28 Марта, 2024 Четверг

Ядраныя кактэйлі снежня

  • 01 декабря 2017 Общество Русский 0

    Сіноптыкі папярэджваюць: пачаўся сезон галалёду. Каб знізіць колькасць траўм і ДТЗ, дарожныя службы ў халодны перыяд традыцыйна пасыпаюць дарогі і тратуары пяс­чана-салявой сумессю. Для прыгатавання якасных су­месяў нават купілі спецыяльную ўстаноўку. Карэспандэнт «Р» даведалася, як яна працуе і пры дапамозе чаго дарожнікі будуць змагацца з галалёдзіцай гэтай зімой.

    — Існуе тры спосабы барацьбы з зімовай слізготай, — уводзіць мяне ў курс справы намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання ДПА «Гаррамаўтадар» Алег Лукашэнка. — Хімічны спосаб — выкарыстанне солі ў чыстым выглядзе. Яго ўжываем пераважна на магістральных і цэнтральных вуліцах. Пры наяўнасці на дарогах снежна-ледзянога накату для павышэння счэпных якасцей выкарыстоўваем фрыкцыйны спосаб. Самы распаўсюджаны — хіміка-фрыкцыйны. Ён прадугледжвае выкарыстанне пясчана-салявых сумесяў.

    Зараз дарожнікі актыўна па­паўняюць склады проці­га­лалёднымі рэагентамі на аснове натрыю хлорыстага, ці па-іншаму, галіту. Гэта спадарожны прадукт здабычы калійнай і кухоннай солі. На сёння ён з'яўляецца самым эфектыўным матэрыялам для барацьбы з зімовай слізготай.

    Вырабляць пясчана-салявыя сумесі працягне «Макрадор». Для якаснага змешвання інгрэдыентаў на прадпрыемстве маецца спецыяльная ўстаноўка. Да яе набыцця кампаненты змешваліся пагрузчыкамі. У выніку сумесь магла атрымацца неаднароднай. Цяпер устаноўка старанна змешвае галіт (каменную соль) і пясок у прапорцыі 1:1. Як паказала практыка, суадносіны кошт — якасць такіх процігалалёдных матэрыялаў найбольш аптымальныя. Соль растоплівае наледзь, а пясок прадухіляе слізгаценне.

    Праца на «Макрадоры» кіпіць! Гружаныя машыны адна за адной падвозяць на прадпрыемства соль і пясок. Аператар пульта кіравання пільна сочыць за работай устаноўкі.

    — Прынцып яе работы вельмі просты, — праводзіць экскурсію па прадпрыемстве галоўны інжынер «Макрадора» Мікалай Хмялеўскі. — Пагрузчык каўшом засыпае галіт маркі А і пясок у тры лейкі. Адтуль рэчывы пластамі высыпаюцца на канвеерную стужку. Пласт пяску, пласт галіту, зверху яшчэ адзін пласт пяску. Для ачысткі ад смецця і буйных камянёў сумесь праганяем праз сіта. Прадукцыйнасць устаноўкі — каля 80 тон у гадзіну.

    Прасеяны і старанна змешаны рэагент машыны развозяць па складах дарожных службаў горада. Тыя ў першую чаргу апрацоўваюць месцы з вялікім людскім патокам і высокай верагоднасцю атрымання траўмы — прыпыначныя пункты, спускі ў падземныя пераходы, тратуары пад ухілам. У выпадку моцнай непагадзі на апрацоўку пакрыццяў процігалалёднымі матэрыяламі адводзіцца 3 гадзіны.

    — У канадскім Таронта, які ўдвая больш за Мінск, выка­рыстоўваюць хімічны спосаб барацьбы з галалёдзіцай. За зіму на апрацоўку пакрыццяў там расходуюць 130 тысяч тон рэагенту. У Мінску ж максімальны расход чыстай солі за зіму складаў каля 47 тысяч тон. Гэта ў 1,3 раза менш, — згадвае вопыт замежных калег Алег Лукашэнка.

    Якім жа павінен быць ідэальны рэагент? У Германіі і Польшчы выкарыстоўваецца той жа натрый хлорысты, што і ў нас. У Англіі і Францыі — хларыды. А ў Маскве — вадкі рэагент (28-працэнтны раствор хлорыстага кальцыю). Яго нормы расходу на 30—40% ніжэй у параўнанні з натрыем хлорыстым. Пры гэтым ён вельмі эфектыўны пры нізкіх тэмпературах да мінус 35 градусаў. З мінусаў — кароткі тэрмін дзеяння (3 гадзіны). Да таго ж хлорысты кальцый выклікае алергію ў людзей, раз'ядае аўтамабілі. Ён агрэсіўны да абутку з натуральных матэрыялаў. А для апрацоўкі дарог спатрэбіцца закупка дарагога абсталявання і арганізацыя інфраструктуры для яго захоўвання.

    Паралельна з традыцыйнымі рэагентамі на аснове натрыю хлорыстага могуць прымяняцца вадкія і крышталічныя рэагенты. Вытворцы сцвярджаюць, быццам у іх складзе натрыю хлорыстага няма і таму яны не аказваюць адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Затое іх кошт у 70 разоў перавышае кошт галіту пры той жа эфектыўнасці плаўлення. З гэтай нагоды Алег Лукашэнка дадаў:

    — Мы вывучылі вопыт прымянення такіх матэрыялаў на прыкладзе Нацыянальнага аэра­порта. Аказалася, пад іх уздзеяннем на працягу 1,2 года робяцца непрыгоднымi падэшвы спецабутку рабочых, занятых на зімовым абслугоўванні ўзлётна-пасадачнай паласы. Бяспека такіх рэагентаў вельмі ўмоўная.

    У апошні час усё часцей прыводзяць у прыклад Скандынаўскія краіны. Там дарогі і тратуары пасыпаюць драблёным шчэбнем. У нас такі варыянт таксама разглядаўся. Аказалася, хоць экалагічнасць драблёнага шчэбню і вышэй, затое вясной разам з талымі водамі ён трапляе ў ліўневую каналізацыю і забiвае яе.

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)