29 Марта, 2024 Пятница

Служыце — і вяртайцеся!

  • 09 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    У суботу, 4 лістапада, родныя і сябры праводзілі ў армію першых прызыўнікоў гэтай восені. У войска адправіліся больш за паўсотні юнакоў нашага раёна.

    — Самае галоўнае, што наш сын хоча служыць, — не хаваюць радасці бацькі прызыўніка Ірына і Мікалай Нарожныя з Жухавіч. — Мы ўжо другога сына ў армію праводзім. Служба ў войску загартоўвае. Толькі прайшоўшы шлях маладога байца, можна стаць сапраўдным мужчынам.

    — Сёння ў армію ідуць самыя лепшыя прызыўнікі, юнакі, якія па сваіх маральна-псіхалагічных якасцях годна выканаюць свой воінскі абавязак, — адзначае падчас урачыстых провадаў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык. — Безумоўна, лёгка не будзе, але гэты жыццёвы этап павінен прайсці кожны юнак для таго, каб стаць больш самастойным і мужным. З кожным годам бытавыя ўмовы ў войску становяцца больш камфортнымі для таго, каб салдаты больш часу ўдзялялі не бытавым пытанням, а вучобе. Кожны вайсковец у вольны час можа знайсці сабе занятак па душы: у бібліятэцы, спартыўнай зале, на стадыёне. Многія ў арміі змогуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, застацца служыць па кантракце, пасля завяршэння службы пайсці працаваць у праваахоўныя органы. Зрабіце так, каб вашы родныя і землякі вамі ганарыліся.

    Усвядомленым выбарам служба ў войску з’яўляецца і для Мікалая Жадзейкі з Карэліч. Юнак атрымаў рабочую спецыяльнасць у мясцовым будаўнічым ліцэі. А на ўрачыстыя провады ў войска хлопца праважаюць матуля і каханая дзяўчына. Мікалай з поўнай сур’ёзнасцю запэўнівае, калі Дзіяна дачакаецца яго з арміі, адразу павядзе ў ЗАГС.

    Член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі, заслужаны ветэран Віталій Васільевіч Шэўка ў далёкім 1958 годзе ў такі ж дзень ехаў разам з сябрамі з Беларусі служыць на Далёкі Усход.

    — Я трапіў у вылічальна-артылерыйскую часць, — успамінае ветэран, — у арміі атрымаў спецыяльнасць вылічальніка, якая потым спатрэбілася мне ў жыцці. На другі год я ўжо сам вучыў навабранцаў. Стаў начальнікам вылічальнай каманды штаба 20-га асобнага артылерыйскага палка. Часы былі складаныя. Вельмі напружаныя былі адносіны з Кітаем. У паветры адчуваўся подых вайны. Менавіта таму войскі і кансалідаваліся на Далёкім Усходзе. Сёння, на шчасце, мы жывём у мірны час, нашым межам ніхто не пагражае. У арміі я дасягнуў значных высот. Неўзабаве стаў знамяносцам палка. Можаце сабе ўявіць: мне, звычайнаму сялянскаму хлопцу з Беларусі, даверылі такі гонар — несці штандарт праслаўленага ў гады Вялікай Айчыннай вайны палка. Пазней мне было прысвоена званне малодшы сяржант.

    Пасля службы ў арміі Віталій Васільевіч атрымаў мірную прафесію настаўніка, доўгі час узначальваў аддзел адукацыі. З гонарам праносіць па жыцці знамя дастойнага і сумленнага чалавека.

    — Армія навучыла мяне адказнасці, — сказаў Віталій Васільевіч. — Калі салдат зможа навучыцца падпарадкоўвацца, тады зможа і кіраваць. Будзьце добрымі, але ў рамках закона, — звярнуўся ветэран да будучых вайскоўцаў.

    Прызыўнікоў і іх родных прывітаў начальнік адасобленай групы Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Аляксандравіч Шалін: “Кожны год мы адпраўляем у рады Узброеных Сіл краіны маладых карэліччан, і кожны год атрымліваем падзякі ад камандавання тых часцей, дзе служаць нашы землякі. Для нас гэта вялікі гонар, як і для бацькоў вайскоўцаў”.

    Першы сакратар райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Яўгеній Андрэевіч Пархамовіч успомніў гады сваёй службы. “Я атрымаў званне малодшага сяржанта, стаў намеснікам камандзіра ўзвода, адказваў за маладых салдат і адначасова нёс баявую службу. Было цяжка, але гэты час я ніколі не забуду, як і сапраўднае салдацкае братэрства. А вы вернецеся з войска з горда паднятай галавой: “Я адслужыў!”

    Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі Мікалай Орса адзначыў, што ў войску юнакоў чакае станаўленне асобы. “Тым самым вы зможаце выказаць любоў да сваёй Айчыны, краю, бацькоў, — адзначыў святар. — Памятайце, што вы ідзяце не на вайну, а атрымаць ваенныя навыкі. Але непрыяцелі павінны ведаць нашу баявую магутнасць, каб яны баяліся дакрануцца да таго, што ім не належыць”.

    Па традыцыі для ўдзельнікаў урачыстых провадаў адбыўся святочны канцэрт.

    Автор: Іна ЛейкаПолымя
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)