песня пра самае галоўнае багацце ў жыцці кожнага чалавека — хлеб — у выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына», і на сцэну запрашаюць кіраўніка раёна Анатоля Ліневіча. Яму прапануюць падысці да вялікага (у некалькі ярусаў) прыгожа прыбранага каравая са збожжа новага ўраджаю. Гучаць словы аб доб-расумленных, працавітых людзях, якія ўмеюць ставіць перад сабой задачы і паспяхова іх выконваюць. Гэта гонар і слава зямлі капыльскай.

    Сёлета Кніга працоўнай славы папоўнілася яшчэ пяццю імёнамі. Выдатных людзей, якія сваёй працай праславілі Капыльскі раён, запрашаюць на сцэну, дзе Анатоль Ліневіч ра-зам са старшынёй райсавета дэпутатаў Ірынай Кісляк уручае ім спецыяльныя пасведчанні і прэміі. Яшчэ раз нагадваем імёны выдатных людзей нашага краю. Гэта Часлава Феліксаўна Грыгаровіч, Уладзімір Мітрафанавіч Занкевіч, Дзмітрый Дзмітрыевіч Ровенскі, На-дзея Рыгораўна Лупік, Ніна Пятроўна Лабацэвіч (дарэчы, менавіта ў гэты святочны дзень ёй споўнілася 80 гадоў, з чым кіраўнікі раёна таксама павіншавалі жанчыну і ўручылі ёй букет кветак).

    Пасля фота на памяць у цэнтры ўвагі апынуліся сем’і, якія атрымалі ў гэтым годзе статус шматдзетных. Гэта сям’я Волкавых — Кацярыны Анатольеўны і Юрыя Ігаравіча. У гэтай сям’і выхоўваецца трое дзетак — Данііл, Настасся і Эмілія. Кацярына Іванаўна і Павел Валер’евіч Шабуневіч з’яўляюцца бацькамі Весты, Сафіі і Аляксандра. А вось Алена Уладзіміраўна і Генадзь Аляксандравіч Шабунь, можна сказаць, атрымалі статус шматдзетнай сям’і нечакана. Яшчэ зусім нядаўна яны выхоўвалі аднаго сына Рамана, а ў сакавіку ў сям’і з’явіліся адразу дзве дачушкі — Паліна і Сафія. Сем’і атрымалі заслужаныя апладысменты, шчырыя словы віншавання і падарункі.

    А цырымонія ўзнагароджвання працягвалася. Былі адзначаны арганізацыі і прадпрыемствы, што перамаглі ў раённым конкурсе вулічных дэкаратыўных ліхтароў. Дарэчы, яны ўпрыгожылі сквер, які з’явіўся нядаўна каля Капыльскага раёна газазабеспячэння. Былі адзначаны работы Капыльскага райаграсэрвісу, Капыльскага РКБА і Навасёлкаўскага ВПК дзіцячы сад – базавая школа. Падзячныя пісьмы за ўдзел у конкурсе атрымалі Капыльскі РБУ, ААТ «Ціміразеўскі», Капыльскі раён электрасетак.

    Яшчэ ў адным раённым конкурсе прымала ўдзел пераважная большасць прадпрыемстваў і арганізацый Капыльшчыны — на лепшае добраўпарадкаванне будынкаў і азеляненне прылеглых да іх тэрыторый. І тут былі вызначаны пераможцы. Сярод прадстаўнікоў сацыяльнай сферы — Капыльская дапаможная школа-інтэрнат, сярод сельскагаспадарчых арганізацый перамог філіял «В. Раёўка». Заахвочвальнымі падарункамі ад РА РГА «Белая Русь» адзначаны Капыльскі ТЦСАН і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Сонейка».

    Калі працягваць гаворку пра конкурсы і іх пераможцаў, неабходна адзначыць конкурс фотаработ, прымеркаваны да Дня горада і арганізаваны Капыльскім РК ГА «БРСМ». Перамаглі ў ім Паліна Саковіч, Вікторыя Смоліч і Барыс Дзенісюк. Абапал святочнай сцэны былі выстаўлены кветкавыя кампазіцыі, якія дабавілі фарбаў у святочны антураж. Лепшым быў прызнаны букет Семежаўскага ВПК дзіцячы сад – СШ, за ўдзел у конкурсе  таксама  былі  адзначаны СШ № 3 г. Капыля і Песачанскі ВПК дзіцячы сад – БШ. Рыхтавалі да свята і віншавальныя паштоўкі. Месца іх экспазіцыі многімі капылянамі было абрана як фон для фотаздымкаў на памяць альбо сэлфі. Членамі журы перамога ў конкурсе была аддадзена рабоце дзіцячага сада № 3 г. Капыля, таксама былі заахвочаны Капыльскі СПЦ і раённы вузел паштовай сувязі. Заахвочвальны прыз за выраб герба Капыля ў стылі арыгамі быў уручаны Вользе Мяцельскай.

    Ліліся песні на прасторы…

    Якое ж свята без вясёлай песні і яскравага танца? Гледачоў у гэты святочны дзень радавалі многія творчыя калектывы і выканаўцы. Шмат самых яркіх эмоцый пакінула праграма калектыву, вядомага не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Артыстаў, пасля выступлення якіх у многіх гарадах свету гледачы апладзіруюць стоячы, — заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Дударыкі». Яго нязменным кіраўніком з’яўляецца наш знакаміты зямляк, таленавіты чалавек, якім ганарыцца наш горад, Дзмітрый Ровенскі.

    З 2009 года паміж Капылём і горадам Ёнішкіс Літоўскай Рэспублікі існуюць сяброўскія сувязі, адбываюцца двухбаковыя візіты. Павіншаваць наш горад са святам прыехаў творчы калектыў «Рудбала». Творчая палітра артыстаў вельмі шырокая: ад фальклорных твораў да рамансаў. І ў гэты жнівеньскі дзень госці з Літвы падарылі шмат самых цёплых эмоцый сваім гледачам.

    На нашым свяце прысутнічала і дэлегацыя Мацвеева-Курганскага раёна Растоўскай вобласці. Нашы госці не змаглі застацца ўбаку і таксама падрыхтавалі гораду музычны падарунак — выступ-ленне кіраўніка ўзорнай вакальнай студыі «Юнацтва», лаўрэата Усерасійскіх фестываляў і конкурсаў Таісіі Сінячкінай.

    Выдатным дапаўненнем да святочнага канцэрта стала выступленне народнага ансамбля танца «Узорыца» і народнага вакальнага ансамбля «Забава». Гэта быў падарунак ад ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

    Яшчэ больш яркі россып талентаў чакаў капылян увечары, на плошчы Леніна. Сваёй творчасцю шчыра дзяліліся заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, вядомыя беларускія спевакі Алена Грышанава, Сяргей Славянскі, рок-гурт «Замкавая гара».

    Вясёлыя забавы, гучны смех…

    Мерапрыемстваў і на самой справе было вельмі шмат — на любы густ. Дзеці імчалі ў розныя бакі: усюды было цікава. Ад гоману, музыкі, кірмашовых заклікаў губляліся нават дарослыя. На новай дзіцячай пляцоўцы, якая адкрылася ў гэты дзень насупраць зоны адпачынку, для хлопчыкаў і дзяўчынак быў сапраўдны гульнёвы горад: батуты, надзіманыя горкі, басейн, тарзанкі… Такой колькасці атракцыёнаў у Капылі не было ніколі.

    Прываблівалі і выставы-продажы народных майстроў, якія пастараліся паказаць сябе і сваю творчасць у самым лепшым святле. Дэманстравалі шырокія магчымасці ў галіне паліграфіі супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Слава працы» — гэта была своеасаблівая прэзентацыя прадукцыі. Цікавую тэматычную  выставу падрыхтавалі бібліятэчныя работнікі.

    А які багаты росквіт фантазіі ў капыльскіх аграрыяў! У гэтым можна было ўпэўніцца пасля наведвання сельгаспадвор’яў. Шмат разнастайных тавараў прапаноўвалі гандлёвыя кропкі, як заўсёды, парадавалі сваёй сувенірнай прадукцыяй супрацоўнікі і наведвальнікі Капыльскага ТЦСАН, сапраўднае шоу было арганізавана работнікамі Белтэлекама і інш.

    Для юных удзельнікаў свята прайшлі дзіцячая дыскатэка з мыльнымі бурбалкамі і фестываль фарбаў «Холі». А больш дарослыя з задавальненнем скакалі пад рытмічныя мелодыі пеннай дыскатэкі, што ўжо ўвечары была арганізавана на цэнтральнай плошчы горада. Як заўсёды, самыя яркія эмоцыі пакінулі святочны феерверк, які расквеціў начное неба над Капылём, і вогненнае шоу.

    Словам, раўнадушных у гэты дзень не засталося, і, бясспрэчна, станоўчых эмоцый было больш за ўсё. Вось толькі некаторыя з іх:

    Сяргей СЛАВЯНСКІ, спявак і кампазітар:

    — Зразумела, я не мог прапусціць такую важную падзею для маёй любімай Капыльшчыны, як Дзень горада, і адразу ж згадзіўся бясплатна выступіць для землякоў, як толькі атрымаў прапанову ад Капыльскага райвыканкама. Дарэчы, мая мама родам з Капыльскага раёна, а дакладней — з вёскі Аргелаўшчына. Заўсёды з радасцю выкарыстоўваю магчымасць лішні раз прыехаць на малую Радзіму. Да гэтага часу памятаю, як мы з сябрамі весела адпачывалі на летніх канікулах, як ездзілі на веласіпедах за сем кіламетраў з Аргелаўшчыны ў Капыль, а затым, калі ўжо споўнілася 16 гадоў, — у РДК на мясцовую дыскатэку. Землякам у гэтае цудоўнае свята жадаю высокіх ураджаяў на асабістых падворках і палях сельгаспрадпрыемстваў, жыхарам Капыля — дабрабыту і працвітання! Нізкі паклон вам, дарагія землякі, за вашу працу!

    Людміла НІЖЭВІЧ, аграгарадок Цімкавічы:

    — Усе арганізацыі з такім энтузіязмам узяліся за падрыхтоўку гэтага свята. І яно атрымалася надзвычай цікавым. Я таксама прымала ўдзел у тэатралізаваным прадстаўленні і атрымала вялікую асалоду. Настрой, безумоўна, святочны. Столькі калектываў прыехала сёння ў Капыль, і такімі цікавымі выступленнямі нас парадавалі! Жадаю ўсім капылянам здароўя, шчасця, плёну ў працы.

    Ларыса ЛІННІК,г. Капыль:

    — Было проста цудоўна! Сцэнарый — супер! Вялікі дзякуй арганізатарам, сцэнарыстам, рэжысёрам, акцёрам. Я такога нідзе не бачыла. Капыль — лепшы горад!

    Фота аўтара і Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

    Автор: Маргарыта САКОВІЧСлава працы
    Теги: 

Комментарии (0)