16 Апреля, 2024 Вторник

А што наконт дыскатэкі?

  • 04 октября 2017 Общество Беларуская 0

    Мінулая субота адзначылася ў нашым раёне важнай і доўгачаканай падзеяй: ізноў наваселле, ізноў па адрасе вуліца Леніна, 54. Менавіта тут размясцілася аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ляхавіцкага ТЦСАН. 

    Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч прызнаўся, што адкрыццё такой установы – яго даўняя мара. Кіраўнік раёна падзякаваў кожнаму, хто дапамог яе ажыццявіць,  павіншаваў усіх пажылых людзей з надыходзячым святам і выказаў упэўненасць, што аддзяленне дзённага знаходжання не расчаруе сваіх наведвальнікаў, будзе ўдасканальвацца і імкнуцца адпавядаць іх запытам. Як знак добрага супрацоўніцтва Вячаслаў Сельмановіч уручыў сімвалічны ключ ад памяшкання дырэктару ТЦСАН Таццяне Равінскай.

    На плошчы больш за 225 квад-ратных метраў размясціліся ўтульныя пакоі для гуртковай работы і спецыялістаў, актавая зала, тут нават будзе працаваць сацыяльная цырульня. І хоць у паветры яшчэ пах свежай фарбы, што нагадвае пра нядаўнія рамонтныя работы, цяпер пенсіянеры знаёміліся з гатовым будынкам, задавалі пытанні, шчыра радаваліся і будавалі планы, як хутка пачнуць тут праводзіць свой вольны час. І цікавіліся, калі пачнецца запіс у групы, ці можна прыходзіць з унукамі, а што з дыскатэкамі?

    Цэнтр пуставаць не будзе, гэта дакладна. Актыўнасці і аптымізму яго наведвальнікаў можна толькі пазайздросціць. А іх ідэі і прапановы сапраўды слушныя і ўжо на ўвазе работнікаў установы.

    А як па-іншаму, калі тут будуць працаваць клубы па інтарэсах «Залаты ўзрост», «Аптыміст», «Прыгажосць, здароўе, даўгалецце», «Павер у сябе», «Гаспадыня», «Спадчына», «Праяві сябе».  Акрамя таго, з’явіцца магчымасць атрымаць кансультацыю юрыста або псіхолага, пагаварыць з супрацоўнікамі РАНС і РАУС, райбальніцы. Частыя госці – свяшчэннаслужыцелі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.

    Парадавала навасельцаў яшчэ адна прыемная навіна: з 1 лістапада плануецца адкрыццё ўніверсітэта трэцяга ўзросту. Як паведаміў начальнік  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса, гэта новая форма работы з пажылымі людзьмі, якая ўключае ў сябе курсы па адукацыйных і дадатковых напрамках. Тут будуць вучыць карыстанню камп’ютарам (пенсіянеры выказалі жаданне навучыцца карыстацца праграмай Skype, каб заўсёды быць на сувязі са сваімі блізкімі), як аплаціць камунальныя паслугі праз АРІП, як карыстацца смартфонам. Яшчэ адзін напрамак – навучанне замежным мовам (плануецца арганізаваць групы па вывучэнні англійскай і польскай мовы), пачне работу і факультэт дадатковай адукацыі, што ўключае ў сябе краязнаўства, дызайн і іншае.

    Святочная праграма працягвалася ў ГДК– канцэрт і танцавальна-забаўляльная праграма пад гукі духавога аркестра падарылі кожнаму зарад бадзёрасці і цудоўны настрой.

    Маргарыта КУХТА.

    Фота аўтара.

    Автор: Маргарыта КухтаЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)