20 Апреля, 2024 Суббота

Доўгачаканае будаўніцтва пачалося

  • 10 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Калі сказаць, што паляпшэнне забеспячэння вадой і будаўніцтва ачышчальных збудаванняў – актуальныя для Беразіно пытанні, значыць, не сказаць нічога. Непрыемны пах, які нярэдка сустракае пры ўездзе ў наш горад, ужо без жартаў і іроніі называюць “візітнай карткай”, ды і водазабеспячэнне даўно хвалюе бярэзінцаў.

    Практычна падчас кожнай сустрэчы кіраўніцтва райвыканкама ў працоўных калектывах узнімаюцца гэтыя праблемы, таму і сталі першаступеннымі для раённай улады. Сёлета абодва вострыя пытанні не проста зрушыліся з месца, ужо відавочныя крокі. Адметнасцю першых дзён лістапада стаў пачатак будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў горада Беразіно.

    Даведаўшыся аб тым, што на будаўнічай пляцоўцы аб’екта намечана планёрка ўсіх зацікаўленых на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.В. Сакалоўскім, напрасілася разам. Аднак шматлюдна тут было не толькі на гэты раз. 2 лістапада атрыманы дазвол на ўзвядзенне ачышчальных збудаванняў, а ўжо назаўтра, 3 лістапада, падрадчыкі прыступілі да работы. Літаральна за некалькі дзён дэманціраваны старыя будынкі трансфарматарнай падстанцыі, помпавай станцыі, бытоўкі, існуючых адстойнікаў і пачалася падрыхтоўка плошчаў пад будаўніцтва. Адначасова адсыпаецца пад’язная дарога, устанаўліваецца раствора­бетонны вузел (РБУ). На падрыхтоўчыя работы спатрэбіцца дзён дзесяць, пасля чаго пачнецца непасрэдна будаўніцтва.

    ­ А гэта катлаван, дзе неабходна заманаліціць днішча, узвесці сцены. Да канца года таксама намечана будаўніцтва біярэактара, глеевых пляцовак, уладкаванне дамб, -­ дзеліцца планамі на бліжэйшы час Уладзімір Пятровіч Бадзілоўскі – дырэктар Жлобінскай ПМК­71, якая з’яўляецца дачэрнім прадпрыемствам “Калінкавічыводбуда”, генеральнага падрадчыка будаўніцтва. ­ -Акрамя ўжо названых збудаванняў, аб’ект складуць прыёмная камера і камера ўліку сцёкаў, будынак папярэдняй ачысткі, трансфарматарная падстанцыя, помпавая станцыя дрэнажнай вады, біялагічныя сажалкі, пляцоўка цвёрдых бытавых адходаў.

    Новыя ачышча­льныя збудаванні зоймуць плошчу ў 3,1 гектара, іх магутнасць – 4980 метраў кубічных у суткі. Будаўніцтва павінна завяршыцца да 20 верасня 2018 года.

     Няўдзячная справа – заглядваць наперад, але ж, планы ёсць планы, таму можна не без падстаў спадзявацца, што ўжо ў наступным годзе аб’ект пачне дзейнічаць.

    А вось увод новых аб’ектаў водазабеспячэння запланаваны на снежань гэтага года. На дадзены момант прабураны ўсе чатыры свідравіны ва ўрочышчы Вулін, над трыма з іх пабудаваны павільёны і ўстаноўлены агароджы. Каля адной са свідравін заканчваюць уладкоўваць агароджу работнікі ДРБУ №192. Дарожная арганізацыя з’яўляецца генеральным падрадчыкам будаўніцтва, на субпадрадзе працуюць камунальнікі. Агульнымі намаганнямі таксама ўладкаваны водаадводы 1 і 2 пад’ёмаў, закальцавана водаправодная сетка, пабудавана пад’язная дарога. Увод першага пускавога комплексу здыме вострыя пытанні забеспячэння вадой жыхароў горада Беразіно. Для канчатковага вырашэння пытання на дадзены момант рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на другі пускавы комплекс, куды ўваходзяць станцыя абезжалезьвання і станцыя другога пад’ёму вады.

     Фота аўтара.

    Автор: Ала АЛЬФЕР.Бярэзінская панарама
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)