25 Апреля, 2024 Четверг

У эфіры - школьная тэлестудыя "Класс-ТV"!

  • 08 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Гімназія-каледж мастацтваў адна з нямногіх устаноў адукацыі раёна, у якой ёсць сваё тэлебачанне. І сёлета яно адзначае 10-годдзе дзейнасці. Журналісты «МГ» зазірнулі на «тэлекухню»…  

    Да 20-годдзя ўстановы педагагічны калектыў вырашыў зрабіць відэафільм з нагоды адметнай даты. Але ні апаратуры, ні «рэдакцыйнага штату» тэлебачання не было. Толькі ідэя. Яе падхапіў Аляксандр Розін, выкладчык па класе баяна, кіраўнік узорнага аркестра народных інструментаў і ансамбля лыжачнікаў. Як ён заўважае, настаўніцтва і захапленне фота- і відэасправай засталіся яму ў спадчыну ад бацькі, які ў свой час таксама выкладаў у школе і кіраваў адпаведным гуртком.

    Фільм, прысвечаны 20-годдзю гімназіі-каледжа мастацтваў, Аляксандр Георгіевіч зняў па сваім сцэнарыі і ўласнай апаратурай. У многім дапамаглі яму юныя карэспандэнты. Сярод вучняў аказалася нямала тых, хто цікавіцца фота- і відэасправай.

    Так кадр за кадрам, сюжэт за сюжэтам пачала з’яўляцца дакументальная хроніка аб установе. І вось у эфір пад лагатыпам «Клас-ТV» выйшаў першы 10-мінутны выпуск навін, у якім паведамлялася пра чарговыя перамогі гімназістаў. Цяпер архіўнай хроніцы, што склалася за дзесяцігоддзе работы, можна пазайздросціць.

    У тэлестудыі свой небагаты тэхнічны арсенал, які дазваляе здымаць сюжэты і трансліраваць іх у гімназіі-каледжы. Матэрыяльная база, дарэчы, умацоўваецца не толькі за кошт раённага бюджэту, але і за пазабюджэтныя грошы, найперш ад аказання дадатковых адукацыйных паслуг насельніцтву і выручаныя на канцэртах творчымі калектывамі ўстановы. Аўтары сюжэтаў, вядучыя і іншыя спецыялісты – гэта пераважна старшакласнікі, якія мараць звязаць прафесійны лёс з журналістыкай. Прычым неабавязкова тэлевізійнай. Напрыклад, відэааператар Аляксей Шчуцкі хоча стаць фотакарэспандэнтам у друкаваным выданні. Ён ужо неаднойчы прымаў удзел у розных фотаконкурсах, і яго работы былі сярод лепшых.

    Марыць аб прадаўжэнні журналісцкага шляху і Мікіта Андрыевіч. Гэтага хлопца ў тэлестудыі называюць самым масцітым карэспандэнтам. Вучань з’яўляецца старшынёй савета гімназістаў, а таксама маладзёжнага парламента Маладзечанскага раёна. Летась як актывіст ён прыняў удзел у сустрэчы з таленавітай і здольнай моладдзю Беларусі, якую ў Мінску ў Палацы Незалежнасці праводзіў Прэзідэнт краіны.

    Дар’я Шчэрбач ужо выбрала сабе прафесію і вучыцца ў гімназіі-каледжы на трэцім курсе тэатральнага аддзялення. Але яе вельмі захоплівае работа ў эфіры. На канале «Клас-ТV» яна спрабуе сябе ў якасці вядучай. Дар’я дэманструе свае ўменні, не горшыя, чым у тэлезорак, і бездакорна вымаўляе адна за адной 44 скорагаворкі, лагічна звязаныя ў адзін аповед. Так дзяўчына заўсёды рэпеціруе перад запісам чарговай праграмы, а яшчэ абавязкова робіць дыхальную гімнастыку.

    Студыйцы неаднаразова дасягалі поспехаў у конкурсах відэаролікаў. Сярод апошніх перамога ў рэспубліканскім конкурсе «Бяспечны пераход», прысвечаным правілам дарожнага руху, Нацыянальным медыяфоруме Adobe youth voices (анімацыйны фільм «За чысціню ўсёй зямлі» нават быў адабраны для паказу на міжнародным медыяфестывалі ў рамках iEARN International Conference (Аргенціна).

    Пазалетась гімназія-каледж стала ўдзельніцай асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» і далучылася да аднайменнага міжнароднага праекта ў партнёрстве з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і аб’яднаннем «Навуковая лаўка ў Боне». Студыйцы складаюць хроніку і фестывалю-кірмашу маладзёжных ініцыятыў, што ладзіцца тут пад эгідай ААН.

    Падабаецца юнакам і дзяўчатам запісваць праграмы з удзелам знакамітых выпускнікоў гімназіі-каледжа мастацтваў. Цікавымі атрымаліся сюжэты з тэлевядучай Нінай Багданавай і спеваком Аляксандрам Салаўёвым. Дарэчы, ён часты госць установы. Запрашалі на «Клас-ТV» і плыўца Дзмітрыя Салея, які тут не вучыўся. Гімназісты з непадробнай цікавасцю слухалі пра яго шлях у спорт.

    Удзельнікі «Клас-ТV» складаюць і перадачы, прысвечаныя творчым калектывам установы, якіх тут вельмі шмат, а таксама з нагоды прафесійных і каляндарных свят. Асветніцкія і адукацыйныя сюжэты дэманструюць на бацькоўскіх сходах. Манціруюць студыйцы і гумарыстычны тэлечасопіс «Ералаш».   

    А карэспандэнту Аксане Савіцкай падабаецца здымаць кароткаметражныя кінафільмы пра людзей. З захапленнем дзяўчына расказвае пра свайго нядаўняга героя – мастака і выкладчыка гэтай установы Рыгора Мяжуева. Аксана вучыцца ў класе з музычным ухілам, але пасля сустрэчы з самабытным творцам спрабуе… маляваць. Яе «калега» Кацярына Кулік таксама марыць зняць кароткаметражку пра спевака і аўтара песень Макса Каржа, творчасць якога ёй вельмі падабаецца.

    Гледзячы на захопленых студыйцаў і іх няўрымслівага кіраўніка, верыш у тое, што ўсе задумы ажыццявяцца.

    … Тым часам на «Клас-ТV» пачалі абмяркоўваць чарговы выпуск навін. Доўжацца яны 10-15 мінут, але каб зманціраваць непрацяглыя сюжэты, даводзіцца працаваць не адну гадзіну. Свежыя выпускі выходзяць па серадах раз у два тыдні. Як і ўсе іншыя праграмы, іх трансліруюць на двух вялікіх экранах на першым і другім паверхах. Агульная мара студыйцаў – штодзённыя выпускі навін у прамым эфіры.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)