23 Апреля, 2024 Вторник

"Будавацца і жыць тут мы не будзем", ці Што знайшлі археолагі ў час раскопак у Хажове

  • 17 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    У маі 2016 года сям’я маладзечанцаў купіла ў аграгарадку Хажова на вуліцы Камуністычнай участак разам з домам. Ігар і Алена кіраваліся самымі лепшымі памкненнямі: набыць свой кут, абжыцца і з часам застацца тут назаўсёды. Вёска перспектыўная, да горада – рукой падаць.

    Да таго ж былы ўладальнік падвёў да дома ваду, правёў каналізацыю, зрабіў праект на газіфікацыю. Участак плошчай 25 сотак пад сядзібу размешчаны на ўзвышшы, яшчэ амаль 20 сотак – для гаспадарчых патрэб – выдзяляла ААТ «Хажоваагра-2009». Непадалёку плошча з магазінам і канторай гаспадаркі, Домам культуры, праваслаўны храм. Словам, месца прывабнае. За такое не шкада было і кругленькую суму выкласці. Словам, планы і мары жывых людзей.

    Пасля вырашэння ўсіх фармальнасцей, звязаных з афармленнем куплі-продажу і дазволам сельвыканкама на новае будаўніцтва, гаспадары актыўна ўзяліся за работу: купілі неабходныя на першым этапе матэрыялы, заказалі тэхніку і запрасілі будаўнікоў. Вырашылі ўзводзіць новы дом на новым фундаменце, крыху адступіўшы ад ужо існуючай пабудовы.

    І вось тут усіх чакаў непрыемны сюрпрыз: рыдлёўкі рабочых пачалі натыкацца на… косці. Гаспадары выказвалі розныя здагадкі, але калі з зямлі выкапалі чалавечы чэрап, а затым іншыя фрагменты шкілета, стала трывожна: ці не могілкі тут? Аднаму з рабочых пасля такой «знаходкі» зрабілася нядобра, ён доўга не мог прыйсці ў сябе.

    Пра здарэнне паведамілі ў сельвыканкам, раённы аддзел унутраных спраў. Праз пэўны час гаспадары атрымалі з міліцыі такую інфармацыю: пахаванню больш за пяцьдзясят гадоў, у 30-я гады мінулага стагоддзя ў гэтым месцы хавалі людзей. Гэты факт пацвярджае план польскага часу, на якім пазначаны старыя ўніяцкія могілкі.

    Ігар і Алена людзі выхаваныя, адукаваныя. Дбаючы пра зямное, не забываюць пра вечнае: ну, як можна будавацца на касцях продкаў, жыць на могілках альбо побач з імі? Гэта галоўнае. Да таго ж пазней дайшлі да іх гісторыі містычнага характару, звязаныя з лёсам былых уладальнікаў участка і іх суседзяў: нехта павесіўся, нехта захварэў на алкагалізм і памёр нядобрай смерцю, нехта трапіў пад колы аўтамабіля…

    – Безумоўна, будавацца і жыць тут мы не будзем, – Алена, падаецца, перахварэла стратай. – Хаця марылі. Я сама родам з суседняй вёскі, вучылася ў хажоўскай школе. Ды і грошай, якія патрацілі, шкада – яны вялікія па нашых заробках. Пра нашу сітуацыю многа пісалі, мы самі звярталіся ў розныя інстанцыі, прапаноўвалі розныя варыянты вырашэння праблемы. На што сёння разлічваем? На тое, што тут будуць высаджаны дрэвы, мажліва, каплічка з’явіцца. Мы сустракаліся і з праваслаўнымі святарамі, і з каталіцкімі, выказвалі свае прапановы. Пакуль сітуацыя нявызначаная.

    Так гаварылі мы з Аленай у чацвер, калі яна з мужам і мы, супрацоўнікі «Маладзечанскай газеты», прыехалі ў Хажова. Падстава была вельмі сур’ёзнай: сваё слова ў гэты дзень павінны былі сказаць навукоўцы са сталіцы – загадчык аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Андрэй Вайцяховіч і яго калега Іван Спірын прыехалі ў аграгарадок, каб правесці раскопкі.

    Першы шурф – участак два на два метры – не пакінуў ніякіх сумненняў: тут, на самым узвышшы, калісьці былі могілкі. Цяпер заставалася хаця б па ўскосных фактах вызначыць, да якога перыяду адносяцца пахаванні, дзе межы могілак. У выніку навукоўцы зафіксавалі пяць пахаванняў, знайшлі рэшткі стужкі, вышытай арнаментам, і манету чаканкі другой паловы XVII – пачатку XVIII стагоддзя.

    Раскопкі ў іншых месцах – ля падэшвы ўзвышша, за домам — пахаванняў не выявілі. Свае вывады археолагі выкладуць у пісьмовай форме і перададуць у Маладзечанскі райвыканкам, які выступіў ініцыятарам раскопак.

    Ігару і Алене, паўтаруся, людзям выхаваным, разумным, не скандалістам, застаецца толькі паспачуваць: іх высокія мары разбіліся аб зямное, тленнае… Каго вінаваціць, каму выстаўляць рахунак?.. І што рабіць з зямлёй, якая перайшла ў прыватную ўласнасць? Хочацца верыць, што сітуацыю можна вырашыць цывілізавана, у фармаце дыялогу. Па сумленні і па законе.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)