23 Февраля, 2018 Пятница

А сухіх вам рукавоў!

  • 17 января 2018 Общество Беларуская 0

    Званок, спалоханы голас просіць, патрабуе: «У нас пажар, хутчэй прыязджайце!..» Пакуль дыспетчар РАНС удакладняе абставіны надзвычайнай сітуацыі –  адрас, ці ёсць хто ў памяшканні і г.д. –   дзяжурная змена з моманту паступлення паведамлення рыхтуецца да выезду. На ўсё пра ўсё – хвіліна. І   каманда выратавальнікаў у дарозе. Дарэчы, летась на 3 пажары ў сельскай мясцовасці асабовы склад прыбыў менш як за 5 мінут, на 14 прыбылі менш як за 10 мінут. Хуткасць, дакладнасць дзеянняў і зладжанасць – вось, галоўныя спадарожнікі пажарных у пазаштатных сітуацыях.

    Кароткія нумары 101 і 112 жыхары раёна набіраюць і ў выпадках, калі бытавую сітуацыю без дапамогі супрацоўнікаў МНС не вырашыць. Дзверы зачыніліся, а дома засталіся маленькія дзеці і ключы ад кватэры. Бывае, што «бездапаможным» аказваецца нецвярозы. Менавіта алкагольнае ап’яненне з’яўляецца прычынай пажараў з гібеллю людзей. А яшчэ неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні – для трох нашых землякоў яно стала смяротным.

    Падстаў для выкліку супрацоўнікаў РАНС шмат. Бывае, што дапамога выратавальнікаў патрабуецца братам нашым меншым. У ліпені крык аб дапамозе «паступіў» ад белай чаплі, што заблыталася ў водарасцях.

    Дзякуючы адзінай дыспетчарскай, ёсць магчымасць пераадрасаваць званок іншай службе, калі пытанне знаходзіцца па-за межамі дзейнасці супрацоўнікаў РАНС: жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ветэрынарнай станцыі, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і г.д.

    – Летась нашы падраздзяленні 92 разы выязджалі на ліквідацыю пажараў і ўзгаранняў. Дзякуючы зладжаным дзеянням асабовага складу, 15 збудаванняў атрымалася зберагчы. Адзначу, што за дзесяцігоддзе колькасць пажараў зменшылася з 64 (такая лічба была ў 2006 годзе) да 24 (летась). Станоўчая дынаміка –  гэта вынік нашай работы, тое, да чаго мы імкнёмся, – расказвае начальнік РАНС Валерый Равінскі.

    Яны дакладна ведаюць, праверана практыкай: бяду прасцей папярэдзіць. Таму пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы: абследаванне і рамонт ацяпляльных печаў, электрычнай праводкі, праверка працаздольнасці АПА – пастаянны абавязак выратавальнікаў, якія і на службе, і па-за службай у справе. У час жніва, напрыклад, у свой водпуск чацвёра супрацоўнікаў РАНС змянілі форму агняборцаў на цывільную, пажарную машыну –  на КЗС і дапамаглі гаспадаркам, між іншым, не толькі свайго раёна, своечасова завяршыць уборачную.

    Сёння Ляхавіцкі РАНС – гэта тры пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Ліпску, Тальмінавічах, Шчэрбаве, пажарная аварыйна-выратавальная часць у райцэнтры. А яшчэ РАНС – гэта 60 супрацоўнікаў, хто ў любую мінуту, на кожны кліч гатовы прымчаць на дапамогу. Моцныя фізічна і духам, не выпадковыя ў гэтай прафесіі.

    Для 24-гадовага Ігара Русакевіча, які летась закончыў інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі – філіял універсітэта грамадзянскай абароны МНС, чэрвень стаў адлікам працоўнай біяграфіі ў якасці выратавальніка-пажарнага.

    – Чаму вырашыў стаць пажарным? Добра памятаю, калі ў школе да нас прыходзілі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, вабіла іх служба, насычаная і, што вельмі важна, патрэбная іншым. Сёння  ўжо разумею, што і не назавеш будні выратавальнікаў працай, хутчэй – стылем жыцця. Гэта адчуваеш, калі выязджаеш на чарговы выклік і ад цябе, магчыма, залежыць жыццё чалавека. Назаўсёды ў памяці баявое хрышчэнне: гарэла прыбудова ў вёсцы Кавалі. Безумоўна, страх прысутнічае, як і жаданне хутчэй ліквідаваць пажар. Але побач з надзейнымі сябрамі-таварышамі: камандзірам аддзялення Андрэем Крываруцкім, начальнікам каравула Аляксеем Дарашэнкам, вадзіцелямі Дзмітрыем Янушкевічам і Мікалаем Страмавусам – прыходзіць пачуццё ўпэўненасці, адчуванне падтрымкі. І няўпэўненасць, трывога знікаюць імгненна.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    На фота: 2. Начальнік РАНС Валерый Равінскі (у цэнтры) са сваімі намеснікамі Мікалаем Байдуном і Сяргеем Гатоўчыцам. 3.Камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 г. Ляхавічы Андрэй Пятрушка. 4. Вадзіцель Аляксей Коктыш, начальнік каравула Юрый Таранда, пажарны Аляксей Тупік. 5. Камандзір аддзялення Дзмітрый Сасса (справа) і старшы пажарны Сяргей Нікулін. 6. Інспектары РАНС Таццяна Калгушкіна і Сяргей Рабцэвіч.

    Автор: Маргарыта КУХТАЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)