29 Марта, 2024 Пятница

Проверено: все ли водители после праздников сели за руль трезвыми?

  • 09 января 2018 Общество Русский 0

    Гулянні з нагоды Новага года і Каляд абышліся без усплёску аварыйнасці на дарогах Мінска і Мінскай вобласці. Больш за тое, у ДАІ нават адзначаюць зніжэнне колькасці ДТЗ. Колькасць дарожных здарэнняў у навагоднюю ноч у Мінску ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася прыкладна на дзесяць працэнтаў. Карэспандэнт «Р» адправілася з інспектарамі ДАІ на дзяжурства, каб праверыць, ці ўсе вадзіцелі працверазелі пасля навагодніх і калядных свят?

    — У выхадныя дні п’яных вадзіцеляў больш за ўсё затрым-ліваюць у спальных раёнах. У цэнтры горада нецвярозыя часцей трапляюцца ля начных клубаў і бараў, — уводзіць у курс справы старшы інспектар ДПС ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Налятко.

    — За нецвярозую язду караюць строга. Прадугледжана пазбаўленне правоў на кіраванне ўсімі відамі транспартных сродкаў на тры гады і штраф ад 50 да 100 базавых велічынь, — падключаецца да размовы інспектар ДПС ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксей Муха. — Пры паўторным парушэнні на працягу года аўтамабіль, на якім быў затрыманы п’яны, канфіскуюць.

    Едзем на вуліцу Казлова. У апошні раз нецвярозага парушальніка затрымлівалі менавіта тут. Побач мноства забаўляльных устаноў. Не выключана, што і сёння хто-небудзь, прапусціўшы шкляначку-другую, вырашыць сесці за руль. Па дарозе Аляксандр Налятко расказвае пра дзяжурства ў навагоднюю ноч:

    — Новы год сустракаў на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна. Звычайна ў святочныя дні дзяжураць ва ўзмоцненым рэжыме ў месцах масавых гулянняў. У навагоднюю ноч на маім участку за нецвярозую язду нікога не затрымлівалі.

    П’яных аўтамабілістаў інспектары выяўляюць наступным чынам. Спыняюць вадзіцеляў, якія выклікаюць падазрэнне, напрыклад, тым, што нервуюцца і здзяйсняюць нелагічныя манеўры. Пачуўшы пах алкаголю пры праверцы дакументаў, прапануюць прайсці алкатэст на месцы. Калі прыбор пакажа наяўнасць алкаголю, вадзіцеля вязуць для агляду ў наркалагічны дыспансер. Там, на вуліцы Перадавой, 11, медыкі ўстановяць дакладнае ўтрыманне алкаголю ў арганізме чалавека.

    Тым часам мы пад’ехалі да ву-ліцы Казлова. Тут ужо дзяжурыць другі экіпаж ДАІ. Кажуць, пакуль нецвярозыя вадзіцелі не пападаліся. Вырашаем стаць на вуліцы Мірашнічэнкi. Па вопыце інспектара там таксама часцяком ловяць п’яных.

    — Нядаўна тут загінуў таксіст, сутыкнуўшыся з аўтобусам. Быў п’яны, — паварочваючы з праспекта Незалежнасці на вуліцу Мірашнічэнкi ўспамінае Аляксандр Налятко.

    Першы, другі, трэці... Інспектары тармозяць адзін аўтамабіль за другім. Пакуль падазрэнняў ніхто не выклікае. Праз дзесяць хвілін Аляксандр Налятко спыняе грузавік Iveco. Вадзіцель Алег занадта мітусіцца і нервова жуе жвачку. Можа, спрабуе схаваць пах перагару? Інспектар дастае алкатэстар № 203, павераны 15 снежня 2017 года. Алег дзьме ў трубачку — на экране загараецца 0,29 праміле. Але гэта яшчэ не падстава лічыць Алега п’яным. Гэта павінен пацвердзіць медык. Вязём вадзіцеля на медасведчанне.

    — Сябры прыязджалі з Расіі. Ну мы і выпілі грамаў па 250 гарэлкі. А раніцай трэба на працу. Я вадзіцель. Сын учора выпіў больш за мяне, таму за руль сеў я, а не ён, — прызнаўся Алег па дарозе ў наркалагічны дыспансер.

    Наогул на просьбу прайсці алкатэст вадзіцелі рэагуюць па-рознаму. Адны адмаўляюцца, што выпівалі, нават калі медасведчанне паказвае праміле. Другія, спалохаўшыся адказнасці, спрабуюць збегчы. Некаторыя спяваюць, танцуюць і нават шкло ў машыне нагамі выбіваюць...

    — Аднойчы ўдзельнічаў у пагоні за нецвярозым матацыклістам. Ехаў з дзяўчынай на хуткасці каля 200 км/г, — у практыцы Аляксандра Налятко бывалі розныя сітуацыі. — Ні страляць па колах, ні падрэзаць нельга — пасажырка магла пацярпець. На вуліцы Багдановіча прыціснулі парушальніка да бардзюра і затрымалі. Ім аказаўся 20-гадовы хлопец. У крыві было 0,4 праміле алкаголю, правоў у яго не было.

    «Рэкорд» Аляксандра Налятко — вадзіцель з 3 праміле алкаголю. Інспектар затрымаў яго напярэдадні Новага года. Парушальнік ехаў позна ўвечары па праспекце Незалежнасці з выключанымі фарамі. За нецвярозую язду інспектар затрымліваў нават непаўналетняга. Пакуль бацькі адпачывалі на моры, юнак з сябрамі зладзіў дома вечарыну і паехаў за дабаўкай на бацькавай машыне.

    На Перадавой, 11 прыборы паказалі па нулях. Мабыць, у стрэсавай сітуацыі арганізм Алега перапрацаваў рэшткі алкаголю значна хутчэй…

    Едзем на вуліцу Сурганава. Праязджаючы вуліцу Някрасава, інспектары ўспамінаюць, як пераследавалі тут п’янага скутарыста. Спрабуючы сысці ад пагоні, той выехаў на тратуар. Ляцеў на высокай хуткасці, падвяргаючы рызыцы жыццё пешаходаў. У двары заехаў у гаспадарчую пабудову і заглух... На вуліцы Якуба Коласа перад намі рэзка направа перастройваюцца «Жыгулі». Такі манеўр выклікае ў інспектараў падазрэнне. Спыняем. У салоне 70-гадовая пара. Аказалася, пенсіянер не паспеў своечасова перастроіцца для павароту на Сурганава. Дакументы ў парадку, паху алкаголю няма.

    Стаўшы ля начнога клуба НЛО, тармозім аўтамабілі. Вадзіцеляў, якія выклікалі падазрэнне, правяраем алкатэстарам. Вынік эксперымента такi: з дзесяці западозраных у нецвярозым ваджэнні толькі ў аднаго вадзіцеля алкатэст паказаў наяўнасць праміле. Хоць пазней прыборы медыкаў паказалі нуль. У ДАІ адзначаюць, што не толькі ў Мінску, але і ў краіне п’яных вадзіцеляў на дарогах стала менш.

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)